Выслоўяў Саламонавых 11 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Няправільныя вагі — агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.
 

Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі — мудрасьць.
 

Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.
 

Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.
 

Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.
 

Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.
 

Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.
 

Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.
 

Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.
 

З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны — сьпявае.
 

Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
 

Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.
 

Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае.
 

Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах — дабрадзенствуе.
 

Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы.
 

Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця.
 

Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю.
 

Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду — узнагарода пэўная.
 

Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.
 

Агіда Госпаду — падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.
 

Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.
 

Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і — неразумная.
 

Жаданьне праведных — толькі дабро, надзея бязбожных — гнеў.
 

Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.
 

Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.
 

Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.
 

Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.
 

Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.
 

Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.
 

Плод праведніка — дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.
 

Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.