Лукаша 16 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Казаў жа Ён і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў домаўпра́ўніка, які быў абвінава́чаны перад ім, што растра́чвае маёмасць яго;
 
І далей павучаў вучняў сваіх: "Быў адзін багаты чалавек. Ён меў арандатара. Яго зьнеславілі перад гаспадаром, што ён марнаваў яго дабро.

і, паклíкаўшы яго, сказаў яму: што́ гэта я чую пра цябе? дай адказ пра тваё ўпраўле́нне домам, бо ты не можаш больш упраўля́ць.
 
Дык пазваўшы яго, сказаў яму гаспадар: "Што я чую пра цябе? Разчытайся з свайго валадарства (арэнды), бо ўжо больш ня будзеш арандаваць".

Сказаў жа домаўпра́ўнік сам сабе: што́ мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне ўпраўле́нне домам? капа́ць не зду́жаю, жабра́ваць саро́меюся;
 
Арандатар думае сабе: "Што мне рабіць? Гаспадар мой адбярэ ад мяне арэнду, арэндаваньне? Капаць магу, а жабраваць стыдаюся.

ведаю, што́ зрабіць, каб мяне, калі адста́ўлены буду ад упраўле́ння, прынялí ў свае дамы́.
 
Ведаю, што мне рабіць, каб калі ўсынуты буду ад арэндаваньня, прынялі мяне ў дамы свае.

І, паклíкаўшы асобна кожнага з даўжніко́ў гаспадара́ свайго, казаў першаму: колькі ты вíнен гаспадару́ майму?
 
Склікаўшы тады па асобку вінаватых (даўжнікоў) гаспадара свайго, сказаў перашаму: "Колькі вінаваты ты гаспадару майму?"

Той жа сказаў: сто мер але́ю. І сказаў яму: вазьмі сваю распíску і сядзь хутчэй напішы: пяцьдзесят.
 
Той адказаў: "Сто бочак алівы". Дык сказаў яму: "Вазьмі запісь сваю, сядзь і зараз напішы: "Пяцьдзесят".

Потым сказаў другому: а ты колькі вíнен? Той адказаў: сто мер пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі сваю распіску і напішы: восемдзесят.
 
Затым пытае другога: "А ты колькі вінаваты?" А ён адказаў: "Сто мер пшаніцы". Дык сказаў арандатар яму: "Вазьмі запісь сваю ды напішы восемдзесят".

І пахваліў гаспадар няпра́веднага домаўпра́ўніка, што ён разумна зрабіў; бо сыны́ веку гэтага разумне́йшыя за сыноў святла ў родзе сваім.
 
Дык пахваліў гаспадар пераваротнага (крывадушнага, хітрага) арандатара, што хітра зрабіў. Бо вось сыны гэтага сьвета растарапнейшыя між падобных сабе, чым сыны сьвятла.

І Я вам кажу: здабыва́йце сабе сябро́ў багаццем няпра́ведным, каб яны, калі збядне́еце, прынялí вас у вечныя сялíбы.
 
А Я вам кажу: здабывайце сабе прыяцеляў з мамоны несправядлівасьці, каб калі памрыцё прынялі вас у вечныя сялібы.

Верны ў найме́ншым і ў многім верны, а няпра́ведны ў найме́ншым і ў многім няпра́ведны.
 
Хто верны ў найменшых рэчэх, дый у вялікіх будзе верны. А хто ў малых ня верны, дык і ў большых бывае несправядлівы.

Таму калі ў няпра́ведным багацці вы не былí верныя, хто вам даве́рыць сапра́ўднае?
 
Дык калі вы былі нявернымі ў несправядлівай мамоне, дык хто вам паверыць сапраўднае дабро?

І калі ў чужы́м вы не былí верныя, хто вам дасць ваша?
 
А калі вы чужым не былі вернымі, дык хто вам дасьць, што вашае?

Ніякі раб не можа служы́ць двум гаспадара́м, бо ці аднаго будзе ненавíдзець, а другога любíць, ці аднаго будзе трымацца, а другíм пагарджа́ць. Не мо́жаце Богу служы́ць і мамо́не.
 
Ніводзін слуга ня можа двом панам служыць, бо або аднаго будзе ненавідзіць, а другога будзе любіць. Бо да аднаго прытуліцца, а другім пагардзіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.

Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія былí срэбралюбíвымі, і насміхаліся з Яго.
 
А гэтага ўсяго слухалі фарызэі, якія былі хцівымі (сквапнымі) і насьміхаліся з Яго.

І Ён сказаў ім: вы паказваеце сябе пра́веднымі перад людзьмí, але Бог ведае сэ́рцы вашы; бо што ў людзей высокае, тое мярзо́та перад Богам.
 
Дык Езус сказаў ім: "Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі, але Бог знае сэрцы (сумленьні) вашыя. Бо што ў людзей высокароднае — у Бога агідным.

Закон і прарокі — да Іаана; з таго часу Царства Божае дабраве́сціцца, і кожны з намага́ннямі ўваходзіць у яго.
 
Закон і Прарокі — да Яна. А ад яго весьціцца Каралеўства Божае і кожны да яго імкнецца сілаю.

Ды лягчэй небу і зямлі прайсцí, чым адной ры́сцы ў законе прапа́сці.
 
Лягчэй небу і зямлі прамінуць, нячым счэзнуць адной крэсы ў Законе.

Кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю і бярэ іншую, той пралюбадзе́йнічае, і хто бярэ разве́дзеную з мужам, той пралюбадзе́йнічае.
 
Кожны хто кідае жонку сваю, а бярэ іншую — чужаложыць, а хто б кінутую мужам узяў (ажаніўся) — чужаложыць.

Адзін чалавек быў багаты і апрана́ўся ў парфíру і вісо́н, і кожны дзень раско́шна банкетава́ў.
 
Жыў адзін багаты чалавек. Ён адзяваўся ў пурпур і бісон ды штодзённа салідна баляваў.

І быў адзін убо́гі, íмем Ла́зар, які ляжаў перад варотамі яго, пакры́ты я́звамі,
 
І жыў нейкі жабрак імем Лазар. Ён ляжаў у скулах каля яго варот — брамы.

і хацеў насы́ціцца крошкамі, што па́далі са стала багача; а яшчэ і сабакі, прыхо́дзячы, ліза́лі я́звы яго.
 
Ён прагнуў заспакоіць голад крошкамі, спадаючымі са стала багацея, але ніхто яму не даваў. Сабакі толькі прыходзілі і лізалі скулы ягоныя.

І ста́лася, што памёр убо́гі і адне́сены быў Ангеламі на ло́на Аўраа́мава; памёр і багаты, і пахава́лі яго;
 
Дайшло, што жабрак памёр і ангелы занесьлі яго на ўлоньне Абрагама. Памёр таксама багацей, і пахаваны быў у пекле.

і ў пе́кле, бу́дучы ў му́ках, узня́ў вочы свае і ўба́чыў здалёк Аўраа́ма і Ла́зара на ло́не яго;
 
Церпячы мукі падняў свае вочы і ўбачыў у аддаленьні Абрагама і на ўлоньні яго Лазара.

і, ўсклíкнуўшы, сказаў: ойча Аўраа́ме, змíлуйся нада мною і пашлí Ла́зара, каб ён абмакну́ў канец пальца свайго ў ваду́ і астудзíў язык мой, бо я паку́тую ў полымі гэтым.
 
Закрычаў: "Ойча Абрагаме, зжалься нада мной. Пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі.

Аўраа́м жа сказаў: дзіця́! успомні, што ты атрыма́ў добрае сваё ў жыццí сваім, а Ла́зар гэтак жа ліхо́е; цяпер жа ён тут суцяша́ецца, а ты паку́туеш;
 
Сказаў яму Абрагам: "Сыне, прыпомні, што ты за жыцьця свайго карыстаўся дабром, як Лазар благаццём. Ён цяпер тут цешыцца, а ты мучышся.

і звыш усяго гэтага паміж намі і вамі про́рва вялікая ўстано́ўлена, каб тыя, што хо́чуць перайсці адсюль да вас, не маглі, і каб адтуль да нас не перахо́дзілі.
 
Прытым паміж намі і вамі ззяе пропасьць, каб тыя, што хочуць ад нас да вас перайсьці не маглі ані адсюль да нас перабрацца.

Тады сказаў ён: прашу цябе, ойча, пашлí яго ў дом ба́цькі майго,
 
Дык кажа: "Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго,

бо ў мяне пяць братоў, няхай ён засве́дчыць ім, каб і яны не прыйшлí ў гэтае месца мучэ́ння.
 
бо маю пяць братоў — хай перасьцярог іх, каб і яны не папаліся ў гэтае месца мучэньняў".

Кажа яму Аўраа́м: яны маюць Маісе́я і прарокаў; няхай слу́хаюць іх.
 
Кажа яму Абрагам: "Маюць Майсея і Прарокаў — хай слухаюць іх".

А той сказаў: не, ойча Аўраа́ме, але калі хто з мёртвых пры́йдзе да іх, пака́юцца.
 
Але ён кажа: "Не, ойча Абрагаме, але каб хто з памёршых пайшоў да іх, возьмуцца за пакуту.

Ён жа сказаў яму: калі Маісе́я і прарокаў не слу́хаюць, то, калі б хто і з мёртвых уваскрэ́с, не паве́раць.
 
Але Абрагам сказаў яму: "Калі ня слухаюць Майсея і Прарокаў, дык каб хто з памёршых паўстаў — не павераць".