Лукаша 10 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Пасля гэтага абра́ў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў і паслаў іх па двое перад аблíччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,
 
Затым Госпад вызначыў іншых семдзесят двух (вучняў) і паслаў іх перад Сабой па дваіх у кожны горад і месца, дзе меўся пайсьці.

і казаў ім: жніва́ многа, а работнікаў ма́ла; таму малíце Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.
 
Ды сказаў ім: "Жніво што праўда вялікае, жнівяроў (работнікаў) мала. Дык прасіце Госпада жніва, каб выслаў працаўнікоў на сваё жніво".

Ідзíце! вось Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.
 
Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнёнкаў у ваўкі.

Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе не віта́йце.
 
Не насіце капшука, ані торбы, ані трапакоў ды нікога ў дарозе не вітайце.

Калі ж у які дом уво́йдзеце, перш кажыце: мір дому гэтаму;
 
У які дом увойдзіце перш скажыце: "Супакой, (мір) гэтаму дому".

і калі там будзе сын міру, то спачне́ на ім мір ваш; а калі не, то да вас ве́рнецца;
 
А калі б прабываў там сын супакою, супачыне на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас.

і ў тым доме застава́йцеся, е́жце і пíце, што ў іх ёсць; бо працаўнíк ва́рты ўзнагароды сваёй. Не перахо́дзьце з дому ў дом.
 
У тым жа доме заставайцеся: ешце і піце, што ёсьць у ім, бо працаўнік варт сваёй зарплаты. Не пераходзьце з дому ў дом.

І калі ў які горад пры́йдзеце і пры́муць вас, ежце, што вам пададу́ць;
 
А ў які горад увойдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць.

і ацаля́йце хворых, якія ёсць там, і кажыце ім: наблíзілася да вас Царства Божае.
 
Аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: "Зблізілася да вас Каралеўства Божае".

А калі ў які горад пры́йдзеце і не пры́муць вас, то, вы́йшаўшы на вуліцы яго, скажы́це:
 
А калі ў які горад увойдзіце і ня прымуць вас выходзячы на вуліцы іх — кажыце:

і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтраса́ем вам; аднак тое ведайце, што наблíзілася да вас Царства Божае;
 
"Хай і пыл, што прыліп да нас з вашага горада, абтрасаем на вас. А ўсё ж такі ведайце, што зблізілася Каралеўства Божае".

кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэ́й будзе, чым гораду таму.
 
Кажу вам, што лягчэй будзе Садоме ў той дзень чым тому гораду.

Го́ра табе, Харазíне! го́ра табе, Віфсаíда! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не явíліся сілы, я́ўленыя ў вас, яны б даўно ўжо, се́дзячы ў валасянíцы і по́пеле, пака́яліся;
 
Гора табе, Корозайн! Гора табе, Бэтсайда! Бо калі б у Тыры і Сыдоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны ўжо даўно ў зрэбніцах і попеле седзячы — пакутавалі бы.

але Ты́ру і Сідо́ну лягчэ́й будзе на судзе́, чым вам.
 
Аднак лягчэй будзе Тыру і Сыдону на судзе чым, вам.

І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пекла будзеш нізры́нуты.
 
І ты, Кафарнаўме, аж пад неба вынесены аж у пекла будеш укінуты.

Хто слу́хае вас, той Мяне слу́хае; і хто адвярга́е вас, той Мяне адвярга́е; а хто адвярга́е Мяне, адвярга́е Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Хто вас слухае, Мяне слухае, а хто вамі пагарджае, Мною пагарджае (брыдзіцца). А хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, Хто Мяне паслаў.

Вярнуліся ж семдзесят з радасцю, гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакара́юцца нам у імя́ Тваё.
 
Затым з радасьцю вярнулася семдзесят двух, кажучы: "Госпадзе, нават дэманы падчыняюцца нам у імя Тваё".

Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану, што як маланка з неба ўпаў;
 
Сказаў ім: "Бачыў Я шатана як маланку падаючага з неба.

вось Я даю вам ула́ду наступа́ць на зме́яў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашко́дзіць вам;
 
Вось жа Я даў вам уладу таптацца па зьмеях і скарпіёнах, ды па ўсёй непрыяцельскай сіле, і нішто вам ня будзе шкодзіць.

аднак таму не радуйцеся, што ду́хі вам пакара́юцца, а радуйцеся, што імёны вашы запíсаны на нябёсах.
 
Аднак не весяліцеся з таго. што духі вам падчыняюцца, але з таго, што імёна вашыя запісаны ў небе.

У той час узра́даваўся духам Іісус і сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаíў гэта ад му́дрых і разумных і адкрыў гэта малы́м дзе́цям. Так, Ойча! бо гэта было добраўго́дна перад Табою.
 
У той час узрадаваўся ў Духу Сьвятым і сказаў: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што гэтыя рэчы скрыў перад мудрымі і прадбачваючымі, а аб'явіў маленькім. Так, Ойча, бо так спадабалася Табе.

І, павярну́ўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і хто ёсць Сын, не знае ніхто, акрамя́ Айца, і хто ёсць Айцец, не знае ніхто, акрамя́ Сына, і каму Сын хоча адкры́ць.
 
Усё дадзена Мне Айцом Маім. І ніхто ня ведае, кім Сын, толькі Айцец, а кім Ацец, толькі Сын ды каму Сын хацеў бы аб'явіць.

І, павярну́ўшыся да вучняў, асобна сказаў: блажэ́нныя вочы, якія ба́чаць тое, што вы ба́чыце;
 
А затым зьвярнуўшыся да сваіх вучняў, сказаў: "Багаслаўлены (шчасьлівыя) вочы, каторыя відзяць, што вы відзіце.

бо кажу вам, што многія прарокі і цары́ хацелі ба́чыць тое, што вы ба́чыце, і не ба́чылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.
 
Кажу бо вам, што многа прарокаў і каралёў хацела бачыць, што вы бачыце — а ня бачылі, і чуць, што вы чулі, і ня чулі".

І вось, устаў нейкі законнік і, спакуша́ючы Яго, сказаў: Настаўнік! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
 
Аднойчы адзін умелы ў Законе ўзяўся праверыць Езуса і сказаў: "Вучыцелю, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

Ён жа сказаў яму: у законе што́ напíсана? я́к чытаеш?
 
А Езус сказаў яму: "Што напісана ў Законе? Як чытаеш?"

Той жа сказаў у адказ: «узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім», і «бліжняга твайго, як само́га сябе».
 
"Мілуй Госпада Бога твайго ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой тваёй і ўсім розумам тваім, а бліжняга твайго, як сябе самога". (Паўт. 6:5).

Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў; рабí гэта, і будзеш жыць.
 
Езус сказаў яму: "Добра адказаў. Рабі гэтак, а будзеш жыць".

Але той, хочучы апраўда́ць сябе, сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?
 
Ён хочучы апраўдацца сказаў Езусу: "А хто маім бліжнім?"

На гэта Іісус сказаў: чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхо́н і тра́піў да разбойнікаў, якія раздзе́лі яго і пара́нілі, і пайшлі, пакíнуўшы ледзь жывога.
 
Навязваючы да пытаньня Езус сказаў: "Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і папаўся ў шайку разбойнікаў. Яны абрабавалі яго, паранілі ды пакінулі чуць жывога.

Выпадкова адзін свята́р ішоў тою дарогаю і, уба́чыўшы яго, прайшоў міма.
 
Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі сьвятар і паглядзеўшы на яго, прайшоў міма.

Таксама і левíт, бы́ўшы на тым месцы, падышоў і, уба́чыўшы, прайшоў міма.
 
Таксама і левіта праходзячы каля гэтага месца і відзечы яго прамінуў яго.

А нейкі Самаранíн, што быў ў дарозе, натра́піў на яго і, ўбачыўшы яго, зжа́ліўся,
 
А Самаранін нейкі праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, пашкадаваў яго.

і, падышо́ўшы, перавяза́ў раны яго, узліва́ючы але́й і віно; і, пасадзíўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго;
 
Ды падыйшоўшы абвязаў раны яму, абліўшы алівай і віном, пасадзіў затым на сваю жывёліну і завёз у заездную і даглядаў яго.

а на другі дзень, ад’язджа́ючы, дастаў два дына́рыі і даў гаспадару́ гасцíніцы, і сказаў яму: паклапацíся пра яго, а калі болей што патра́ціш, я, як вярнуся, адда́м табе.
 
А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезднай, кажучы: "Апякуйся ім, а калі больш выдасі, я вярнуўшыся, вярну табе.

Каторы з гэтых трох, здае́цца табе, быў блíжнім таму, хто тра́піў да разбойнікаў?
 
Хто з гэтых трох кажацца табе быць бліжнім таму, хто папаўся між разбойнікаў?"

Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму. Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэ́так.
 
Ён сказаў: "Той, хто аказаў яму міласэрдзе". Езус сказаў яму: "Ідзі і ты рабі падобна!"

І ста́лася: калі яны былí ў дарозе, зайшоў Ён у адно пасе́лішча; і жанчына нейкая, íмем Марфа, прыняла́ Яго ў дом свой;
 
Аднойчы па дарозе Езус зайшоў у адну вёску і адна жанчына на імя Марта запрасіла ў свой дом.

і была́ ў яе сястра, што зва́лася Марыя, якая, се́ўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.
 
А яна мела сястру, імем Мар'я яна села ля ног Госпада і слухала Яго навукі (слова).

Марфа ж клапацíлася, каб як найле́пш услужы́ць, і, падышоўшы, сказала: Го́спадзі! ці ж не абыя́кава Табе, што сястра мая́ адну мяне пакíнула ўслу́жваць? скажы ёй, каб дапамагла́ мне.
 
Марта ж завіхалася ва ўсякай паслузе, затым станула і сказала; пажалілася: "Госпадзе, ці ня відзіш, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы, каб яна мне памагла".

Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! ты клапо́цішся і турбу́ешся пра многае,
 
У адказ сказаў ёй Госпад: "Марта, Марта, пра многа што рупішся і хлапочаш,

а толькі адно патрэ́бна; Марыя ж вы́брала добрую долю, якая не ады́мецца ў яе.
 
а аднаго аднак трэба. Мар'я найлепшую долю выбрала, якая ня будзе аднята ў яе".