Якава 2 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2012
Браты мае́! ма́йце веру ў Іісуса Хрыста́, нашага Госпада сла́вы, не зважа́ючы на асо́бы.
Браты мае! Майце веру ў славу Госпада нашага Ісуса Хрыста, без аглядкі на асобы.
Бо калі на сход ваш пры́йдзе чалавек з залатым пе́рсценем, у бліску́чым адзе́нні, і пры́йдзе бедны ў бру́дным адзе́нні,
Бо калі б у ваша сабранне прыйшоў чалавек з залатым пярсцёнкам, багата апрануты, ды прыйшоў таксама і бедны ў мізэрным адзенні,
і вы, пагледзіце́ на таго, што ў бліску́чым адзе́нні, і ска́жаце яму: «ты сядай сюды, на добрае месца», а беднаму ска́жаце: «ты стань там» альбо: «сядай тут, каля ног маіх»,
дык ці вы не звярнулі б увагі на таго, пышна апранутага, і ці не сказалі б: «Сядзь тут на выгодным месцы», а беднаму, пэўна, сказалі б: «Ты пастой там або сядзь каля маіх ног».
то хіба́ вы не правялí падзе́лу паміж сабою і не сталі су́ддзямі з ліхíмі думкамí
Дык ці вы не судзіце ў сабе і ці не робіцеся суддзямі з нягоднымі думкамі?
Паслу́хайце, браты мае́ ўзлю́бленыя, хіба́ не бедных свету гэтага вы́браў Бог, каб былí яны бага́тымі вераю і насле́днікамі Царства, якое Ён паабяца́ў тым, хто лю́біць Яго́
Паслухайце, браты мае найдаражэйшыя! Ці не выбраў Бог бедных гэтага свету як багатых вераю і як спадкаемцаў Валадарства, якое абяцаў тым, што любяць Яго?
а вы знява́жылі беднага. Хіба́ не бага́тыя чы́няць вам уцíск, і ці не яны ця́гнуць вас у суды́?
Вы ж зняважылі беднага. Ці не багатыя прыгнятаюць вас, і ці не яны цягаюць вас па судах?
хіба́ не яны знеслаўля́юць добрае імя́, якім вы называ́ецеся?
Ці ж не яны блюзняць на добрае імя, якое прызвана над вамі?
Дык вось, калі выко́нваеце вы закон царскі паводле Пісання: «узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе», то добра ро́біце;
Дык калі выконваеце царскі закон паводле Пісання: «Любі бліжняга свайго як самога сябе», — добра робіце.
а калі зважа́еце на асобы, то грэх чы́ніце і перад законам ака́зваецеся злачы́нцамі.
Калі ж аглядаецеся на асобы, то ўчыняеце грэх і будзеце асуджаны законам як злачынцы.
Хто вы́канае ўвесь закон, ды асту́піцца ў не́чым адным, той ста́не вінава́тым ва ўсім.
Хоць бы хто выканаў увесь закон, а правініўся толькі ў адным, становіцца ва ўсім вінаватым.
Бо Той, Хто сказаў: «не пралюбадзе́йнічай», сказаў таксама: «не забіва́й»; таму, калі ты не пралюбадзе́йнічаеш, але заб’еш, то станеш паруша́льнікам закону.
Бо Той, Хто сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забівай». Дык калі не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам закону.
Так гавары́це і так рабіце, як тыя, каго будуць судзíць па закону свабоды.
Гаварыце і рабіце так, як тыя, якія павінны быць суджаны паводле закону свабоды.
Бо суд без мíласці над тым, хто не аказа́ў мíласці; мíласць вышэ́йшая за суд.
Таму, хто не аказаў міласэрнасці, будзе суд без міласэрнасці, бо міласэрнасць вышэй за суд.
Якая кары́сць, браты мае́, калі хтосьці будзе каза́ць, што ма́е веру, а спраў не будзе мець? хіба́ можа гэтая вера спасцí яго́
Што за карысць, браты мае, каб хто казаў, што мае веру, але ўчынкаў не меў бы? Ці ж здолее вера збавіць яго?
Калі брат ці сястра будуць без адзе́жы і не будуць мець е́жы на штодзе́нь,
Калі брат або сястра не маюць у што апрануцца ды не маюць на штодзень ежы,
а хто-небудзь з вас скажа: «ідзíце з мíрам, грэ́йцеся і наяда́йцеся», але не дасць ім неабхо́днага для це́ла, то якая кары́сць?
а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў супакоі, грэйцеся і ежце», ды не дасць ім таго, што неабходна целу, што за карысць?
Так і вера, калі не будзе мець спраў, то яна мёртвая сама па сабе.
Так і вера, калі не мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
Але нехта скажа: ты веру маеш, а я справы ма́ю, пакажы́ мне веру тваю без спраў тваіх, а я пакажу́ табе веру маю́ ў справах маіх.
Можа скажа хто: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі. Пакажы ты мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру са сваіх учынкаў».
Ты веруеш, што Бог адзіны, — добра робіш; і дэ́маны веруюць і трымця́ць.
Ты верыш, што Бог адзін? Добра робіш, але і дэманы вераць і дрыжаць!
Дык хочаш ве́даць ты, чалавек бязду́мны, што вера без спраў мёртвая?
Хочаш ведаць, нікчэмны чалавеча, што вера без учынкаў [мертвая]?
Хіба́ Аўраам, айцец наш, не спра́вамі апраўда́ны быў, калі паклаў сына свайго Ісаака на ахвя́рнік?
Ці ж не ўчынкамі апраўдаўся бацька наш Абрагам, калі прыносіў у ахвяру на ахвярніку сына свайго Ізаака?
Ба́чыш, што вера садзе́йнічала спра́вам яго, і праз спра́вы вера стала даскана́лаю?
Бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, ды вера праз учынкі сфармавалася.
І здзе́йснілася Пісанне, у якім ска́зана: «вераваў Аўраам Богу, і гэта было́ залíчана яму як пра́веднасць, і ён быў назва́ны дру́гам Божым».
І споўнілася Пісанне, дзе сказана: «Паверыў Абрагам Богу, і залічана гэта яму за заслугу», і названы ён сябрам Божым.
Бачыце, што справамі апра́ўдваецца чалавек, а не толькі вераю?
Бачыце, што ўчынкі апраўдваюць чалавека, а не толькі вера?
Так і Раа́ў блудніца хіба́ не справамі апраўда́лася, прыня́ўшы вестуно́ў і адпра́віўшы іх іншым шля́хам?
Падобна і распусніца Рахаб ці не ўчынкамі была апраўдана, прымаючы выведнікаў ды іншай дарогай іх адпраўляючы?
Бо як це́ла без ду́ха мёртвае, так і вера без спраў мёртвая.
Бо як цела без духа памерлае, так і вера без учынкаў мёртвая.