Да Рымлянаў 11 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Дык кажу: ціж адхінуў Бог люд Свой? Няхай ня станецца так! Бо я таксама Ізраелянін, з насеньня Абрагамовага, з плямені Веняміновага.
 
Дык пытаюся: няўжо адкінуў Бог народ Свой? Ніякім чынам! Бо і я Ізраэлец з нашчадкаў Абрагама, з пакалення Беньяміна.

Не адхінуў Бог люду Свайго, каторы Ён наперад знаў. Ці ня ведаеце вы, што Пісьмо кажа ў «Ільлю», як ён адзываецца да Бога супроці Ізраеля?
 
Не адкінуў Бог народа Свайго, які ведаў загадзя. Ці не ведаеце, што Пісанне кажа аб Іллі? Як ён скардзіцца Богу на Ізраэля:

«Спадару, прарокаў Тваіх яны забілі, аброчнікі Твае абурылі, і я застаўся адзін, і шукаюць жыцьця майго».
 
«Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі, алтары Твае паразвальвалі, застаўся я толькі адзін, і на маю душу цікуюць».

ІІІто ж кажа яму адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, каторыя ня клякалі перад Ваалам».
 
А што ж кажа яму адказ Божы? «Пакінуў Я Сабе сем тысяч мужоў, якія не ўкленчылі перад Баалам».

Гэтак і цяпер засталася астача подле абраньня ласкі.
 
Так вось і ў наш час захавалася рэштка, выбраная ласкай.

Але калі ласкаю, дык ня з учынкаў; накш ласка ня была б ужо ласкаю. А калі з учынкаў, дык ужо няма з ласкі; накш учынак ня быў бы ўчынак.
 
А калі з ласкі, дык не за ўчынкі, інакш ласка не была б ужо ласкай.

Што ж? Чаго шукаў Ізраель, таго не адзяржаў, але абраныя адзяржалі, а засталыя закалянелі,
 
Дык што ж? Чаго шукаў Ізраэль, таго не дасягнуў, дасягнулі толькі выбраныя; іншыя ж аслеплі,

Як напісана: «Бог даў ім духа соннасьці, вочы ня бачаць, і вушы ня чуюць, дагэтуль».
 
як напісана: «Даў ім Бог духа атупення, вочы, каб не бачылі, і вушы, каб не чулі, аж па сённяшні дзень».

І Давід кажа: «Няхай будзе стол іхны сілом а пасадкаю а спадманам і адплатаю ім;
 
І Давід кажа: «Хай стол іх станецца ім сілом, і пасткаю, і згаршэннем, і адплатаю ім.

Няхай вочы іхныя пацямнеюць, і хрыбет іхны будзе скрыўлены назаўсёды».
 
Хай вочы іх зацемрацца, каб не бачылі, а хрыбет іх хай згорбіцца назаўсёды».

Дык кажу: ці яны спатыкнуліся, каб паваліцца? Няхай ня станецца так! Але ўпадак іхны ё спасеньне народам, каб выклікаць завісьць у іх.
 
Дык я кажу: няўжо яны спатыкнуліся каб упасці? Ніякім чынам! Але іх упадак стаўся для паганаў збаўленнем, каб прынукаць іх да руплівасці.

Калі ж упадак іхны — багацьце сьвету, і страта іхная — багацьце народам, тым большая паўніня іхная.
 
Калі іх упадак стаўся багаццем для свету, і паніжэнне іх — багацце для паганаў, дык тым больш іх поўня.

Бо вам кажу, народам: як апостал народаў, я ўслаўлю службу сваю,
 
Вам жа, паганам, кажу: пакуль застаюся апосталам паганаў, ганаруся сваёй паслугай,

Каб якім-колечы парадкам выклікаць завісьць тых, што майго цела, і спасьці некатрых ізь іх.
 
бо, можа, як-небудзь паклічу да руплівасці кроўных маіх і хоць некаторых прывяду да збаўлення.

Бо калі адхіненьне іх будзе пагаджэньням сьвету, то што прыймо, як ня жыцьцё зь мертвых?
 
Бо калі іх адрынутасць ёсць прымірэнне свету, то чым жа будзе далучэнне, калі не жыццём з мёртвых?

Калі першы абраканы кавалак сьвяты, дык і цеста сьвятое; а калі карэнь сьвяты, дык і галузы.
 
Бо калі рошчына святая, дык і цеста, і калі корань святы, то і галіны.

Калі ж некатрыя з галузаў адламіліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхнае і стала ўчасьніцаю караня й туку алівы,
 
Калі ж некаторыя галіны былі адламаныя, а на іх месца ты быў прышчэплены, што быў аліўнай дзічкай, ты стаўся супольнікам тлустасці кораня алівы,

Не хваліся супроці галузаў. Калі ж хвалішся, ведай, што ня ты карэнь нясеш, але карэнь цябе.
 
дык не ганарыся адносна галін, бо калі будзеш ганарыцца, [то ведай,] што не ты трымаеш корань, але ён цябе.

Скажаш: «Галіны адламіліся, каб імне прышчапіцца».
 
Можа скажаш: «Адламаны галіны, каб я быў прышчэплены».

Добра. Яны адламіліся нявераю, а ты дзяржышся вераю; не вяльмуйся, але бойся.
 
Слушна; адламаны яны дзеля недаверства, а ты трымаешся верай. Таму не мудруй, але сцеражыся.

Бо калі Бог прыродных галузаў не пашчаджаў, ці й цябе пашчаджае.
 
Бо калі Бог не пашкадаваў галін прыродных, можа таксама не пашкадаваць і цябе.

Дык бачыш дабрыню й стродкасьць Божую: стродкасьць да адпалых, дабрыню Божую да цябе, калі будзеш трываць у дабрыні; накш і ты будзеш адцяты.
 
Дык уважай на дабрату ды суровасць Божую: на суровасць адносна тых, што ўпалі, і дабрату Божую да цябе, калі толькі вытрываеш у дабраце, бо інакш і ты будзеш адкінуты.

Але й тыя, калі не застануцца ў няверы, прышчэпяцца, бо Бог дуж ізноў прышчапіць іх.
 
Але і яны, калі не будуць трываць у недаверстве, будуць прышчэплены, бо Бог мае магутнасць ізноў іх прышчапіць.

Бо калі ты адцяты зь дзікое прыродаю алівы і супроці прыроды прышчэплены да добрае алівы, пагатове тыя прыродныя прышчэпяцца да свае собскае алівы.
 
Бо калі быў ты адсечаны ад прыроднай табе аліўнай дзічкі і насупраць прыроды прышчэплены да добрай алівы, дык тым лягчэй могуць быць прышчэплены да сваёй алівы тыя, што прыродныя.

Бо я ня зычу, браты, каб вы былі ў неведзі што да гэтае тайны, — каб вы не мудрагелілі, — што закаляненьне часткава сталася Ізраелю, пакуль ня ўвыйдзе паўніня народаў,
 
Не хачу, браты, каб вы не ведалі гэтай таямніцы, каб вы не мудравалі  залішне, бо слепата закранула Ізраэля толькі часткова, пакуль увойдзе паўната паганаў.

І гэтак увесь Ізраель спасецца, як напісана: «Прыйдзе із Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якава;
 
І тады ўвесь Ізраэль будзе збаўлены, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Збаўца, Ён адверне бязбожнасць ад Якуба.

І гэта ўмова ім ад Мяне, як Я здыйму зь іх грахі іхныя».
 
І гэта ім ад Мяне запавет, калі здыму з іх грахі іх».

Узглядам дабравесьці яны непрыяцелі вам; а ўзглядам абраньня любовыя дзеля айцоў.
 
Паводле Евангелля яны — ворагі для вас, а паводле абрання — умілаваныя дзеля бацькоў.

Бо дары а пагуканьне Божыя нязьменныя.
 
Бо дары і пакліканне Божае нязменныя.

Бо як вы некалі былі непаслухменыя Богу, а цяпер дасяглі міласэрдзя з прычыны іх непаслухменства,
 
Як і вы калісьці не верылі Богу, а цяпер даступіліся міласэрнасці дзеля іх няверства,

Так і яны цяпер не паслухалі, каб дзеля міласэрдзя вам і яны міласэрдзя дасяглі.
 
так і яны цяпер не ўверылі дзеля міласэрнасці для вас, каб і самі цяпер даступіліся міласэрнасці.

Бо Бог замкнуў усіх у непаслухменстве, каб над усімі зьмілавацца.
 
Бо замкнуў Бог ўсіх у няверства, каб усім аказаць Сваю літасць.

О глыбіня багацьцяў мудрасьці а ведзі Божае! Як неспатачальныя суды Ягоныя, і недасьледавальныя дарогі Ягоныя!
 
О глыбіня багацця, і мудрасці, і ведання Божага! Як недаследныя суды Яго і непрасачальныя шляхі Яго!

Бо хто пазнаў розум Спадароў? Або хто быў Яму параднікам?
 
Бо хто калі пазнаў думку Госпада? Або хто быў дарадчыкам Яго?

Або хто даў яму ўперад, каб Ён меў аддаць яму?
 
Або хто даў Яму наперад, каб Ён аддаў таму назад?

Бо ўсе зь Яго а Ім а да Яго. Яму слава на векі, амін.
 
Бо ўсё ад Яго, праз Яго і для Яго. Яму хвала навечна! Амін.