1 да Карынфянаў 6 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Як можа каторы з вас, маючы зыскі да іншага, судзіцца перад бязбожнымі, а ня перад сьвятымі?
 
Як адважваецца хто з вас, маючы справу супроць другога, судзіцца перад няправеднымі, а не перад святымі?

Хіба ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вы будзеце судзіць сьвет, дык ці ж вы ня вартыя судзіць менш важныя справы?
 
Ці вы не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? І калі вамі судзіцца свет, то няўжо вы нявартыя найменшых судоў?

Хіба ня ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, дык ці ня тым болей справы жыцьцёвыя?
 
Ці не ведаеце вы, што мы будзем судзіць анёлаў, не тое, што справы гэтага жыцця?

А вы, калі маеце жыцьцёвыя цяжбіны, ставіце за судзьдзяў тых, хто за нішто не ўважаецца ў царкве.
 
Дык калі ў вас праходзяць суды па справах гэтага жыцця, то вы саджаеце суддзямі тых, хто нічога не значыць у царкве?

На сорам ваш кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага разумнага, які мог бы рассудзіць братоў сваіх?
 
На ваш сорам кажу. Так няўжо няма між вас ніводнага мудрага, які б мог рассудзіць між сваімі братамі.

Але брат з братам судзіцца, і да таго ж перад няверуючымі.
 
А брат з братам судзіцца, прытым перад бязвернымі.

І тое ўжо даволі вас прыніжае, што вы маеце цяжбіны паміж сабою. Ці ня лепей было б вам заставацца ў крыўдзе? ці ня лепей было б вам цярпець нягоды?
 
Дык гэта для вас прыніжэнне, што вы маеце судовыя справы адзін з адным. Чаму б не лепей заставацца пакрыўджанымі? Чаму б вам лепей не пацярпець шкоду?

Але вы самі крыўду ўчыняеце і адбіраеце, да таго ж у братоў.
 
Але вы крыўдзіце і ашукваеце, і гэта братоў.

Хіба ня ведаеце, што няправедныя Царства Божага не спадкуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блудадзеі, ні балвахвалы, ні пералюбцы, ні ганебцы, ні рукаблуды, ні мужаложцы,
 
Ці вы не ведаеце, што няправедныя не атрымаюць у спадчыну Царства Божага? Не падманвайце сябе: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні збачэнцы, ні мужаложнікі,

ні ліхазьдзірцы, ні зладзеі, ні п’яніцы, ні ліхасловы, ні драпежнікі — Царства Божага не спадкуюць.
 
ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні ліхамоўцы, ні грабежнікі — не атрымаюць у спадчыну Царства Божага.

І такімі былі некаторыя з вас, але абмыліся, але асьвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
 
І такімі былі некаторыя з вас; але вы былі абмыты, але вы былі асвечаны, але былі апраўданы імем [нашага] Госпада Ісуса Хрыста і Духам нашага Бога.

Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною.
 
Усё мне дазволена, але не ўсё на карысць; усё мне дазволена, але я нічому не буду падуладны.

Ежа для чэрава, а чэрава для ежы; але Бог зьнішчыць і тое і другое. А цела не для распусты, а для Госпада, і Гасподзь для цела.
 
Ежа для чэрава і чэрава для ежы, але Бог і тое і другое ператворыць у нішто. Цела ж не дзеля распусты, а для Госпада, і Госпад для цела.

Бог уваскрэсіў Госпада, уваскрэсіць і нас сілаю Сваёю.
 
А Бог і Госпада ўваскрасіў і нас уваскрэсіць Сваёю сілаю.

Хіба ня ведаеце, што целы вашыя — чэлесы Хрыстовыя? Дык вось, ці адны чэлесы ў Хрыста, каб зрабіць іх чэлесамі распусьніцы? Хай ня будзе!
 
Ці вы не ведаеце, што вашы целы — члены Хрыстовы? Дык, узяўшы члены Хрыстовы, ці зраблю іх членамі распусніцы? Вядома ж не! Ніколі.

Альбо ня ведаеце, што той, хто паруецца з распусьніцаю, робіцца адным целам зь ёю; бо сказана: «двое будуць адна плоць».
 
Ці вы не ведаеце, што той, хто злучаецца з распусніцаю — з ёю адно цела? Бо Ён кажа: «Двое будуць адным целам».

А хто яднаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух (з Госпадам).
 
А хтозлучаецца з Госпадам, ёсць адзін дух з Госпадам.

Унікайце распусты; усякі грэх, які ўчыняе чалавек, ёсьць па-за целам, а распусьнік грэшыць супраць свайго цела.
 
Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які б ні зрабіў чалавек, — па-за целам; а хто распуснічае, грашыць супраць уласнага цела.

Ці ня ведаеце, што целы вашыя — храм Сьвятога Духа, Які ў вас жыве, Якога маеце вы ад Бога, і вы не належыце сабе?
 
Ці вы не ведаеце, што ваша цела6 — храм Святога Духа, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і вы не свае ўласныя?

Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія — Божыя.
 
Бо вы куплены дарагою цаною. Дык праслаўляйце ж Бога ў вашым целе [і ў вашым духу, у тых, якія ёсць ад Бога].