Ёва 13 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Вось, усе бачыла вока мае, слухала вуха мае й зацеміла сабе.
Колькі ведаеце вы, ведаю таксама я; не зваліўся я ніжэй за вас.
Але я гукаў бы да Ўсемагучага, і даводзіць Богу жадаю.
Але вы выдумляеце ману, бескарысныя лекары ўсі вы.
О, каб вы сусім маўчэлі! гэта было б вам за мудрасьць.
Чуйце ж мае вымаўкі й паслухайце довадаў вуснаў маіх.
Ці вы будзеце гукаць хвальшыва Богу й гукаць манліва Яму?
Ці вы будзеце падлыгаваць відзеньню Ягонаму, ці будзеце сьперачацца за Бога?
Ці добра будзе, калі Ён прасоча вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукуюць чалавека?
Ён стродка пакарае вас, дарма што вы патай двудушнічаеце.
Нягож вялічча Ягонае не лякае вас, і страх Яго не нападае на вас?
Памяць вашая падобная да попелу; вышыні вашы як вышыні гліняныя.
Замаўчыце перад імною, і я буду гукаць, што б ня стрэла мяне.
Нашто імне браць цела свае зубамі сваімі і душу сваю класьці ў даланю сваю?
Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца на Яго; я жадаў бы толькі абараніць дарогі свае перад відам Ягоным!
Таксама Ён будзе маім спасеньням, бо падлыжнік ня стане да яго.
Слухайце ўважліва словы мае і зьясьненьне мае вушамі сваімі.
Вось, я пачаў прававацца; ведаю, што будзе праўда мая.
Хто будзе сьперачацца з імною? бо тады я змоўк бы й сканаў.
Адно дзьвюх рэчаў не рабі з імною, і тады я ня буду хавацца ад відзеньня Твайго:
Аддаль ад мяне даланю Сваю, і жах Твой няхай не калоце мяне.
Тады гукай, і я буду адказаваць; альбо буду гукаць я, а Ты адказуй імне.
Колькі ў мяне бяспраўя а грахоў? выступ мой а грэх мой пакажы імне.
Чаму хаваеш відзеньне Свае і маеш мяне за непрыяцеля Сабе?
Ці не зарваны ліст Ты страшыш і перасьлядуеш сухое ўмецьце?
Ты пішаш на мяне гарчыню й даеш імне на спадак бяспраўі маладосьці мае.
Ставіш у калодкі ногі мае й назіраеш усі сьцежкі мае, — значыш сьляды ног маіх.
А ён, як гнільлё гніець, як адзецьце, зьедзенае моляй.