1 да Карынфянаў 11 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Будзьце пераймальнікамі маімі, як я — Хрыста.
 
Будзьце маімі пераймальнікамі, як і я — Хрыста.

Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё па́мятаеце і трымаеце пада́нні так, як я перадаў вам.
 
Але хвалю вас, [браты], за тое, што ўсё маё памятаеце і захоўваеце так паданні, як я вам перадаў.

Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужчыну галава Хрыстос, а жанчыне галава — муж, а Хрысту галава — Бог.
 
Але хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужу — Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог.

Кожны мужчына, які моліцца альбо прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сваю галаву;
 
Кожны мужчына, які моліцца ці прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.

і кожная жанчына, якая моліцца альбо прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, як бы яна была паголена;
 
А кожная жанчына, якая моліцца ці прарочыць з ненакрытай галавой, сароміць сваю галаву; бо гэта тое самае, як калі б яна была паголеная.

бо калі жанчына не пакрываецца, то няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна быць астрыжанай альбо паголенай, то няхай пакрываецца.
 
Бо калі жанчына не накрываецца, то няхай і стрыжэцца; калі ж жанчыне сорамна быць стрыжанай ці паголенай, няхай накрываецца.

Дык вось, мужчына не павінен пакрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Божая; а жанчына — слава мужа.
 
Бо мужчына не павінен накрываць сабе галаву, таму што ён вобраз і слава Бога, а жанчына — слава мужава.

Бо не мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны;
 
Бо не мужчына з жанчыны, а жанчына з мужчыны;

і не мужчына створаны для жанчыны, а жанчына для мужчыны.
 
бо і не мужчына быў створаны дзеля жанчыны, а жанчына дзеля мужчыны.

Таму жанчына і павінна мець на галаве знак улады над ёю, для Ангелаў.
 
Таму жанчына павінна мець на галаве знак улады дзеля Анёлаў.

Зрэшты, ні мужчына без жанчыны, ні жанчына без мужчыны, у Госпадзе.
 
Аднак і жанчына не без мужчыны і мужчына не без жанчыны ў Госпадзе;

Бо як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога.
 
бо як жанчына з мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога.

Судзíце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу з непакрытаю галавою?
 
Разважце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу з ненакрытаю галавою?

І хіба́ не сама прырода ву́чыць вас, што калі мужчына адпускае доўгія валасы, то гэта га́ньба для яго,
 
І ці сама прырода не вучыць вас, што калі мужчына мае доўгія валасы, то для яго гэта — ганьба,

а калі жанчына адпускае доўгія валасы, то гэта слава для яе, бо валасы да́дзены ёй замест пакрывала?
 
а калі жанчына мае доўгія валасы, то для яе гэта слава, таму што доўгія валасы дадзены ёй замест пакрывала?

А калі б хто захацеў спрачацца, то ні мы такога звычаю не маем, ні Цэрквы Божыя.
 
А калі хто думае паспрачацца, то такога звычаю не маем ні мы, ні цэрквы Божыя.

Але, даючы́ гэтыя настаўле́нні, я не хвалю вас за тое, што вы збіраецеся не на лепшае, а на горшае.
 
Але вось які наказ я даю вам і не хвалю вас, што вы збіраецеся не на лепшае, а на горшае.

Бо, па-першае, чую, што, калі вы збіраецеся разам як Царква, то паміж вамі бываюць падзелы, і гэтаму часткова я веру.
 
Бо, па-першае, калі вы збіраецеся ў царкве, чую, што між вас ёсць расколы, я часткова гэтаму веру.

Бо павінна быць і разнамы́снасць паміж вамі, каб вы́явіліся сярод вас дасве́дчаныя.
 
Бо павінны быць між вас і розныя погляды, каб выявіліся праўдзівыя між вас.

Дык вось, калі вы і збіраецеся разам, то гэта не значыць, што вы спажыва́еце вячэру Гасподнюю;
 
Дык калі вы збіраецеся разам, то гэта не значыць прымаць вячэру Гасподнюю;

бо кожны хутчэй бярэ і есць сваю ўласную вячэру, і тады адзін застае́цца галодным, а другі ўпіваецца.
 
бо кожны пры ядзе раней бярэ ўласную вячэру, і адзін бывае галодны, а другі п’яны.

Хіба́ ў вас няма дамоў, каб есці і піць? Альбо хочаце знява́жыць Царкву Божую і прынíзіць тых, хто нічога не ма́е? Што сказаць вам? пахвалíць вас за гэта? Не пахвалю́.
 
Ці ж няма ў вас дамоў, каб есці і піць? Ці пагарджаеце царквою Божай і сароміце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Пахваліць вас? За гэта не хвалю.

Бо я ад Госпада прыня́ў тое, што і вам перадаў: што Гасподзь Іісус у тую ноч, калі Ён вы́дадзены быў, узяў хлеб
 
Бо я атрымаў ад Госпада тое, што і перадаў вам, што Госпад Ісус у тую ноч, у якую выдавалі Яго, узяў хлеб

і, узнёсшы падзяку, пераламіў і сказаў: прымíце, ежце, гэта Цела Маё, Якое за вас пераламля́ецца; рабіце гэта на ўспамін пра Мяне.
 
і, падзякаваўшы, разламаў яго і сказаў: «Гэта ёсць Маё Цела, якое за вас [помніцца]; рабіце гэта ва ўспамін пра Мяне».

Таксама і чашу пасля вячэры, і сказаў: гэтая чаша — новы запавет у Маёй Крыві; рабіце гэта кожны раз, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне.
 
Гэтак жа і чашу пасля вячэры Ён узяў, кажучы: «Гэтая чаша ёсць новы запавет у Маёй Крыві; рабіце гэта кожны раз, калі п’яце яе, — ва ўспамін пра Мяне».

Бо кожны раз, калі вы ясце́ хлеб гэты і п’яце́ чашу гэтую, вы смерць Госпада абвяшчаеце — да таго часу, як Ён прыйдзе.
 
Бо кожны раз, як вы ясце гэты хлеб і п’яце чашу, — вы абвяшчаеце смерць Госпада, пакуль Ён не прыйдзе.

Дык вось, хто будзе есці хлеб гэты і піць чашу Гасподнюю недастойна, вінаваты будзе перад Целам і Крывёю Гасподнімі.
 
Так што хто будзе есці хлеб і піць чашу Госпада нягодна, той будзе вінаваты перад Целам і Крывёю Госпада.

Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і тады няхай есць ад хлеба гэтага і п’е з чашы гэтай.
 
Але няхай чалавек выпрабоўвае сябе і так няхай есць ад хлеба і п’е ад чашы.

Бо хто есць і п’е недастойна, той есць і п’е асуджэ́нне сабе, не разважа́ючы пра Цела Гасподняе.
 
Бо хто есць і п’е [нягодна], не распазнаючы, што гэта Цела [Госпада], той есць і п’е прысуд сабе.

З-за гэтага многа сярод вас нядужых і хворых, і памірае нямала.
 
З-за гэтага між вас шмат слабых і хворых, і нямала памірае.

Бо калі б мы судзілі самі сябе, дык не падвярга́ліся б суду.
 
Але калі б мы самі сябе судзілі, то нас бы не судзілі;

Але калі падвярга́емся суду, то атрымліваем пакара́нне ад Госпада, каб не быць асу́джанымі са светам.
 
а так нас Госпад судзіць і выхоўвае, каб мы не былі асуджаны з гэтым светам.

Таму, браты мае́, збіраючыся разам, каб есці, адзін аднаго чакайце.
 
Так што, мае браты, збіраючыся, каб есці, чакайце адзін аднаго.

Калі ж хто галодны, няхай есць дома, каб збірацца вам разам не на асуджэнне. Астатняе ж уладку́ю, калі прыйду.
 
Калі хто галодны, няхай есць дома, каб не збірацца вам на асуджэнне. Астатняе ж уладжу, як прыйду.