Мацьвея 15 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць:
 

навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
 

А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?
 

Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ.
 

А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу — тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся»,
 

той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.
 

Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы:
 

«Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне;
 

але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым».
 

І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:
 

ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
 

Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся?
 

А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца,
 

пакіньце іх: яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.
 

А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
 

Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня?
 

ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць?
 

а што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;
 

бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі:
 

гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.
 

І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.
 

І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.
 

Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі.
 

А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.
 

А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
 

А Ён сказаў у адказ: нядобра — узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
 

Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.
 

Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.
 

Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.
 

І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,
 

так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.
 

А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.
 

І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
 

І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.
 

І загадаў людзям узьлегчы на зямлю.
 

І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні — людзям.
 

І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;
 

А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.
 

І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.