Мацьвея 23 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Тады Ісус сказаў людзям і вучням Сваім,
 
Тады Ісус прамовіў да народу і Сваіх вучняў,

кажучы: на Масеявым пасадзе селі кніжнікі і хварысэі.
 
Кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;

Пагэтаму ўсё, што ні загадаюць вам захоўваць, захоўвайце і спаўняйце, а паводля ўчынкаў іхных ня рабіце, бо (яны) гавораць і ня робяць.
 
Дык усё, што яны скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны гавораць, ды не робяць.

Бо складаюць цяжары важкія і няпасільныя і ўскладаюць на плечы людзям; а самі ня хочуць і пальцам сваім зрушыць іх.
 
Звязваюць жа яны цяжары важкія і непасільныя і кладуць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім не хочуць да іх дакрануцца.

А ўсе ўчынкі свае яны робяць, каб бачылі іх людзі. Пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць кутасы на адзеньні сваім.
 
Усе ж свае ўчынкі робяць дзеля таго, каб іх бачылі людзі. Свае багамоллі 1 пашыраюць і падоўжваюць кутасы ў сваіх накідках;

А таксама любяць узьлягаць наперадзе на гасьцінах і наперадзе сядзець у сынагогах,
 
I любяць першыя месцы на банкетах і пярэднія лаўкі ў сінагогах,

і вітаньні на плошчах, і каб людзі называлі іх: вучыцель мой! вучыцель мой!
 
I вітанні на плошчах, і каб людзі называлі іх «равві, равві» .

А вы ня называйце сябе «раўві», бо адзін у вас ёсьць Настаўнік — Хрыстос, а вы ўсе — браты.
 
А вы іх не называйце «равві», бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос; усе ж вы — браты.

І ба́цькам вашым ня называйце (нікога) на зямлі, бо адзін ёсьць Ба́цька ваш, Каторы на Нябёсах.
 
I вашым Бацькам не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Бацька, Які ў нябёсах.

І ня называйцеся настаўнікамі, бо адзін ёсьць ваш Настаўнік — Хрыстос.
 
I няхай не называюць вас настаўнікамі; бо Настаўнік у вас адзін — Хрыстос.

І большы сярод вас няхай будзе вашым слугою.
 
А большы з вас няхай вам будзе слугою.

Бо ўсякі, (хто) узвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе.
 
Хто ж узвышае сябе, той будзе паніжаны; а хто паніжае сябе, той будзе ўзвышаны.

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, бо зачыняеце Гаспадарства Нябёсаў перад людзьмі; бо самі ня ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, ня дапускаеце ўвайсьці.
 
Бяда ж вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Нябеснае Царства перад людзьмі: бо вы і самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, увайсці не пускаеце.

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што зьядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся; за гэта дастанеце больш цяжэйшы прысуд.
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце ўдовіны дамы і напаказ доўга моліцеся, за гэта і прымеце болыпую кару.

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што абходзіце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго нованаверненым; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геенны, удвая горшым за вас.
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што абходзіце мора і сушу, абы прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвойчы горшым за вас.

Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: калі хто прысягнуў бы Сьвятыняю, гэта нічога, а хто прысягнуў бы золатам Сьвятыні, (то ён) вінаваты.
 
Бяда вам, павадыры сляпыя, што кажаце: «калі хто паклянецца храмам, то нічога; хто ж паклянецца золатам храма, то вінаваты».

Няразумныя і сьляпыя! бо што большае: золата ці Сьвятыня, якая асьвячае золата?
 
Неразумныя і сляпыя! бо што большае: ці золата, ці храм, які асвячае золата?

І калі хто прысягнуўся бы ахвярнікам, дык нічога, а хто прысягнуўся бы ахвярай, якая на ім, (то ён) вінаваты.
 
I: «калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога: калі ж паклянецца ахвяраю, што на ім, то вінаваты».

Няразумныя і сьляпыя! а што большае: ахвяра ці ахвярнік, які асьвячае гэтую ахвяру?
 
Неразумныя і сляпыя, бо што большае: ахвяра ці ахвярнік, які асвячае ахвяру?

Дык вось, хто прысягнуўся ахвярнікам, той прысягаецца ім і ўсім, што на ім;
 
Дык хто клянецца ахвярнікам, клянецца ім і ўсім, што на ім;

і хто прысягнуўся Сьвятыняю, той прысягаецца Ёй і Прабываючым у Ёй.
 
I хто клянецца храмам, клянецца ім і Тым, Хто ў ім жыве;

І той, хто прысягнуўся Небам, прысягаецца Пасадам Бога і Седзячым на ім.
 
I хто клянецца небам, клянецца Божым пасадам і Тым, Хто сядзіць на ім.

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што даецё дзесяціну зь мяты і кропу і кмену і адкінулі важнейшае ў Законе: суд і міласьць і веру; гэтае належыла зрабіць, і тое ня адкідаць.
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але адкінулі больш важнае ў Законе: справядлівасць, міласэрнасць і веру; гэтае трэба было рабіць і таго не адпускаць.

Павадыры сьляпыя, што камара адцэджваеце, а вярблюда праглынаеце!
 
Павадыры сляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце.

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць коўні і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя драпежнасьці і няпраўды.
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу звонку, а ўсярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няўстрыманасці.

Хварысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну коўні і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхная.
 
Фарысей сляпы, ачысць спярша сярэдзіну чары і місы, каб зрабіліся і зверху чыстыя.

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапненых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне напоўнены косткамі памерлых і ўсякаю нячыстасьцю.
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што прыпадобніліся да павапненых надмагілляў, якія зверху здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей трупаў і ўсялякай нечысці.

Гэтак і вы зьнешне здаецеся людзям сапраўды праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і бяззаконьня.
 
Гэтак і вы збоку здаяцеся людзям праведнікамі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.

Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што будуеце надмагільлі прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікаў,
 
Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце надмагіллі прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікаў,

і кажаце: калі б мы былі ў дні ба́цькаў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнымі ў крыві прарокаў.
 
I кажаце: «калі б мы жылі ў дні нашых бацькоў, мы не былі б іх супольнікамі ў крыві прарокаў».

Гэтым самым вы сьведчыце супраць сябе, што вы ёсьць сыны забойцаў прарокаў.
 
Тым самым вы сведчыце супроць сябе, што вы сыны забойцаў прарокаў.

Дык вы дапаўняйце меру ба́цькаў вашых.
 
Дапаўняйце і вы меру вашых бацькоў.

Зьмеі, адродзьдзі яхіднінаў! як пазьбегнеце вы асуджэньня ў геенну?
 
Змеі, гадзючыя выпладкі! як вам пазбегнуць асуджэння ў геену?

Дык вось, пагэтаму Я пасылаю да вас прарокаў і мудрых і кніжнікаў; і вы адных заб’еце і ўкрыжуеце, а іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць зь места да места.
 
Дзеля гэтага, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; некаторых з іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, некаторых будзеце бічаваць у сваіх сінагогах і гнаць з горада ў горад;

Каб прыйшла на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага, аж да крыві Захара, сына Барахіявага, якога вы забілі між Сьвятыняю і ахвярнікам.
 
Каб спала на вас уся праведная кроў, што пралітая была на зямлі — ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыя, сына Варахіінавага, якога вы забілі між храмам і ахвярнікам.

Праўду кажу вам: усё гэтае прыйдзе на род гэты.
 
Папраўдзе кажу вам, усё гэта спадзе на род гэты.

Ярузалім! Ярузалім! забойца прарокаў і забойца каменьнем пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крыльлі, і вы ня захацелі.
 
Іерусаліме, Іерусаліме, што забіваеш прарокаў і б’еш каменнем пасланых да цябе, — колькі разоў хацеў Я сабраць тваіх дзяцей, як птушка збірае пад крылле сваіх птушанят, ды вы не захацелі!

Вось жа кіда́ецца вам дом ваш пусты!
 
Вось астаецца вам дом ваш пусты.

Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня дакуль ня скажаце: Багаслаўлёны, Які ідзе ў Імя Госпада!
 
Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне зараз, аж пакуль не скажаце: «бласлаўлёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!»