Лукаша 5 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І ста́лася: калі народ цíснуўся да Яго, каб пачуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэ́цкага;
 
Аднойчы, калі грамады ціснуліся да Яго слухаць слова Божага, а Ён стаяў каля возера Гэнэзарэт.

убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры; а рыбакі, выйшаўшы з іх, прамыва́лі мярэ́жы.
 
Убачыўшы дзьве лодкі, стаячыя пры беразе возера, рыбакі былі выйшаўшы і паласкалі сеткі.

Увайшоўшы ў адну з лодак, якая нале́жала Сíману, Ён прасіў яго адплыць крыху́ ад берага; і, сеўшы, з лодкі вучыў народ.
 
Дык Езус увайшоў у адну лодку, што была Пятра і прасіў каб адплылі крыху ад берага. І седзячы ў лодцы навучаў людзей.

А калі скончыў гаварыць, сказаў Сíману: адплыві на глыбіню́, і закіньце мярэ́жы вашы для лову.
 
Кончыўшы навучаць, сказаў Сымону: "Паплыві на глыб ды закіньце сеткі вашыя на лоўлю.

І сказаў Сíман у адказ Яму: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але па слову Твайму закіну мярэ́жу.
 
А Сымон адкаў Яму: "Вучыцелю, усю ноч трудзіліся і нічога не злавілі. Аднак на Тваё слова закіну сетку".

І зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, нават мярэ́жа іх прарыва́лася.
 
А калі гэта зрабілі (закінулі), захапілі так многа рыбы, што сетка рвалася.

І далí знак супо́льнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі памагчы́ ім; і тыя прыйшлі, і напоўнілі абе́дзве лодкі, так што яны пачыналі тануць.
 
Дык маханулі на сяброў, якія былі ў другой лодцы, каб пасьпяшылі і памаглі. Дык прыбылі і запоўнілі абедзьве лодкі,так, што чуць не танулі.

Убачыўшы ж гэта, Сíман Пётр прыпа́ў да каленяў Іісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзі.
 
Бачачы гэта Сымон Пётр паў да кален Езуса, кажучы: "Адыйдзіся ад Мяне, Госпадзе, бо я чалавек грэшны".

Таму што жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога ўлову рыбы, вы́цягнутай імі;
 
Бо дзеля такога налову рыб і яго ды ўсіх. Што з ім былі ахапіў жах (здзіўленьне).

а таксама Іакава і Іаана, сыноў Зевядзе́евых, што былí тава́рышамі Сíмана. І сказаў Сíману Іісус: не бойся, з гэтага часу будзеш лавіць людзей.
 
Таксама і Якуба і Яна, сыноў Забэдэявых, сяброў Сымона. Езус сказаў Сымону: "Ня бойся, адгэтуль ужо людзей будзеш лавіць".

І, вы́цягнуўшы лодкі на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім.
 
Затым выцягнуўшы лодкі на бераг і пакінуўшы ўсё — пайшлі за Ім.

І ста́лася: калі быў Іісус у адным з гарадоў, вось чалавек, увесь у прака́зе, убачыўшы Іісуса, упаў ніц, мо́лячы Яго і ка́жучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачы́сціць.
 
Здарылася, што калі Езус быў у адным горадзе, адзін чалавек быў поўнасьцю пракажоны. Ён убачыўшы Езуса паў вобліч і прасіў аздаравіць яго: "Госпадзе, калі захочаш, можаш мяне ачысьціць".

І, працягну́ўшы руку́, Іісус дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачы́сціся. І адразу прака́за сышла з яго.
 
А Езус працягнуўшы руку, дакрануўся яго і сказаў: "Хачу, будзь ачышчаны". І зараз праказа сыйшла з яго.

І Ён загадаў яму нікому не расказваць: але ідзі, пакажы́ся святару́ і прынясі ахвяру за ачышчэ́нне тваё, як загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.
 
І Езус загадаў яму, каб нікому пра гэта не гаварыў, але сказаў: "Ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне як загадаў Майсей на пасведчаньне ім".

Але ўсё болей разыхо́дзіліся чу́ткі пра Яго; і збіралася мноства народу слухаць і ацаля́цца ў Яго ад не́мачаў сваіх.
 
І разыходзілася вестка аб Ім тым больш і таму сабіраліся вялікія грамады людзей паслухаць Яго ды быць аздароўленымі ад сваіх хваробаў.

Ён жа адыходзіў у пустэ́льныя месцы і маліўся.
 
А Езус удаляўся на адзінач і маліўся.

І ста́лася аднаго дня: Ён вучыў; і сядзелі фарысеі і законавучы́целі, якія прыйшлі з усіх вёсак галіле́йскіх і іудзейскіх і з Іерусаліма; і сіла Гасподняя была́, каб ацаля́ць іх;
 
Здарылася, што аднаго дня сядзеў Езус навучаючы. Там жа сядзелі і фарызэі і законаведы, сабраўшыся з усіх пасяленьняў Галілеі і Юдэі, з Ерузаліма. А Езус меў моц Госпадаву на аздараўленьне.

вось людзі прыне́слі на пасцелі чалавека, які быў спаралізава́ны, і спрабава́лі ўне́сці яго і пакла́сці перад Іісусам;
 
Якраз мужчыны прынесьлі чалавека спараліжаванага на ложаку, ды стараліся ўнесьці яго і пакласьці перад Езусам.

і, не знайшо́ўшы як пране́сці яго з-за натоўпу, яны, падня́ўшыся на дах, праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю на сярэ́дзіну перад Іісусам.
 
І калі дзеля натоўпу не маглі ніяк унесьці дык узыйшлі на дах і праз сталяваньне спусьцілі яго на ляжаку на сярэдзіну перад Езусам.

І Ён, убачыўшы веру іх, сказаў яму: чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.
 
А Ён, бачачы іхнюю веру, сказаў: "Чалавеча, адпушчаюцца грахі табе".

І пачалí разважа́ць кніжнікі і фарысеі, гаворачы: хто гэта такі, што блюзне́рыць? Хто можа адпускаць грахі акрамя аднаго Бога:
 
А вучоныя і фарызэі пачалі марматаць і казаць: "Хто Ён, што блюзьніць? Хто можа грахі адпушчаць, калі ня сам Бог?"

Іісус жа, зразумеўшы по́мыслы іх, сказаў ім у адказ: што́ разважа́еце ў сэ́рцах вашых?
 
Але Езус пранікшы іхнія думкі, у адказ сказаў ім: "Што вы думаеце ў сэрцах вашых?

Што лягчэй — сказаць: «адпускаюцца табе грахі твае» ці сказаць: «устань і хадзі»?
 
Што лягчэй сказаць: Адпускаюцца табе грахі, або: Устань і хадзі!

Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы ма́е ўладу на зямлі адпуска́ць грахі, — Ён сказаў спаралізава́наму: табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
 
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае моц на зямлі адпушчаньня грахоў — кажа спараліжаванаму — кажу табе, падыміся, вазьмі ложак свой ды ідзі дамоў.

І адразу ўстаўшы перад імі і ўзяўшы тое, на чым ляжаў, ён пайшоў у дом свой, сла́вячы Бога.
 
І ён зараз падняўшыся на віду ўсіх, узяў ложак на каторым ляжаў і пайшоў да дому свайго, славячы Бога.

І жах ахапіў усіх, і сла́вілі Бога, і, перапоўненыя страхам, гаварылі: дзíўнае бачылі мы сёння.
 
Дык усіх ахапіла здзіўленьне, дык славілі Бога і напалоханы, казалі: "Бачылі мы сёньня дзіўныя рэчы".

І пасля гэтага Іісус выйшаў і ўбачыў мы́тніка íмем Левíй, які сядзеў на мы́тні, і сказаў яму: ідзі ўслед за Мною.
 
А затым ідучы Езус, убачыў мытніка на імя Леві, седзячага пры мытні, дык сказаў яму: "Хадзі за Мною!"

І, пакінуўшы ўсё, той устаў і пайшоў услед за Ім.
 
Ён тады пакінуўшы ўсё, падняўся і пайшоў за Ім.

І зрабіў Левíй для Яго вялікі пачастунак у доме сваім, і было́ там мноства мы́тнікаў і іншых, якія з імі ўзляжа́лі.
 
Затым справіў Яму Леві вялікі банкет у сваім доме, ды вялікае мноства мытнікаў і іншых засела з імі пры стале.

І наракалі кніжнікі іхнія і фарысеі на вучняў Яго, ка́жучы: навошта вы з мы́тнікамі і грэшнікамі ясце́ і п’яце́?
 
Дык марматалі фарызэі і вучоныя і казалі вучням Ягоным: "Чаму гэта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясьцё і п'іцё?"

І ў адказ Іісус сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў ле́кары, а хворыя;
 
У адказ сказаў ім Езус: "Здаровыя не патрабуюць лекара, але тыя, што блага чуюцца.

Я прыйшоў заклíкаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.
 
Не прыйшоў я паклікаць справядлівых, але грэшнікаў да пакаяньня (пакуты)".

Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іаанавы по́сцяць часта і малітвы дзе́юць, гэтаксама і фарысейскія, а Твае яду́ць і п’юць?
 
Але яны казалі Яму: "Чаму Янавы вучні і фарызэяў часта пасьцяць і моляцца, а Твае ядуць і п'юць?"

Ён жа сказаў ім: хіба́ можаце вы прымусіць пасцíць сыноў харо́маў вясе́льных, калі з імі жаніх?
 
А Ён сказаў ім: "Ці ж можаце змушаць пасьціць гасьцей вясельных, пакуль малады (жаніх) з імі?

Але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, тады будуць пасцíць у тыя дні.
 
Прыйдуць аднак дні, калі ім забяруць маладога, тады ў тыя дні пасьціць яны будуць".

Сказаў жа і прытчу ім: ніхто латкі з адзе́жыны новай не наклада́е на адзе́жыну стару́ю; інакш і новую разарве́, і да старо́й не пады́дзе латка ад новай.
 
Сказаў ім яшчэ прытым прыповесьць: "Ніхто з адзеньня старога не прышывае латы да старога адзеньня, бо інакш і новае разьдзірае ды лата з новага не надаецца да старога.

І ніхто не ўліва́е віно маладое ў мяхí стары́я; інакш прарве маладое віно мяхі, і само вы́цеча, і мяхí прападу́ць;
 
Ніхто таксама маладога віна не лье да старых пасудзін, бо інакш маладое віно разсадзіць пасуду і само разальецца, а пасуда прападзе.

а віно маладое ў мяхí новыя ўліва́ць трэба: і зберага́ецца тое і другое.
 
Але віно маладое трэба ўліваць у новыя пасудзіны, а тады адно і другое захаваецца.

І ніхто, піўшы старо́е, не захоча адразу маладога, бо кажа: старо́е лепшае.
 
Ды ніхто, п'ючы старое, не захоча зараз новага, бо кажа: Старое лепшае.