1 да Карынфянаў 6 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Як можа каторы з вас, маючы зыскі да іншага, судзіцца перад бязбожнымі, а ня перад сьвятымі?
Ці важыцца хто з вас, правуючыся з другім, прававацца ў несправядлівых, а не ў сьвятых?
Хіба ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вы будзеце судзіць сьвет, дык ці ж вы ня вартыя судзіць менш важныя справы?
Ці ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі сьвет вамі будзе суджаны, ці вы нягожыя найменшага суджэньня?
Хіба ня ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, дык ці ня тым болей справы жыцьцёвыя?
Ці вы ня ведаеце, што мы будзем судзіць ангілаў? Пагатове справы гэтага жыцьця.
А вы, калі маеце жыцьцёвыя цяжбіны, ставіце за судзьдзяў тых, хто за нішто не ўважаецца ў царкве.
А вы, як мелі справы гэтага жыцьця, пасадзілі судзіць пагрэбаваных у царкве.
На сорам ваш кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага разумнага, які мог бы рассудзіць братоў сваіх?
На сорам вам кажу: нягож няма памеж вас ні воднага разумнага, што мог бы рассудзіць памеж братоў сваіх?
Але брат з братам судзіцца, і да таго ж перад няверуючымі.
Але брат із братам правуецца, ды перад нявернікамі.
І тое ўжо даволі вас прыніжае, што вы маеце цяжбіны паміж сабою. Ці ня лепей было б вам заставацца ў крыўдзе? ці ня лепей было б вам цярпець нягоды?
У такім прылучаю ўжо запраўды заганаю наагул у вас ё, што вы правуецеся мяжсобку. Чаму валей ня церпіце крыўды? чаму валей не застаіцеся ашуканымі?
Але вы самі крыўду ўчыняеце і адбіраеце, да таго ж у братоў.
Але вы крыўдзіце а шкодзіце, ды гэта братоў.
Хіба ня ведаеце, што няправедныя Царства Божага не спадкуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блудадзеі, ні балвахвалы, ні пералюбцы, ні ганебцы, ні рукаблуды, ні мужаложцы,
Ці вы ня ведаеце, што несправядлівым не спадзець гаспадарства Божае? Не давайцеся зводзіць: ані бязулям, ані балвахвалам, ані чужаложнікам, ані вельма скунежаным, ані мужаложнікам,
ні ліхазьдзірцы, ні зладзеі, ні п’яніцы, ні ліхасловы, ні драпежнікі — Царства Божага не спадкуюць.
Ані злодзеям, ані гальлівым, ані п’яніцам, ані абмоўцам, ані дзяруном не спадзець гаспадарства Божае.
І такімі былі некаторыя з вас, але абмыліся, але асьвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
І гэткімі былі некатрыя з вас; але абмыты, але ўсьвячаны, але аправены імям Спадара нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною.
Усе імне дазволена, але ня ўсе карысна; усе імне дазволена, але ня буду я пад уладаю чаго-колечы.
Ежа для чэрава, а чэрава для ежы; але Бог зьнішчыць і тое і другое. А цела не для распусты, а для Госпада, і Гасподзь для цела.
Ежа да жывата, і жывот да ежы; але Бог зьнішча адно й другое. Цела не да бязулства, але да Спадара, і Спадар да цела.
Бог уваскрэсіў Госпада, уваскрэсіць і нас сілаю Сваёю.
Бог ускрысіў Спадара, ускрысіць і нас магутнасьцю Сваёй.
Хіба ня ведаеце, што целы вашыя — чэлесы Хрыстовыя? Дык вось, ці адны чэлесы ў Хрыста, каб зрабіць іх чэлесамі распусьніцы? Хай ня будзе!
Ці вы ня ведаеце, што целы вашы — гэта чаланы Хрыстовы? Дык ці адыйму чаланы ў Хрыста, каб зрабіць іх чаланамі бязулі? Няхай ня станецца так!
Альбо ня ведаеце, што той, хто паруецца з распусьніцаю, робіцца адным целам зь ёю; бо сказана: «двое будуць адна плоць».
Альбо ня ведаеце, што тый, каторы лучыцца зь бязуляю, ёсьць адно цела зь ёю, бо кажацца: «Двое будуць адно цела».
А хто яднаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух (з Госпадам).
Але тый, што адзіночыцца із Спадаром, ёсьць адзін Дух.
Унікайце распусты; усякі грэх, які ўчыняе чалавек, ёсьць па-за целам, а распусьнік грэшыць супраць свайго цела.
Уцякайце ад бязулства: кажны грэх, які робе людзіна, ё вонках цела; а бязуля грэша супроці собскага цела свайго.
Ці ня ведаеце, што целы вашыя — храм Сьвятога Духа, Які ў вас жыве, Якога маеце вы ад Бога, і вы не належыце сабе?
Ці ня ведаеце, што целы вашы ё дом жывучага ў вас Сьвятога Духа, Каторага вы маеце ад Бога, і вы не свае?
Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія — Божыя.
Бо вы купленыя цаною. Затым услаўляйце Бога ў целах сваіх.