1 да Карынфянаў 9 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Ці не апостал я? Ці ня вольны я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не мая дзея вы ў Госпадзе?
Ці я не свабодны? Ці я не Апостал? Ці я не ўбачыў Ісуса, нашага Госпада? Ці вы — не мая праца ў Госпадзе?
Калі іншым я не апостал, дык для вас апостал, бо пячаць майго апостальства — вы ў Госпадзе.
Калі для іншых я не Апостал, то ўсё ж для вас я — Апостал: бо пячатка майго апостальства — вы ў Госпадзе.
Вось мая абарона супроць асуднікаў маіх.
Вось маё апраўданне перад тымі, хто асуджае мяне.
Альбо мы ня маем улады есьці і піць?
Ці мы не маем права есці і піць?
Альбо ня маем улады мець спадарожніцаю сястру жонку, як і астатнія апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа?
Ці мы не маем права вадзіць з сабою сястру-жонку, як і астатнія Апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа?
Альбо адзін я і Варнава ня маем улады не працаваць?
Ці адзін я і Варнава не маем права не працаваць?
Які ваяр служыць калі-небудзь сваім коштам? Хто, пасадзіўшы вінаград, ня есьць пладоў яго? Хто, пасучы статак, ня есьць малака ад статку?
Хто калі-небудзь служыць воінам на свой кошт? Хто садзіць вінаграднік і не есць яго плод? Ці хто пасвіць статак і не п’е малака ад статка?
Ці толькі па людзкой развазе я гэта кажу? Ці ня тое самае кажа і закон?
Ці толькі па чалавечай развазе я гэта кажу? Ці не кажа гэтага і закон?
Бо ў Майсеевым законе напісана: «ня цугляй мызу валу, які малоціць». Ці пра валоў дбае Бог?
Бо ў Маісеевым законе напісана: «Не закрывай рот валу, які малоціць». Ці пра валоў клапоціцца Бог?
Альбо, можа, нам гаворыцца? Так, нам гэта напісана; бо, хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае.
Ці не для нас увогуле Ён гэта кажа? Так, для нас гэта было напісана, бо хто арэ, павінен араць з надзеяй, і хто малоціць — з надзеяй мець сваю долю.
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, дык ці вялікае тое, калі пажнём у вас цялеснае?
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікае гэта, калі мы пажнём ад вас цялеснае?
Калі іншыя маюць у вас уладу, дык ці ня болей мы? Але мы не карысталіся гэтай уладай, а ўсё пераносім, каб не паставіць якое перашкоды зьвеставаньню Хрыстоваму.
Калі іншыя маюць у вас удзел ва ўладзе, ці не тым больш мы? Але мы не пакарысталіся гэтаю ўладай, а ўсё пераносім, каб не было ад нас ніякай перашкоды дабравесцю Хрыстоваму.
Хіба ня ведаеце, што слугі пры храме кормяцца з храма? што слугі пры ахвярніку бяруць долю з ахвярніка?
Ці не ведаеце вы, што тыя, хто працуе пры святыні, ядуць тое, што са святыні, а тыя, хто слугуе пры ахвярніку, ад ахвярніка маюць долю?
Так сама і Гасподзь наказаў прапаведнікам Дабравесьця жыць са зьвеставаньня.
Так і Госпад загадаў, каб тыя, хто абвяшчае дабравесце, жылі ад дабравесця.
Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў гэта на тое, каб так было мне; бо мне лепей памерці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.
Але сам я не пакарыстаўся нічым з гэтага; і я напісаў гэта не для таго, каб так было са мною; бо лепш было б мне памерці, чым дазволіць, каб нехта пазбавіў мяне гэтай славы.
Бо, калі я зьвястую, дык няма мне чым хваліцца, бо гэта мусовы абавязак мой, і гора мне, калі не зьвястую!
Бо калі я буду дабравесціць, то мне няма чым хваліцца, бо на мне ляжыць неабходнасць; бо бяда мне, калі я не буду дабравесціць.
Бо калі раблю гэта з добрае волі, дык мецьму ўзнагароду; а калі ня з добрае волі, дык выконваю толькі даверанае мне служэньне.
Бо калі я раблю гэта дабраахвотна, то маю ўзнагароду; калі не дабраахвотна, то выконваю толькі даручанае мне служэнне.
За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Дабравесьце, зьвястую пра Хрыста бескарысьліва, не карыстаючыся маёй уладаю ў зьвеставаньні.
Дык якая мая ўзнагарода? Тая, што, абвяшчаючы без платы дабравесце [Хрыста], не карыстаюся правам, якое дае мне дабравесце.
Бо, будучы вольны ад усіх, я зрабіўся слугою ўсім, каб болей здабыць:
Бо хоць я вольны ад усіх, я зрабіўся нявольнікам усіх, каб тым больш іх прыдбаць;
для Юдэяў я быў як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб здабыць падзаконных;
і я стаў для іудзеяў як іудзей, каб прыдбаць іудзеяў; для тых, хто пад законам, як падзаконны — хоць сам я не пад законам, — каб прыдбаць тых, хто пад законам;
для тых, хто без закона, — як той, хто без закона, — будучы з законам перад Богам, але падзаконны Хрысту, — каб здабыць тых, хто без закона;
для тых, хто без закону, быў як бы без закону, хоць я не без закону перад Богам, а пад законам Хрыстовым, — каб прыдбаць тых, хто без закону;
для нямоглых быў як нямоглы, каб здабыць нямоглых. Для ўсіх я зрабіўся ўсіхнім, каб уратаваць, прынамсі, некаторых.
для слабых я стаў слабым, каб прыдбаць слабых; для ўсіх я зрабіўся ўсім, каб выратаваць, чаго б ні каштавала, некаторых.
А гэта раблю дзеля Дабравесьця, каб быць саўдзельнікам яго.
І я ўсё раблю для дабравесця, каб быць саўдзельнікам яго.
Хіба ня ведаеце вы, што тыя, якія бягуць навыперадкі, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць.
Ці вы не ведаеце, што пры забегу бягуць усе, але адзін атрымлівае ўзнагароду? Так бяжыце, каб атрымаць.
Усе падзьвіжнікі ўстрымліваюцца ад усяго: тыя — каб атрымаць вянок тленны, а мы — нятленны.
І кожны спаборнік устрымліваецца ва ўсім: дык тыя, каб атрымаць вянок тленны, а мы — нятленны.
І таму я бягу ня так, як бы марна, б’юся ня так, каб толькі махаць кулакамі ў паветры;
Таму я бягу так — не як бы без яснай мэты; я б’юся, не як паветра б’ючы;
а ўрымшчваю і занявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому ня стацца нявартым.
а ўтаймоўваю сваё цела і занявольваю, каб, прапаведваючы іншым, самому не стацца нявартым.