Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Дык кажу: ціж адхінуў Бог люд Свой? Няхай ня станецца так! Бо я таксама Ізраелянін, з насеньня Абрагамовага, з плямені Веняміновага.
Дык кажу: няўжо Бог адапхнуў народ Свой? Няхай ня станецца! Бо і я — Ізраільцянін, з насеньня Абрагама, з калена Бэн’яміна.
Не адхінуў Бог люду Свайго, каторы Ён наперад знаў. Ці ня ведаеце вы, што Пісьмо кажа ў «Ільлю», як ён адзываецца да Бога супроці Ізраеля?
Не адапхнуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Ці ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю, як той скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
«Спадару, прарокаў Тваіх яны забілі, аброчнікі Твае абурылі, і я застаўся адзін, і шукаюць жыцьця майго».
«Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі і ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і душу маю шукаюць».
ІІІто ж кажа яму адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, каторыя ня клякалі перад Ваалам».
Але што кажа яму адказ Божы? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, якія не схілілі калені перад Баалам».
Гэтак і цяпер засталася астача подле абраньня ласкі.
Дык гэтак і ў цяперашні час рэшта паводле выбраньня ласкі захавалася.
Але калі ласкаю, дык ня з учынкаў; накш ласка ня была б ужо ласкаю. А калі з учынкаў, дык ужо няма з ласкі; накш учынак ня быў бы ўчынак.
А калі праз ласку, дык не праз учынкі, іначай ласка ўжо ня ёсьць ласка. А калі праз учынкі, дык гэта ня ласка, іначай учынак ужо ня ёсьць учынак.
Што ж? Чаго шукаў Ізраель, таго не адзяржаў, але абраныя адзяржалі, а засталыя закалянелі,
Дык што? Што шукае Ізраіль, таго не атрымаў; выбраныя атрымалі, а іншыя былі закамянелыя [сэрцам],
Як напісана: «Бог даў ім духа соннасьці, вочы ня бачаць, і вушы ня чуюць, дагэтуль».
як напісана: «Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да сёньняшняга дня».
І Давід кажа: «Няхай будзе стол іхны сілом а пасадкаю а спадманам і адплатаю ім;
І Давід кажа: «Няхай станецца стол іхні пасткаю, і цянётамі, і згаршэньнем, і аднагародаю.
Няхай вочы іхныя пацямнеюць, і хрыбет іхны будзе скрыўлены назаўсёды».
Няхай зацемняцца вочы іхнія, якімі ня бачаць, і хрыбет іхні няхай будзе сагнуты назаўсёды».
Дык кажу: ці яны спатыкнуліся, каб паваліцца? Няхай ня станецца так! Але ўпадак іхны ё спасеньне народам, каб выклікаць завісьць у іх.
Дык кажу: Няўжо яны спатыкнуліся, каб упасьці? Няхай ня станецца. Але праступак іхні — збаўленьне паганам, каб збудзіць у іх рупнасьць.
Калі ж упадак іхны — багацьце сьвету, і страта іхная — багацьце народам, тым большая паўніня іхная.
Калі ж праступак іхні — багацьце сьвету, і ўпадак іхні — багацьце паганаў, дык наколькі больш поўнасьць іхняя?
Бо вам кажу, народам: як апостал народаў, я ўслаўлю службу сваю,
Бо кажу вам, паганам: Як апостал паганаў, я ўслаўляю служэньне маё,
Каб якім-колечы парадкам выклікаць завісьць тых, што майго цела, і спасьці некатрых ізь іх.
бо, можа, збуджу руплівасьць у маіх паводле цела і ці ня збаўлю некаторых з іх.
Бо калі адхіненьне іх будзе пагаджэньням сьвету, то што прыймо, як ня жыцьцё зь мертвых?
Бо калі згуба іхняя — прымірэньне сьвету, дык што прыняцьцё, як не жыцьцё з мёртвых?
Калі першы абраканы кавалак сьвяты, дык і цеста сьвятое; а калі карэнь сьвяты, дык і галузы.
Калі зачатак сьвяты, дык і месіва; і калі корань сьвяты, дык і галіны.
Калі ж некатрыя з галузаў адламіліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхнае і стала ўчасьніцаю караня й туку алівы,
Калі ж некаторыя з галінаў былі адламаныя, а ты, дзікая аліўка, быў прышчэплены замест іх і стаўся ўдзельнікам кораня і тлустасьці аліўкі,
Не хваліся супроці галузаў. Калі ж хвалішся, ведай, што ня ты карэнь нясеш, але карэнь цябе.
не вывышайся перад галінамі; а калі вывышаешся, дык [ведай, што] ня ты трымаеш корань, але корань — цябе.
Скажаш: «Галіны адламіліся, каб імне прышчапіцца».
Дык скажаш: «Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены».
Добра. Яны адламіліся нявераю, а ты дзяржышся вераю; не вяльмуйся, але бойся.
Добра. Яны адламаныя праз недаверства, а ты трымаешся праз веру; дык не ўзьвялічвайся, але бойся.
Бо калі Бог прыродных галузаў не пашчаджаў, ці й цябе пашчаджае.
Бо калі Бог прыродных галінаў не пашкадаваў, дык ці цябе пашкадуе.
Дык бачыш дабрыню й стродкасьць Божую: стродкасьць да адпалых, дабрыню Божую да цябе, калі будзеш трываць у дабрыні; накш і ты будзеш адцяты.
Дык глядзі на ласкавасьць і срогасьць Божую, срогасьць да тых, якія ўпалі, а ласкавасьць да цябе, калі застанешся ў ласкавасьці [Божай], іначай і ты будзеш сьсечаны.
Але й тыя, калі не застануцца ў няверы, прышчэпяцца, бо Бог дуж ізноў прышчапіць іх.
І тыя, калі не застануцца ў недаверстве, будуць прышчэпленыя, бо Бог магутны ізноў прышчапіць іх.
Бо калі ты адцяты зь дзікое прыродаю алівы і супроці прыроды прышчэплены да добрае алівы, пагатове тыя прыродныя прышчэпяцца да свае собскае алівы.
Бо калі ты адсечаны ад дзікае паводле прыроды аліўкі і, насуперак прыродзе, прывіты да добрае аліўкі, наколькі больш тыя, якія паводле прыроды [ад добрае аліўкі], будуць прышчэпленыя да сваёй аліўкі?
Бо я ня зычу, браты, каб вы былі ў неведзі што да гэтае тайны, — каб вы не мудрагелілі, — што закаляненьне часткава сталася Ізраелю, пакуль ня ўвыйдзе паўніня народаў,
Бо не хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтае тайны, каб вы не былі мудрымі праз сябе, што скамяненьне сталася ў Ізраілі часткова, аж пакуль ня ўвойдзе поўнасьць паганаў,
І гэтак увесь Ізраель спасецца, як напісана: «Прыйдзе із Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якава;
і гэтак увесь Ізраіль збаўлены будзе, як напісана: «Прыйдзе з Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якуба.
І гэта ўмова ім ад Мяне, як Я здыйму зь іх грахі іхныя».
І гэта Мой запавет з імі, калі забяру грахі іхнія».
Узглядам дабравесьці яны непрыяцелі вам; а ўзглядам абраньня любовыя дзеля айцоў.
Дык паводле Эвангельля яны — ворагі для вас, а паводле выбраньня — улюбёныя дзеля бацькоў.
Бо дары а пагуканьне Божыя нязьменныя.
Бо нязьменныя дары і пакліканьне Божае.
Бо як вы некалі былі непаслухменыя Богу, а цяпер дасяглі міласэрдзя з прычыны іх непаслухменства,
Бо як і вы некалі не скараліся Богу, а цяпер памілаваныя праз няскоранасьць іхнюю,
Так і яны цяпер не паслухалі, каб дзеля міласэрдзя вам і яны міласэрдзя дасяглі.
гэтак і яны цяпер не скараюцца дзеля вашага памілаваньня, каб і яны былі памілаваныя.
Бо Бог замкнуў усіх у непаслухменстве, каб над усімі зьмілавацца.
Бо ўсіх Бог замкнуў у няскоранасьць, каб усіх памілаваць.
О глыбіня багацьцяў мудрасьці а ведзі Божае! Як неспатачальныя суды Ягоныя, і недасьледавальныя дарогі Ягоныя!
О, глыбіня багацьця, і мудрасьці, і веданьня Божага! Як неспасьцігальныя прысуды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!
Бо хто пазнаў розум Спадароў? Або хто быў Яму параднікам?
Бо хто пазнаў розум Госпада? Ці хто стаўся дарадцам Яму?
Або хто даў яму ўперад, каб Ён меў аддаць яму?
Ці хто даў Яму наперад, каб Ён аддаў яму?
Бо ўсе зь Яго а Ім а да Яго. Яму слава на векі, амін.
Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і для Яго. Яму слава на вякі. Амэн.