Яна 2 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Пятроўскага
І трэйцяга дня было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісусава была тамака.
На трэйці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай; і маці Ісусава была тамака.
Запрошаны быў таксама й Ісус і вучні Ягоныя на вясельле.
Гэтаксама Ісус і вучні Ягоныя былі пазваныя на вясельле.
І, як ня хапíла віна, маці Ісусава кажа Яму: віна ня ма́юць.
І калі не хапіла віна, маці Ісусава кажа Яму: віна ня маюць.
Кажа ёй Ісус: што Мне і табе, жанчына? Яшчэ ня прыйшо́ў час Мой.
Ісус кажа ёй: што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не надыйшла.
Маці Ягоная кажа слугам: што б Ён вам ні сказаў, зрабіце.
Маці Ягоная сказала слугам: штоколечы скажа вам, зрабеце гэта.
Было ж тамака шэсьць каменных судзінаў для вады, (што) стаялі дзеля жыдоўскага ачышчэньня (і) зьмяшчалі па дзьве ці тры меры.
Было-ж тамака шэсьць каменных судзін да вады, якія стаялі ў сузгоднасьці зь юдэйскім звычаем ачышчэньня, зьмяшчаючых па дзьве ці па тры. меры.
Кажа ім Ісус: напоўніце судзіны вадою. І напоўнілі іх да верху.
Кажа ім Ісус: напоўніце судзіны вадою. І напоунілі іх да верху.
І кажа ім: чэрпайце цяпер і нясеце да маршалка. І панесьлі.
І кажа ім: чэрпайце цяперака і нясеце да даглядчыка. І панесьлі.
Калі ж маршалак пакаштаваў вады, стаўшай віном, а (ён) ня ве́даў, скуль (яно) ёсьць, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — маршалак кліча маладога
І калі-ж даглядчык пакаштаваў вады, што віном сталася, — а ён ня ведаў, скуль яно, слугі-ж, што налівалі ваду, ведалі, — кліча маладога.
і кажа яму: кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты (ж) добрае віно захаваў дагэтуль.
І кажа яму: кажны чалавек перш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты-ж добрае віно захаваў дагэтуль.
Так Ісус зрабіў пачатак Цудам у Кане Галілейскай і выявіў Славу Сваю, і ўверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Гэтак зрабіў Ісус пачатак цудам у Кане Галілейскай і выявіў славу Сваю, і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя.
Пасьля гэтага зыйшоў Ён да Капэрнавуму, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і тамака заставаліся няшма́т дзён.
Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Ён і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.
І была блізка Пасха жыдоўская, і ўзыйшоў Ісус да Ярузаліму;
І была блізка Пасха юдэйская, і ўвайшоў Ісус ў Ерузалім;
і знайшоў у Сьвятыні прадаючых быкоў і авечак, і галубоў, і сядзелі мянялы (грошай).
І знайшоў у сьвятыні тых, што прадавалі валоў, авец, галубоў, і сядзелі тамака мянялы.
І, зрабіўшы зь вяровак плётку, выгнаў усіх са Сьвятыні, і авечак, і быкоў, ды мянялам грошы рассыпаў і сталы (іхныя) абярнуў;
І зрабіўшы зь вяровак бізун, выгнаў са сьвятыні усіх, гэтаксама і авец і валоў, ды рассыпаў грошы мянялаў і сталы іхныя абярнуў;
і сказаў прадаючым галубоў: забярыце гэтае адгэтуль: ня рабеце Дому Бацькі Майго домам гандлю.
І сказаў тым, што прадавалі галубоў: забярэце ўсе гэныя рэчы згэтуль: не рабеце дому Айца Майго домам гандлю.
І прыпомнілі вучні Ягоныя, што напісана: руплівасьць (аб) Доме Тваім праглынула Мяне (Пс. 69:10).
І прыпомні вучні Ягоныя, што пра гэта было напісана: рупатлівасьць пра дом Твой пажырае Мяне.
Тады адказалі жыды і сказалі Яму: які знак нам пакажаш, што гэтае робіш?
Тады Юдэі, адказваючы, сказалі Яму: які знак нам дасі, чаму гэтае робіш:
Ісус адказаў і сказаў ім: зруйнуйце Гэтае Сьвяцілішча, і Я ў тры дні адбудую Яго.
Ісус, адказваючы ім, сказаў: зруйнуйце сьвятыню гэтую, і Я у тры дні адбудую яе.
Тады жыды сказалі: сорак шэсьць гадоў будавалася гэтая Сьвятыня, і Ты ў тры дні адбудуеш яе?
Тады Юдэі сказалі; сьвятыня гэтая будавалася сорак і шэсьць гадоў, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?
Ён жа гаварыў пра Сьвяцілішча Цела Свайго.
Але Ён гаварыў гэтае пра сьвятыню цела Свайго.
Калі ж Ён быў уваскрошаны зь мёртвых, прыпомнілі вучні Ягоныя, што Ён казаў ім гэтае, і паверылі Пісаньню і Слову, якое сказаў Ісус.
Затым, як уваскрос Ён ізь мертвых, вучні Ягоныя прыпомнілі, што Ён казаў гэтае, і паверылі пісаньню і слову, што Ісус сказаў.
Калі ж Ён быў у Ярузаліме на сьвята ў Пасху, многія паверылі ў Імя Ягонае, бачучы Цуды Ягоныя, якія Ён рабіў.
Цяпер-жа, калі быў Ён ў Ерузаліме на Пасху, у дню сьвяткаваньня, дык шматлікія, бачучы цуды, якя Ён чыніў, уверылі ў імя Ягонае.
Але Сам Ісус ня давяра́ўся ім, бо Ён ведаў усіх
Але сам Ісус не давяраўся ім, бо ведаў усіх.
і таму ня ме́ў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.
І ня меў патрэбы, каб хто-небудзь сьведчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.