Дзеі 7 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Аляксандара Надсана
І сказаў архірэй: ці ж гэта так?
А ён сказаў: мужчыны, браты і ба́цькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся ба́цьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Месапатаме перш чым ён асеў у Харране,
і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і ідзі ў зямлю, якую табе пакажу.
Тады выйшаўшы зь зямлі хальдэяў, асеў у Харране; і адтуль, пасьля сьмерці ба́цькі ягонага перасяліў яго ў зямлю гэтую, у якой вы зараз жывяце́.
І ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, але абяцаў яму даць яе ў вало́даньне, і семені ягонаму пасьля яго, калі ён ня меў (яшчэ) дзіцяці.
І сказаў Бог так, што семя ягонае будзе прыхаджанам у зямлі чужой, і зробяць яго рабом і будуць прыгнятаць чатырыста гадоў.
І народ, якім (яны) будуць прыгнечаны, Я буду судзіць, сказаў Бог, — і пасьля гэтага (яны) выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым мейсцы.
І даў яму запавет абразаньня. І гэтак спарадзіў (ён) Ісака і абрэзаў яго на восьмы дзень; а Ісак (спарадзіў) Якуба, а Якуб дванаццаць патрыярхаў.
А патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Ягіпет, але Бог быў зь ім,
і выратаваў яго з усіх бедаў ягоных, і даў яму дабразычлівасьць і мудрасьць перад хвараонам, валадаром Ягіпту, і (той) паставіў яго начальнікам над Ягіптам дый над усім домам сваім.
І прыйшоў голад і туга вялікая на ўсю зямлю Ягіпту ды Ханаану, і ба́цькі нашыя ня знаходзілі, чым пракарміцца.
Якуб жа пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Ягіпце, паслаў спачатку ба́цькаў нашых,
а ў другі раз Язэп адкрыўся братом сваім, і вядомы стаў хвараону род Язэпавы.
Язэп паслаўшы паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсю радзіну сваю, семдзясят пяць ду́шаў.
І Якуб перабраўся ў Ягіпет і памёр сам і ба́цькі нашыя;
і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Ямо́ра Сіхемавага.
А як набліжаўся час (збыцца) абяцаньню, якім кляўся Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Ягіпце
пакуль ня прыйшоў другі валадар, які ня ведаў Язэпа;
ён настроіўшыся супраць народу нашага, хітруючы ўціскаў ба́цькаў нашых прымушаючы выкідаць дзяцей іхных, каб ня выжывалі.
У гэты час быў народжаны Масей і быў (ён) заўгодны Богу; (і) быў ён тры месяцы ўзгадаваны ў доме бацькі свайго.
А як выкінулі яго, узяла́ яго дачка хвараона ды ўзгадавала яго сабе як сына.
І быў навучаны Масей усёй мудрасьці ягіпецкай. І быў моцны ў словах і дзеях.
А як споўнілася яму сорак гадоў, прыйшло яму на сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэлявых.
І ўбачыўшы як аднаго крыўдзілі заступіўся (за яго) ды ўчыніў помсту за пакрыўджанага, забіўшы ягіпцяніна.
Ён думаў, зразумеюць яго браты, што Бог ягонаю рукою дае ім збавеньне: але яны ня зразумелі.
На другі ж дзень (ён) зьявіўся ім, калі яны сварыліся і нахіляў іх да згоды, кажучы: мужчыны, вы браты! Навошта крыўдзіце адзін аднаго?
Але той, што крыўдзіў бліжняга, адпіхнуў яго, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі?
Ці ты хочаш забіць мяне, як учора забіў ягіпцяніна?
Ад гэтых словаў уцёк Масей і зрабіўся прыхаднем у зямлі Мадыяма, дзе нарадзіў двух сыноў.
А як міну́ла сорак гадоў, быў яўлены яму ў пустэльні (пад) гарою Сінай Ангел Госпада ў по́лымі агня цярнёвага куста.
Масей жа ўбачыўшы зьдзівіўся з уявы; калі ж ён падыходзіў разгледзіць, быў да яго Голас Госпада:
Я Бог ба́цькаў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба. І, задрыжэўшы, Масей ня адважваўся ўглядацца.
Госпад жа сказаў яму: скінь абутак з ног тваіх, бо мейсца на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
Паглядзеўшы, Я ўбачыў уціск народу Майго ў Ягіпту ды пачуў стагнаньне іхняе, і зыйшоў вызваліць іх. Дык цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Ягіпет.
Гэтага Масея, якога (яны) адцураліся, сказаўшы: «хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю?», гэтага Бог начальнікам і збавіцелям паслаў руко́ю Ангела, які зьявіўся яму ў цярнёвым кусьце.
Ён вывеў іх, зрабіўшы цуды і знакі ў зямлі Ягіпту і ў Чырвоным моры і ў пустэльні (за) сорак гадоў.
Гэта той Масей, які сказаў сыном Ізраэля: Прарока вам паставіць Госпад Бог ваш з братоў вашых як мяне, Яго будзеце слухаць.
Гэты, які быў у лучнасьці з Ангелам у пустэльні, які гаварыў зь ім на гары Сінай і ба́цькам нашым, які прыняў словы жывыя, (каб) перадаць (іх) нам.
Яму ня захацелі быць паслухмянымі ба́цькі нашыя, але адхілілі (яго) ды былі павернуты сэрцамі сваімі да Ягіпту,
сказаўшы Агарону: зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо (з) Масеям, тым, які вывеў нас зь зямлі Ягіпту, ня ведаем, што сталася зь ім.
І ў тыя дні вырабілі бычка, ды прынесьлі ахвяру ідалу і радаваліся з учынкаў рук сваіх.
І адвярнуўся ад (іх) Бог і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: дом Ізраэля, ці прыносілі (вы) Мне ахвярныя жывёлы і ахвяры сорак гадоў у пустэльні?
Але (вы) паднялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рамхвана, абразы, якія (вы) зрабілі, каб пакланяцца ім: дык (Я) перасялю вас аж за Бабілён.
Скінія сьведчаньня была́ ў (асяро́дку) ба́цькаў нашых у пустэльні, як загадаў зрабіць яе Масею Той, Хто гаварыў (да яго), па ўзору які (ён) бачыў.
І яе прыняўшы пераемна дане́сьлі ба́цькі нашыя разам зь Ісусам (Навінам) у зямлю народаў, якіх прагнаў Бог ад аблічча ба́цькаў нашых аж да дзён Давіда,
які знайшоў Багадаць перад Богам і маліў, каб знайсьці жыльлё Богу Якубаваму.
Салямон жа пабудаваў Яму Дом.
Але Найвышэйшы ня ў рукатворных Сьвятынях жыве, як кажа прарок.
Госпад кажа: Неба — Пасад Мой, зямля — падножжа Ног Маіх. Які дом пабудуеце Мне? ці якое мейсца (для) супачынку Майго?
Ці (ж) ня Рука Мая стварыла гэта ўсё?
Упартыя ды з няабрэзаным сэрцам і вушыма! Вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як ба́цькі вашыя, так і вы.
Каго з прарокаў ня гна́лі ба́цькі вашыя? Ды пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Справядлівага, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся.
(Вы), якія прынялі Закон па загаду Ангелаў ды ня захава́лі яго.
Слухаючы ж гэтае (яны) лопаліся ад злосьці ў сэрцах сваіх ды скрыгаталі зубамі на яго.
(Ён) жа, будучы поўны Духа Сьвятога, уце́міўшы по́зірк на Неба, угледзіў Славу Бога і Ісуса, стоючы праваруч Бога
і сказаў: вось, бачу Нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, стоючы праваруч Бога.
І загаласіўшы моцным голасам (яны) пазатыкалі вушы свае і аднадушна кінуліся на яго,
і выгнаўшы за места каменавалі (яго). А сьведкі пакла́лі вопраткі свае ля ног юнака на імя Саўла
і бíлі камнямі Сьцяпана, які маліўся і гаварыў: Госпадзе Ісусе, прымі дух мой!
І, укленчыўшы, загаласіў моцным голасам: Госпадзе, ня палічы ім грэху гэтага! І сказаўшы гэта памёр.