Ераміі 49 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Пра сыноў Амонавых так кажа Гасподзь: хіба ж няма сыноў у Ізраіля? хіба няма ў яго спадкаемцы? Чаму ж Малхом завалодаў Гадам, і народ яго жыве ў гарадах ягоных?
Адносна сыноў Амона. Гэта кажа Госпад: «Ці ж Ізраэль не мае сыноў? Або ці ж не мае ён спадкаемцы? Дык чаму Мільком узяў спадчыну Гада і яго народ жыве ў гарадах іх?
Таму вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі ў Раве сыноў Амонавых будзе чуцен крык бітвы, і зробіцца яна грудай руінаў, і гарады яе будуць спалены агнём, і авалодае Ізраіль тымі, якія валодалі ім, кажа Гасподзь.
Таму, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і зраблю Я, што будзе чутны гармідар ваенны ў Рабе сыноў Амона, і будзе яна рассыпана ў руіны, і дочкі яе будуць спалены агнём. Тады Ізраэль зноў будзе мець уладальнікаў сваіх, — кажа Госпад.
Галасі, Эсэвоне, бо спустошаны Гай; крычэце, дочкі Равы, аперажэцеся вярэтаю, плачце і бадзяйцеся па гарадах, бо Малхом пойдзе ў палон разам са сьвятарамі і князямі сваімі.
Галасі, Хесебон, бо ты спустошаны і стаўся грудай камянёў! Гаманіце, дочкі Рабы, адзеньцеся ў зрэбніцу, галасіце і бегайце кругом муроў, бо Мільком пойдзе ў няволю, а святары яго і князі яго — разам з ім.
Што хвалішся далінамі? Пацячэ даліна твая крывёю, вераломная дачка, што спадзяешся на скарбы свае, і кажаш: «хто прыйдзе да мяне?»
Чаго ганарышся лагчынамі? Расцяклася твая багатая лагчына, дачка няверная. Ты спадзявалася на багацці свае і казала: “Хто прыйдзе да мяне?”
Вось, Я навяду на цябе жах з усіх навакольляў тваіх, кажа Гасподзь Бог Саваоф: разьбяжэцеся, хто куды, і ніхто не зьбярэ тых, што паразьбягаліся.
Вось, Я навяду на цябе страх, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — ад усіх, хто акружае цябе; і вы будзеце раскіданы, кожны ў свой бок, і не будзе каму збіраць уцекачоў.
Але пасьля таго Я вярну палон сыноў Амонавых, кажа Гасподзь.
Але пасля таго Я змяню лёс сыноў Амона», — кажа Госпад.
Пра Эдом так кажа Гасподзь Саваоф: хіба няма болей мудрасьці ў Тэмане? Хіба ня стала рады ў разумных? хіба зьбяднела мудрасьць іхняя?
Адносна Эдома. Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Ці ўжо больш няма мудрасці ў Тэмане? Хіба згінула рада ў разумных і непатрэбнай сталася мудрасць іх?
Уцякайце, павярнуўшыся сьпінаю, хавайцеся ў пячорах, жыхары Дэдана, бо пагібель Ісава Я навяду на яго, — час наведаньня Майго.
Уцякайце, адступайце, хавайцеся ў ямы, жыхары Дэдана, бо Я наводжу загубу Эзава на яго, у час, калі пакараю яго.
Калі б зборшчыкі вінаграду прыйшлі да цябе, дык напэўна пакінулі б некалькі несабраных ягадзін. І калі б злодзеі прыйшлі ўначы, дык яны захапілі б, колькі ім трэба.
Калі збіральнікі вінаграду прыйдуць да цябе — не пакінуць галінкі з вінаградам, а калі злодзеі прыйдуць ноччу — возьмуць, што ім будзе падабацца.
А Я да галечы абяру Ісава, адчыню патайныя мясьціны ягоныя, і схавацца ён ня здолее. Вынішчана будзе племя ягонае, і браты яго і суседзі яго; і ня будзе яго.
Я, вось, абрабоўваю Эзава, адкрываю таямніцы яго, нічога ён схаваць не зможа; вынішчаецца патомства яго, і браты яго, і суседзі яго, і не будзе.
Пакінь сіротаў тваіх, Я падтрымаю жыцьцё іхняе, і ўдовы твае хай спадзяюцца на мяне,
Пакінь сіротаў сваіх, Я ўтрымаю іх пры жыцці, і ўдовы твае хай спадзяюцца на Мяне».
бо так кажа Гасподзь: вось і тыя, каму не наканавана было піць чару, канечне піцьмуць яе, і ці ж ты застанешся непакараны? Не, не застанешся непакараны, але канечне піцьмеш чару.
Бо вось што кажа Госпад: «Вось жа, тыя, якім не было наканавана піць чашы, будуць піць яе, напэўна; а ты непакараным застанешся? Не будзеш без кары, але будзеш піць, напэўна.
Бо, Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што жахам, пасьмешышчам, пустэльняю і праклёнам будзе Васор, і ўсе гарады яго зробяцца вечнымі пусткамі.
Бо Я прысягаю Самім Сабою, — кажа Госпад, — што Босра станецца пустэчаю, і пасмешышчам, і бязлюддзем, і праклёнам, і ўсе яе гарады стануцца пустэчаю навечна».
Я чуў чутку ад Госпада, і пасьля пасланы да народаў сказаць: зьбярэцеся і ідзеце супроць яго, і падымайцеся на вайну.
Пачуў я вестку ад Госпада, і вястун пасланы да народаў: «Збірайцеся і ідзіце на яго! Падрыхтуйцеся да бою».
Бо вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным сярод людзей.
«Вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным сярод людзей.
Грозны стан твой і пыхлівасьць сэрца твайго ашукалі цябе, хто жыве ў расколінах скал і займае вяршыні пагоркаў. Але, хоць бы ты як арол высока зьвіў гняздо тваё, і адтуль скіну цябе, кажа Гасподзь.
Падманула цябе фанабэрыя твая, і пыхлівасць сэрца твайго, цябе, што жывеш у пячорах скальных і трымаешся высокіх узгоркаў. Калі б ты высока звіў гняздо сабе, як арол, Я і адтуль сцягну цябе, — кажа Госпад. —
І будзе Эдом жахам; кожны, хто будзе праходзіць міма, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.
Эдом станецца пустыняй, і кожны, хто будзе праходзіць праз яго, здзівіцца і засвішча дзеля ўсіх караў яго.
Як скінуты Садома і Гамора і суседнія гарады іхнія, кажа Гасподзь, так і там ніводзін чалавек ня будзе жыць, і сын чалавечы ня спыніцца ў ім.
“Як зруйнаваны былі Садом і Гамора і суседзі іх, — кажа Госпад — не будзе жыць там чалавек, і не будзе качаваць у ёй ніводзін сын чалавечы.
Вось, узыходзіць ён як леў ад узвышэньня Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але я прымушу іх сьпешна адысьці зь Ідумэі, і хто выбраны, таго пастаўлю над ёю. Бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе адказу ў Мяне? І які пастух стане супроць Мяне?
Вось ён, быццам леў, выйдзе з гушчару над Ярданам да вечна зялёных паплавоў, ды Я ў момант змушу іх уцякаць адтуль, а над імі пастаўлю таго, хто будзе абраны. Бо хто да Мяне падобны або хто пакліча Мяне на суд? І хто той пастыр, які ўстаіць перад абліччам Маім?»
Дык вось выслухайце вызначэньне Госпада, якое Ён пастанавіў пра Эдом, і намеры Ягоныя, якія Ён мае на жыхароў Тэмана: сапраўды, самыя малыя са статкаў пацягнуць іх і спустошаць селішчы іхнія.
Дзеля таго паслухайце намеры Госпада, якія вырашыў Ён адносна Эдома, і думкі Яго, якія мае Ён адносна жыхароў Тэмана: выцягнуць нават найменшых са статку, і спустошаны ў іх будуць пашы іх.
Ад шуму падзеньня іх здрыганецца зямля, і водгалас крыку іхняга будзе чуцен каля Чэрмнага мора.
На вестку пра знішчэнне іх дрыжыць зямля, і крык чутны над морам Чырвоным.
Вось, як арол, падымецца ён і паляціць, і распусьціць крылы свае над Васорам; і сэрца адважных Ідумэйцаў будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны ў родах.
Вось, як арол, падымецца ён, і ўзляціць, і раскіне крылы свае над Босраю, і сэрца мужных у Эдоме ў той дзень станецца падобным да сэрца жанчыны парадзіхі.
Пра Дамаск. — Пасаромлены Эмат і Арпад, бо, пачуўшы журботную вестку, яны ўпалі духам; трывога на моры, супакоіцца ня могуць.
Адносна Дамаска. «Сорамам пакрыліся Эмат і Арпад, бо пачулі яны вестку ліхую, і трывожацца яны, як мора неспакойнае, якое супакоіцца не можа.
Зьнясьмеліўся Дамаск і кінуўся наўцёкі; страх авалодаў ім; боль і пакуты ахапілі яго, як жанчыну ў родах.
Аслабеў Дамаск, павярнуўся наўцёкі, ахапіў яго страх, мучэнні і болі апанавалі яго, як парадзіху.
Як не ацалеў горад славы, горад радасьці маёй?
Няўжо ж не ўцалее горад слаўны, горад весялосці?
Дык вось, загінуць юнакі яго на вуліцах ягоных, і ўсе воіны загінуць таго дня, кажа Гасподзь Саваоф.
“Таму ўпадуць юнакі яго на вуліцах яго, і ўсе ваяры загінуць у той дзень, — кажа Госпад Магуццяў. —
І запалю агонь у сьценах Дамаска, — і зьнішчыць харомы Вэнадада.
І распалю Я агонь на мурах Дамаска, і паглыне ён палацы Бэнадада”».
Пра Кідар і пра царствы Асорскія, якія разьбіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, так кажа Гасподзь: уставайце, выступайце супроць Кідара і спусташайце сыноў усходу!
Адносна Кедара і царства ў Асоры, якія пабіў Набукаданосар, цар Бабілона. Гэта кажа Госпад: «Устаньце, ідзіце на Кедар і нішчыце сыноў Усходу!
Намёты іхнія і авечак іх возьмуць сабе, і покрывы іхнія і вярблюдаў іхніх возьмуць і будуць крычаць ім: «жудасьць адусюль!»
Забяруць палаткі іх, і статкі іх, і покрывы іх, разам увесь посуд іх і вярблюдаў іх забяруць сабе і будуць крычаць на іх: “Жах навокал”.
Бяжэце, уцякайце хутчэй, схавайцеся ў прорве, жыхары Асора, кажа Гасподзь, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, зрабіў рашэньне пра вас і склаў супроць вас намысел.
Уцякайце, выходзьце хутчэй, сядзіце ў сховішчах, вы, жыхары Асора, — кажа Госпад, — бо супраць вас паўстаў Набукаданосар, цар Бабілона, і мае ён супраць вас намеры.
Уставайце, выступайце супроць народу мірнага, які жыве ў бясьпецы, кажа Гасподзь; ні дзьвярэй, ні засавак няма ў яго, жывуць паасобку.
Устаньце і ідзіце на народ спакойны, які пражывае бяспечна, — кажа Госпад; — няма ў іх брамаў, і засавак, і жывуць яны самі па сабе.
Вярблюды іхнія аддадзены будуць у здабычу, і мноства статкаў іхніх — на разбор; і расьсею іх па ўсіх вятрах, гэтых, што стрыгуць валасы на скронях, і з усіх бакоў іх навяду на іх пагібель, кажа Гасподзь.
Вярблюды іх будуць на здабычу, а мноства жывёлы — на рабунак. Я разганю іх на ўсе вятры, тых, што падразаюць валасы на скронях, і з усіх бакоў іх прывяду пагібель на іх, — кажа Госпад. —
І будзе Асор жытлішчам шакалаў, вечнаю пусткаю; чалавек ня будзе жыць там, і сын чалавечы ня будзе спыняцца ў ім.
І станецца Асор прыстанішчам шакалаў і пустыняй вечнай. Ніхто там не будзе жыць, і не будзе ў ім качаваць сын чалавечы».
Слова Госпада, якое было Ерамію прароку супроць Элама на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага.
Вось якое было слова Госпада Ярэміі прароку адносна Элама на пачатку царавання Сэдэцыі, цара Юдэйскага:
так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я паламаю лук Элама, галоўную сілу іх;
Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Я, вось, зламлю лук Элама, галоўную сілу яго.
і навяду на Элам чатыры вятры ад чатырох краёў неба, і разьвею іх па ўсіх гэтых вятрах, і ня будзе народу, да якога ня прыйшлі б выгнаныя Эламіты;
І прывяду на Элам чатыры вятры з чатырох канцоў неба, і развею іх на ўсе гэтыя вятры так, што не будзе такога народа, куды б не дайшлі выгнанцы з Элама.
і паб’ю Эламітаў страхам перад ворагамі іхнімі і перад шукальнікамі душы іхняй; і навяду на іх бедства, гнеў Мой, кажа Гасподзь, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх;
І навяду страх на Элам перад ворагамі іх на віду тых, што цікуюць на душы іх. І навяду на іх ліха і лютасць гневу Майго, — кажа Госпад, — і пашлю за імі меч, пакуль не вынішчу іх.
і пастаўлю трон Мой у Эламе, і зьнішчу там цара і князёў, кажа Гасподзь.
І пастаўлю Я Свой пасад у Эламе, і вынішчу там цара і князёў, — кажа Госпад. —
Але апошнімі днямі вярну палон Элама, кажа Гасподзь.
Аднак у будучых днях змяню лёс Элама», — кажа Госпад.