Быццё 29 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

І, выправіўшыся, прыйшоў Якуб у зямлю сыноў Усходу.
 

І ўбачыў там студню ў полі, а таксама тры статкі авечак, якія ляжалі каля яе, бо з яе паілі жывёлу, а вусце студні было прыкрыта вялікім каменем.
 

І быў звычай, што калі збіраліся ўсе авечкі, то адпіхвалі камень і, па напаенні статкаў, зноў ускладалі на вусце студні.
 

І звярнуўся ён да пастухоў: «Браты, адкуль вы?» Яны адказалі: «З Харана».
 

Запытаўся ён іх: «А ці ведаеце Лабана, сына Нахора?» Яны адказалі: «Ведаем».
 

«Ці здаровы ён?» — пытаецца. — «Здаровы, — адказваюць, — а вось і дачка яго Ракель прыйшла са статкам».
 

І сказаў ён: «Яшчэ многа дня застаецца, і не час зганяць статкі, дайце піць авечкам і зноў завядзіце іх на выган».
 

Яны ж сказалі: «Не можам, пакуль не збярэцца ўся жывёла, і тады адсунем камень ад вусця студні, каб напаіць статкі».
 

Калі так Якуб з імі размаўляў, вось, Ракель падышла з авечкамі бацькі свайго; бо яна сама пасвіла статак.
 

І калі Якуб убачыў Ракель, дачку Лабана, брата маці сваёй, а таксама авечак Лабана, брата маці сваёй, падышоў, адсунуў камень ад вусця студні
 

і напаіў статак Лабана, брата маці сваёй. Потым Якуб пацалаваў Ракель і расплакаўся ўголас;
 

і сказаў ёй, што ён сваяк бацькі яе, сын Рэбэкі. А яна пабегла і паведаміла бацьку свайму.
 

Той, калі пачуў, што прыйшоў Якуб, сын сястры яго, выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў, і ўвёў у дом свой. І, пачуўшы пра ўсё, што адбылося,
 

сказаў: «Ты сапраўды косць мая і цела маё!» І пасля таго, як Якуб пражыў у яго цэлы месяц,
 

сказаў яму Лабан: «Ці за тое, што ты брат мой, ты мне задарма будзеш служыць? Скажы, якую плату прымеш?»
 

А меў ён дзве дачкі: імя старэйшай Лія, а малодшая называлася Ракель.
 

Лія на вочы была слабая, а Ракель была складная і мілага выгляду.
 

Якуб, паколькі яе пакахаў, сказаў: «Буду табе служыць за Ракель, дачку тваю малодшую, сем гадоў».
 

Лабан адказаў: «Лепш табе яе аддам, чым другому чалавеку, заставайся ў мяне».
 

І служыў Якуб за Ракель сем гадоў, і здаваліся яму кароткімі дні дзеля вялікай любові.
 

І сказаў ён Лабану: «Прамінуў ужо час, дай мне жонку маю, каб я ўвайшоў да яе».
 

Той, склікаўшы ўсіх людзей мясцовасці на баль, зрабіў вяселле.
 

А вечарам узяў Лію, дачку сваю, і ўвёў да яго, і ён увайшоў да яе.
 

І даў Лабан паслугачку на імя Зільпа для дачкі. Калі развіднела, агледзеўся, што гэта была Лія.
 

І сказаў ён цесцю свайму: «Што ты гэта мне зрабіў? Ці ж не за Ракель я служыў табе? Чаму ты мяне ашукаў?»
 

Лабан адказаў: «У нашай мясцовасці няма звычаю, каб малодшую выдаваць замуж перад старэйшай.
 

Будзь тыдзень з гэтаю, а потым дам табе і другую, за якую, аднак, адслужыш у мяне сем іншых гадоў».
 

Той пагадзіўся, і, калі прайшоў тыдзень, даў яму Лабан дачку сваю Ракель за жонку.
 

Ён даў ёй паслугачкаю Більгу.
 

І Якуб увайшоў таксама да Ракелі і кахаў яе болей, чым Лію. І служыў ён у яго яшчэ сем гадоў.
 

А Госпад, бачачы, што пагарджаў Ліяй, адкрыў яе ўлонне, а Ракель была няплоднай.
 

І Лія пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Рубэн, кажучы: «Убачыў Госпад маё ўпакарэнне, цяпер муж мой будзе мяне любіць».
 

А калі зноў пачала і нарадзіла сына, сказала: «Паколькі Госпад пачуў, што я занядбана, то даў мне і гэтага», і назвала яго імем Сімяон.
 

Пачала ў трэці раз, і нарадзіла яшчэ сына, і сказала: «Ужо цяпер муж мой прытуліцца да мяне за тое, што я нарадзіла яму трох сыноў», і таму назвала яго імем Леві.
 

Чацвёрты раз пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер я буду славіць Госпада», і дзеля таго назвала яго Юда, і перастала нараджаць.