Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І адыйшоўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі з боку Ярдану. І зноў зьбіраюцца каля Яго людзі; і па звычаю Свайму (Ён) ізноў вучыў іх.
 

І, падыйшоўшы, хварысэі спакушаючы Яго спыталіся ў Яго: ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю?
 

Ён жа адказаўшы сказаў ім: што вам наказаў Масей?
 

А яны сказалі: Масей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца.
 

І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: дзеля жорсткасьці сэрца вашага (ён) напісаў вам гэты наказ.
 

Бо на пачатку тварэньня Бог мужчынай і жанчынай стварыў іх.
 

Пагэтаму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і будзе прылеплены да жонкі сваёй.
 

І будуць двое (злучаны) у адно цела, так што ўжо ёсьць ня двое, а адно цела.
 

Пагэтаму, што Бог злучыў, чалавек ня павінен разлучаць.
 

А ў доме вучні Ягоныя ізноў спыталіся Яго пра тое самае.
 

І кажа ім: калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і возьме (за жонку) другую, творыць пералюб супраць яе (жонкі).
 

Таксама і жонка калі разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за другога, творыць пералюб.
 

І прыносілі да Яго дзяцей, каб (Ён) дакрануўся да іх; але вучні ня дапускалі тых, што прыно́сілі.
 

Убачыўшы гэтае, Ісус загневаўся і сказаў ім: пусьціце дзяцей прыходзіць да Мяне і ня перашкаджайце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Бога.
 

Праўду кажу вам: калі хто ня прыйме Валадарства Бога, як дзіця, ня ўвойдзе ў Яго.
 

І абняўшы іх, усклаўшы на іх Ру́кі, багаславіў іх.
 

А калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўніку добры! што мне рабіць, каб успадкава́ць жыцьцё вечнае?
 

Ісус жа сказаў яму: чаму (ты) называеш Мяне добрым? (Бо) ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
 

Прыказа́ньні ведаеш: ня чыні пералюбу; ня забівай; ня крадзі; ня сьведчы ілжыва; ня ашу́квай; шануй бацьку твайго і матку.
 

Ён жа адказаўшы сказаў Яму: Настаўнік! усяго гэтага я пільнаваўся змалку дзён маіх.
 

Ісус жа, глянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: аднаго табе ня хапае: пайдзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб на Небе; і, узяўшы крыж, прыходзь і ідзі сьледам за Мною.
 

Ён жа стаўшы засмучаным гэтым словам, адыйшоў замаркочаным; бо меў вялікую маёмасьць.
 

І паглядзеўшы навако́л Ісус кажа вучням Сваім: зь якімі цяжкасьцямі багатыя ўвойдуць у Валадарства Бога!
 

Вучні ж былí ўра́жаны ад слоў Ягоных. Але Ісус ізноў пачаўшы гаварыць, кажа ім: дзеці! як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Бога тым, хто ўскладае надзею на багацьце;
 

лягчэй вярблюду́ прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Бога.
 

Яны ж былі вельмі моцна зьдзіўлены, гаворачы між сабою: дык хто тады можа быць уратаваным?
 

І глянуўшы на іх, Ісус кажа: людзям (гэта) нямагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчыма Богу.
 

І пачаў Пётра гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
 

І адказаўшы Ісус сказаў: праўду кажу вам: няма нікога хто пакінуў дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо матку, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Эвангельля,
 

і ня атрыма́ў бы цяпер, у гэты час сярод перасьледаваньняў у сто разоў больш дамоў і братоў і сёстраў, і матак, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага.
 

І многія першыя будуць апошнімі, а апошнія першымі.
 

Калі (яны) былі ў дарозе ўзыходзячы ў Ярузалім, а Ісус ішоў паперадзе іх, а яны ідучы ўсьлед за (Ім) жаха́ліся і былі ў страху. І ўзяўшы дванаццаць (Ён) ізноў пачаў гаварыць ім тое, што мае зь Ім стацца:
 

Вось мы ўзыходзім у Ярузалім, і Сын Чалавечы будзе прада́ны архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць і перададуць Яго паганам (на сьмерць).
 

І назьдзекуюцца над Ім, і будуць бічаваць Яго, і аплююць Яго, і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
 

Тады падыйшлі да Яго Якуб і Яан, сыны Завядзея, кажучы: Настаўнік! хочам каб (Ты) зрабіў нам, калі чаго папросім.
 

Ён жа сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?
 

Яны ж сказалі Яму: дай нам, каб адзін справа ад Цябе, а другі зьлева ад Цябе селі ў Славе Тваёй.
 

Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую Я п’ю і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?
 

Яны ж сказалі Яму: можам. А Ісус сказаў ім: запраўды чару, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.
 

Але сесьці праваруч ад Мяне і леваруч ад Мяне — ня Маё (права) даваць, але каму ўгатавана.
 

І пачуўшы дзесяць пача́лі абурацца на Якуба і Яана.
 

А Ісус, паклікаўшы іх, гаворыць ім: (вы) ведаеце, што тыя, што лíчацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльмо́жы іхнія валадараць над імі.
 

Але ня так хай будзе паміж вамі, але калі хто хоча стаць большым сярод вас, хай будзе вам слугою.
 

І хто хоча (між) вамі стаць першым, хай будзе для ўсіх рабом.
 

Бо і Сын Чалавечы прыйшоў ня каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць жыцьцё Сваё як выкуп за многіх.
 

І прыходзяць у Ярыхон. А пры выходзе зь Ярыхону Ягоным і вучняў Ягоных і мноства народу (натыкаюцца што) каля дарогі сядзеў жабруючы сьляпы Варцімей, сын Цімея.
 

І пачуўшы што (сярод народу) знаходзіцца Ісус Назарэй, пачаў крычаць і гаварыць: Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!
 

І многія зага́двалі яму, каб змоўк; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! зьлітуйся нада мною!
 

І, спыніўшыся, Ісус загадаў яго паклікаць. І клічуць сьляпога кажучы яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.
 

І ён ськінуўшы верхнюю вопратку сваю, устаўшы падыйшоў да Ісуса.
 

І адказаўшы гаворыць яму Ісус: чаго хочаш, каб Я зрабіў табе? А сьляпы сказаў Яму: Вучыцелю! каб мне празерыць.
 

Ісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу празерыў і пайшоў за Ісусам па дарозе.