2 да Карынфянаў 11 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
О, калі б вы (хоць) крыху былі цярплівымі да маёй няразумнасьці! Але вы і церпіце мяне.
О, каб вы маглі сьцярпець крыху маю неразумнасьць! Але ж вы мяне і цярпіцё!
Бо я руплюся аб вас рупнасьцю Божай; бо я заручыў вас аднаму Мужу, каб прадставіць Хрысту чыстую дзеву.
Зайздрошчу я дзеля вас Божаю зайздрасьцю. Бо заручыў я вас з адною людзінай, з Хрыстом, ды маю завесьці вас да Яго як чыстую дзявіцу (дзявою).
Але баюся, каб розумы вашыя ня былі пашкоджаны, як (некалі) зьмей хітрасьцю сваёй зьвёў Еву, так, каб і вы ня (ухіліліся) ад прастаты, якая ў Хрысьце.
Але баюся, каб як зьмей зьвёў Эву сваёю хітрасьцю, каб гэтак і вашыя думкі (розумы) не спаганіліся і не адвярнуліся ад прастадушнасьці і чыстасьці, якая ў Хрысьце.
Бо (бачу ў вас), што калі б нехта прыходзячы пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы вам ня абвяшчалі, альбо калі б вы атрымалі духа іншага, якога ня атрымалі, альбо Эвангельле іншае, якое вы ня прынялі, то вы (такога) гатовы б цярпець.
Калі б хто прыйшоў і стаў вясьціць другога Езуса, Каторага мы вам не вясьцілі, або калі б вы атрымалі іншага духа, каторага мы не атрымалі, або іншую Эвангелію, каторая не атрымалі, — і гэта вы цярпліва зносіце (раўнадушныя).
Бо думаю, што я ні ў чым ня маю нястачы перад вышэйшымі Апосталамі.
І я думаю, што і я менш зрабіў, чым "вялікія апосталы".
Хаця я (для вас) і просты ў слове, але ня ў пазнаньні. І мы ва ўсім добра вядомыя вам.
І калі мне не хапае красамоўства, але ня веды. І гэта мы вам даказалі многімі спосабамі.
Ці саграшыў я, сябе ўніжаючы, каб вас узвысіць, калі я Божае Эвангельле апавясьціў вам зада́рма?
Ці ж я саграшыў паніжаючы сябе і павышаючы вас, вешчучы дарма вам Эвангелію Божую?
Дзеля вашага служэньня я браў на пражытак з другіх цэркваў,
Абіраў я іншыя Касьцёлы, бяручы на пражытак на абслугаваньне вас (вашае).
і будучы (працуючы) у вас і перанёсшы нястачу я нікога ня абцяжарыў; таму што нястачу маю папоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім стараўся і буду старацца быць для вас ня цяжарам.
А калі прабываў у вас і апынуўся ў недастатку, нікому ня быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты прыбыўшыя з Македоніі. У нічым не затрудняў вас і далей ня буду вас затрудняць.
Ёсьць праўда Хрыста ўва мне, таму пахвала гэта (за дабравешчаньне) у краях Ахаі ня будзе ад мяне адабрана.
Кажу вам у імя Хрыстовай праўды, прабываючай ува мне, што гэтае самапахвалы ніхто ад мяне не адыме ў граніцах Ахаі.
Чаму (так кажу)? Ці таму, што ня люблю вас? Бог ведае!
Чаму? Ці можа таму, што вас не люблю? Бог гэта ведае!
Але што раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, што шукаюць поваду, каб, у чым яны хваляцца, аказаліся (такімі ж), як і мы.
Што вось раблю, тое і далей буду рабіць, каб ня мелі магчымасьці да спахвалы тыя, што яе шукаюць; каб былі і мы ў тым, з чаго яны хваляцца.
Таму што яны ілжэапосталы, ілжывыя працаўнікі, якія прыймаюць выгляд Апосталаў Хрыста.
Тыя фальшывыя апосталы — гэта абманныя дзеячы, прыкідваючыся Хрыстовымі апосталамі.
І ня дзіва: бо сам шатан прыкідваецца ангелам сьвятла.
Ды ня дзіва. Сам нават шатан перамяніўся ў анёла сьвятла.
Таму нічога вялікага няма (у тым), калі і ягоныя служкі прыкідваюцца служкамі праведнасьці, канец якіх будзе паводля іхных учынкаў.
Таму нічога лішняга, што і ягоныя слугі прыкідваюцца слугамі справядлівасьці. Але канец іхні, як іх учынкі.
Ізноў кажу: хай ніхто ня палічыць мяне няразумным; а калі ня так, дык прыміце мяне, хаця б як няразумнага, каб і мне хоць чым-небудзь пахваліцца.
Зноў паўтараю: не лічыце мяне за неразумнага! А калі ўжо лічыце, дык паслухайце мяне, як неразумнага, каб мог я хоць крыху пахваліцца.
(А) што кажу, дык кажу ня паводля Госпада, але як бы па няразумнасьці пры гэткай адвазе на пахвалу.
Што скажу, то скажу не па волі Госпада, але як бы ў неразумнасьці ў гэтай форме самахвалы.
Так як многія хваляцца паводля цела, то і я буду хваліцца.
Калі вось многія хваляцца целам (па волі цела), дык і я буду хваліцца.
Бо вы людзі мудрыя ахвотна церпіце няразумных.
Ахвотна, бач, цярпіцё неразумных — самі будучы разумнымі.
Бо вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто (вас) аб’ядае, калі хто (вас) абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто вас б’е ў твар.
Цярпіцё, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб'ядае, калі хто абірае, калі хто над вас выносіцца, калі хто б'е вас па твары.
На сорам вам кажу, што мы (на такія ўчынкі) аказаліся слабымі. Але калі нехта ў нечым асьмельваецца, то ў няразумнасьці гавару, асьмельваюся і я.
Кажу гэта, не каб засароміць, як быццам мы бязельныя былі, калі нехта мае ў гэтым адвагу — кажу як неразумным, дык і я маю сьмеласьць.
Яны жыды? І я. Яны ізраэляны? І я. Яны насеньне Абрагама? І я.
Калі хто Гэбрэі? Дык і я! Калі Ізраельцы? Дык і я! Насеньнем — патомствам Абрагама? Дык і я!
Яны служкі Хрыста? Кажу як няразумны: я балей (таго)! многа балей у працах, звыш меры ў плягах, намнога больш у вязьніцах, часта пры сьмерці.
Слугамі Хрыста? Збяруся на сьмеласьць — дык і я куды больш! Болей праз вялікія труды, праз вязьніцы, праз пабоі над меру, часта ў небясьпеках сьмерці.
Ад юдэяў я атрымаў пяць разоў па сорак (удараў) бяз аднаго.
Праз юдэяў пяць раз быў біты па сорак удараў без аднаго.
Тройчы я быў пабіты палкамі, аднойчы быў пабіты камянямі, тройчы пацярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у (марской) глыбінí;
Тры разы білі палкамі, раз каменавалі, тры разы быў разьбіты на моры, днём і ноччу на глыбінях мора.
часта у падарожжах, падпадаў пад нябясьпекі на рэках, у нябясьпеках ад разбойнікаў, у нябясьпеках ад суайчыньнікаў, у нябясьпеках ад паганаў, у нябясьпеках у ме́сту, у нябясьпеках у пустэльні, у нябясьпеках на моры, у нябясьпеках паміж ілжэбратамі,
Часта ў падарожжах, у небясьпеках па рэках, у небясьпецы ад разбойнікаў, у небясьпеках ад свайго народу, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках на пустэчы, у небясьпеках на моры, у небясьпеках ад благіх братоў.
у працы і ў зьнемажэньні, часта ў нядасыпаньні, у голадзе і пра́зе, часта ў пастах, у холадзе і ў галізьне.
У працы і зьнямозе, у частым бязсонніцы, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і нагасьці,
Апрача звычайных (клопатаў) кожны дзень вакол мяне людзкая зборка, клопат аб усіх цэрквах.
не гаворачы ўжо аб сваім штодзённым перажываньні дзеля ўсіх касьцёлаў.
Хто зьнямагае, (з кім бы) і я ня зьнямагаў? Хто спатыкаецца, (за каго) і я ня ўзгараўся?
Хто знемагаецца, а чаму я ня чуўся б змучаным? Калі хто горшыцца, а чаму я не адчуваў бы?
Калі належыць хваліцца, то я буду хваліцца маёю нямогласьцю.
Калі належыцца хваліцца, буду і я хваліцца з сваіх немашчаў.
Бог і Бацька Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які багаславёны навекі, ведае, што я ня ілгу.
Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, Той, хто багаслаўлены (праслаўлены) вечна, ведае што я не лгу.
У Дамаску намесьнік валадара Арэты пільнаваў места дамаскае жадаючы схапіць мяне;
У Дамашку намесьнік (замясьціцель) караля Арэтаса загадаў пільнаваць горад Дамасцэнаў, хочучы мяне схапіць (паймаць).
але я ў карзіне быў спушчаны праз вакно па (мястовай) сьцяне і пазьбег ягоных рук.
Але ў кошыку спусьцілі мяне праз мур і так я уцёк (выкруціўся) з рук ягоных.