Быццё 49 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

І паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў ім: «Збярыцеся, каб мне абвясціць, што чакае вас у пазнейшых часах.
 

Збярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце бацькі вашага, Ізраэля!
 

Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй; першы па дастойнасці, старэйшы па сіле!
 

Пенячыся, як вада, не будзеш пяршынстваваць, бо ты ўвайшоў у ложак бацькі свайго і апаганіў пасцель маю.
 

Сімяон і Леві — браты, начынне гвалту зброя іх.
 

У іх нараду не ўвойдзе душа мая, і ў сходзе іх хай не будзе славы маёй, бо ў шале сваім забілі яны чалавека і ў сваволлі сваім падрэзалі жылы быкоў.
 

Праклятая лютасць іх, бо ўпорыстая, і заядласць іх, бо тупая! Падзялю іх у Якубе і раскіну іх у Ізраэлю.
 

Юда, цябе будуць хваліць браты твае, твая рука на карках ворагаў тваіх; будуць пакланяцца табе сыны бацькі твайго.
 

Юда — малады леў, сын мой, ад здабычы падняўся ты; адпачыць лёг ён, як леў і быццам львіца, і хто пабудзіць яго?
 

Не будзе аднятае жазло ад Юды, і кій князя — з-пад ног яго, пакуль не прыйдзе той, чыім яно ёсць і каму скорацца народы.
 

Прывязваючы да вінаградніку аслянятка сваё і да ўшчэпу вінаграднага сына асліцы сваёй, памые ў віне адзенне сваё ды ў крыві вінаграду плашч свой.
 

Вочы яго цямнейшыя за віно, і зубы яго бялейшыя за малако.
 

Забулон на беразе мора будзе жыць і ў прыстані караблёў, пашыраючыся аж да Сідона.
 

Ісахар — асёл дужы, што ляжыць паміж загонаў.
 

Ён убачыў, што супачынак — гэта добра і што зямля — гэта найлепш; і падставіў ён плячо сваё да нашэння, і пачаў служыць за плату.
 

Дан будзе судзіць народ свой як адно з пакаленняў Ізраэля.
 

Дан станецца змяёю на дарозе, гадзінай на сцежцы, што кусае ногі каня, каб коннік яго падаў назад.
 

Чакаць буду, Госпадзе, збаўлення Твайго!
 

Гад — разбойнікі будуць нападаць на яго, а ён будзе наступаць ім на пяты.
 

Асэр — сыты хлеб яго, і ён будзе дзяліць раскошы царскія.
 

Нэфталі — адпушчаная лань, што дае прыгожыя рогі.
 

Язэп — урадлівае дрэва, урадлівае дрэва над крыніцаю: галінкі яго выступаюць па-за мурам.
 

Але дражнілі яго і сварыліся, і варожымі яму былі тыя, якія маюць дроцікі.
 

Ды зламаўся лук іх, і аслаблі мышцы плечаў іх дзякуючы рукам Усемагутнага Якуба, дзякуючы імю Пастыра, Каменя Ізраэля.
 

Бог бацькі твайго будзе Успаможцам тваім, і Усемагутны будзе дабраслаўляць цябе дабраславеннямі нябеснымі з гары, дабраславеннем бездані, што ляжыць унізе, дабраславеннем грудзей і ўлоння.
 

Дабраславенні бацькі твайго ўзмацніліся па-над дабраславеннямі гораў адвечных і па-над пажаданнямі ўзгоркаў спрадвечных; хай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранца між братоў сваіх.
 

Бэньямін — воўк драпежны, шторання будзе есці здабычу, а вечарам дзяліць здабытак».
 

Усе яны — гэта дванаццаць пакаленняў Ізраэля. Вось, гэта сказаў ім бацька іх і дабраславіў кожнага паасобку асабістымі дабраславеннямі.
 

А потым даў ім загад, кажучы: «Я далучаюся да народа свайго; дык пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры Махпэла, якая знаходзіцца на полі Эфрона Хетыта,
 

насупраць Мамрэ, у зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам з полем ад Эфрона Хетыта як магілу ва ўласнасць для пахавання.
 

Там пахавалі яго і жонку яго, Сару, там пахаваны Ізаак з Рэбэкай, жонкай сваёй, там і Лія ляжыць пахаваная;
 

Сгэта поле і пячора, якая на ім, куплена ў сыноў Хетытавых».
 

Скончыўшы даручэнні сынам сваім, паклаў ён ногі свае на ложку і сканаў, і быў далучаны да народа свайго.