Быццё 49 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

І паклікаў Якаў сыноў сваіх і сказаў: зьбярэцеся, і я абвяшчу вам, што будзе з вамі ў апошнія дні;
 

сыдзецеся і паслухайце, сыны Якава, паслухайце Ізраіля, бацьку вашага.
 

Рувім, першынец мой! ты — цьвярдыня мая і пачатак сілы маёй, вяршыня годнасьці і вяршыня магутнасьці;
 

але ты бушаваў, як вада; ды ня ўтрымаешся; бо ты ўзышоў на ложак бацькі твайго, ты апаганіў пасьцель маю, на якую ўзышоў.
 

Сымон і Левій браты, прылады жорсткасьці мячы іхнія;
 

у раду іхнюю хай ня ўвойдзе душа мая, і ў зборы іхнія хай ня ўлучыцца слава мая; бо яны ў гневе сваім забілі мужа і ў сваволі сваёй перарэзалі жылы цяльцу;
 

праклён гневу іхняму, бо ён жорсткі, і лютасьці іхняй, бо шалёная; падзялю іх у Якаве і расьсею іх у Ізраілі.
 

Юда! цябе праславяць браты твае. Рука твая на хрыбце тваіх ворагаў; паклоняцца табе сыны бацькі твайго.
 

Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаешся. Схіліўся ён, лёг, як леў і як ільвіца: хто падыме яго?
 

Не адыдзе скіпетр ад Юды і заканадаўца ад сьцёгнаў ягоных, пакуль ня прыйдзе Прымірэнец, і Яму пакорлівасьць народаў.
 

Ён прывязвае да вінаграднай лазы асьляня сваё і да лазы лепшага вінаграду сына асьліцы сваёй; мые ў віне вопратку сваю і ў крыві гронак адзеньне сваё;
 

бліскучыя вочы ад віна, і белыя зубы ад малака.
 

Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай, і межы яго да Сідона.
 

Ты, Ісахар, як дужы ўючны асёл, на якога цяжар пакладзены.
 

І ўбачыш ты, што спакой табе добры і зямля корміць: схіліш сьпіну сваю пад цяжарам і будзеш насіць, каб жыць бяз клопату, — такая плата твая.
 

Дан будзе судзіць народ свой, як адно з каленаў Ізраіля;
 

Дан будзе зьмеем на дарозе, асьпідам на шляху, што раніць ногу каню, так што верхавец яго ўпадзе ніцма.
 

На дапамогу тваю спадзяюся, Госпадзе!
 

Гад, — натоўп будзе цясьніць яго, але ён адцісьне яго па пятах.
 

Асіру — занадта тлусты хлеб ягоны, і ён будзе дастаўляць царскія прысмакі.
 

Нэфталім — вольная касуля, гаварыцьмеш прыгожыя словы.
 

Язэп — парастак пладаноснага дрэва, парастак пладаноснага дрэва над крыніцай; гольле яго раскінулася над сьцяною.
 

Немарасьцілі яго, і стралялі ў яго і варагавалі супроць яго лучнікі;
 

але цьвёрды застаўся лук ягоны, і моцныя мышцы рук ягоных, ад рук магутнага Бога Якаўлевага. Адтуль Пастыр і цьвярдыня Ізраілевая,
 

ад Бога бацькі твайго, Які хай дапаможа табе, і ад Усемагутнага, Які і хай дабраславіць цябе дабраславеньнямі нябеснымі згары, дабраславеньнямі бездані, якая ляжыць унізе, дабраславеньнямі саскоў і ўлоньня,
 

дабраславеньнямі бацькі твайго, якія перавышаюць дабраславеньні гор старадаўніх і даброты пагоркаў вечных; хай будуць яны на галаве ў Язэпа і на цемені выбранага спаміж братоў сваіх.
 

Веньямін драпежны воўк, раніцай будзе есьці лавітву і ўвечары будзе дзяліць здабычу.
 

Вось усе дванаццаць каленаў Ізраілевых; і вось, што сказаў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і даў ім дабраславеньне, кожнаму сваё.
 

І наказаў ён ім і сказаў ім: я прыкладаюся да народу майго; пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры, якая на полі Эфрона Хэтэяніна,
 

у пячоры, якая на полі Махпэла, што перад Мамрэ, у зямлі Ханаанскай, якую купіў Абрагам з полем у Эфрона Хэтэяніна ва ўласнасьць для пахаваньня;
 

Там пахавалі Абрагама і Сарру, жонку ягоную; там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там пахаваў я Лію;
 

гэта поле і пячора, якая на ім, куплена ў сыноў Хэтэевых.
 

І скончыў Якаў наказы сынам сваім, і згарнуў ногі свае ў ложак, і сканаў, і прылучаны быў да народу свайго.