Выслоўяў Саламонавых 11 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Няправільныя вагі — агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.
Агіднасць для Госпада — вага падманная, а дакладная вага — воля Яго.
Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі — мудрасьць.
Прыходзіць пыхлівасць — прыйдзе і ганьба; а ў пакорлівых — мудрасць.
Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.
Чыстасардэчнасць справядлівых будзе накіроўваць іх, а падкопы крывадушных загубяць іх.
Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.
У дзень гневу не дапаможа багацце, а справядлівасць выратуе ад смерці.
Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.
Справядлівасць чыстасардэчнага будзе кіраваць яго дарогай, а бязбожнік загіне ў сваёй бязбожнасці.
Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.
Справядлівасць справядлівых вызваліць іх, а несправядлівыя будуць захоплены ўласнымі падкопамі.
Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.
Калі памрэ бязбожнік, ніякай надзеі ў яго больш не будзе; а чаканне багацця загіне.
Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.
Справядлівы будзе вызвалены ад беднасці, а на месца яго трапіць бязбожнік.
Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.
Крывадушнік вуснамі падманвае сябра свайго, а справядлівыя будуць вызвалены ведамі.
З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны — сьпявае.
У час росквіту справядлівых радуецца горад, а ў час пагібелі бязбожнікаў будзе пахвала.
Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
Дабраславеннем справядлівых узвысіцца горад, а вусны бязбожнікаў разбураць яго.
Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.
Хто пагарджае сябрам сваім, той бедны на разважлівасць, а разважлівы чалавек будзе маўчаць.
Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае.
Хто ходзіць перашэптваючыся, выяўляе таемнае, а верны душою ўтоіць справу.
Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах — дабрадзенствуе.
Дзе няма парадку — народ загіне, а збаўленне там, дзе шматлікія парады.
Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы.
Той будзе вынішчаны ліхам, хто за другога ручаецца; хто ненавідзіць паручыцеляў, той будзе агароджаны ад небяспекі.
Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця.
Паслужлівая жанчына знойдзе славу, а дужыя набудуць багацце.
Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю.
Міласэрны чыніць дабро душы сваёй, а бязлітасны мучыць самога сябе.
Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду — узнагарода пэўная.
Бязбожнік робіць ілжывую справу, а для таго, хто сее справядлівасць, — пэўная ўзнагарода.
Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.
Надзейны чалавек рыхтуецца да справядлівасці, а прыхільнік ліха — да смерці.
Агіда Госпаду — падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.
Агіда для Госпада — сэрца крывадушнае, а ласка Яго — да тых, хто ходзіць прама.
Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.
Вядома, ліхі чалавек не будзе беспакараны, а нашчадкі справядлівых збавяцца.
Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і — неразумная.
Залатое кольца ў лычы свінні — гэта прыгожая, але неразумная жанчына.
Жаданьне праведных — толькі дабро, надзея бязбожных — гнеў.
Пажаданне справядлівых — толькі дабро, чаканне бязбожнікаў — абурэнне.
Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.
Адны дзеляцца ўласным і становяцца багацейшымі, а другія, што занадта беражлівыя, заўсёды ў беднасці.
Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.
Будзе насычана душа, якая дабраслаўляе; і хто напоіць другіх, той сам таксама будзе напоены.
Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.
Хто хавае сваё збожжа, той праклінаецца ў народзе, а на галаву тых, якія прадаюць збожжа, — дабраславенне.
Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.
Хто настойліва шукае дабра — шукае ласкі [Божай], а хто шукальнік ліха — да таго яно і прыйдзе.
Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.
Хто спадзяецца на багацці свае, загіне, і, як зялёны ліст, будуць расці справядлівыя.
Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.
Хто турбуе дом свой — атрымае вятры, а хто бязглузды — будзе слугою мудрага.
Плод праведніка — дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.
Плод справядлівага — дрэва жыцця; і хто мудры — прыцягвае душы.
Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.
Калі справядліваму адплачваецца на зямлі, тым больш бязбожніку і грэшніку.