Да Рымлянаў 15 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Мы, дужыя, маем несьці няўздоленьні кволых, а не гадзіць самым сабе.
Мы, моцныя, павінны насіць слабасьці нямоглых і не дагаджаць сабе.
Няхай кажны з нас годзе бліжняму да дабра, дзеля збудаваньня.
Бо кожны з нас няхай дагаджае бліжняму на дабро, дзеля збудаваньня.
Бо й Хрыстос не Сабе гадзіў, але як напісана: «Ганьбеньні ганьбячых Цябе палі на Мяне».
Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, але, як напісана: «Зьнявагі тых, якія зьневажаюць Цябе, упалі на Мяне».
А ўсе, што пісана было ўперад, напісана нам на навуку, каб цярплівосьцяй і пацяшэньням Пісьмаў мелі надзею.
Бо ўсё, што было напісана, было напісана дзеля нашага навучаньня, каб праз цярплівасьць і суцяшэньне з Пісаньняў мы мелі надзею.
Бог жа цярплівосьці й пацяшэньня няхай дасьць вам жыць у згодзе адным із аднымі подле Хрыста Ісуса,
А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам тое самае думаць між сабою паводле [ўзору] Хрыста Ісуса,
Каб вы згодна, аднымі вуснамі славілі Бога і Айца Спадара нашага Ісуса Хрыста.
каб вы аднадушна, аднымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Дык прыймайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас да славы Божае.
Дзеля гэтага прыймайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў нас у славу Божую.
Бо кажу, што Ісус Хрыстос стаў слугою абразаньня дзеля праўды Божае, каб пацьвярдзіць абятніцу айцом;
Бо я кажу, што Ісус Хрыстос стаўся служыцелем абразаньня дзеля праўды Божай, каб пацьвердзіць абяцаньні бацькам,
І каб народы славілі Бога за міласэрдзе, як напісана: «За гэта вызнаю Цябе памеж народаў і імені Твайму буду пяяць».
а [служыцелем] паганаў — дзеля літасьці, каб славілі Бога, як напісана: «Дзеля гэтага буду вызнаваць Цябе між паганамі і сьпяваць пра імя Тваё».
І ўзноў кажа: «Цешчася, народы, зь людам Ягоным».
І яшчэ кажа: «Узьвесяліцеся, пагане, з народам Яго!»
І ўзноў: «Хваліце Спадара, усі народы, і выхваляйце Яго, усі люды».
І яшчэ: «Хваліце Госпада, усе пагане, і ўсхваляйце Яго, усе народы!»
І ўзноў Ісая кажа: «Будзе карэнь Есаў, і паўстане радзіць народы; на Яго народы спадзявацца будуць».
І яшчэ Ісая кажа: «Будзе корань Есэя, Той, Які паўстане, панаваць над народамі; на Яго народы спадзявацца будуць».
А цяпер жа Бог надзеі няхай напоўне вас усялякай радасьцяй а супакоям у веры, каб вы, моцаю Духа Святога, былі вельмі багатыя надзеяю.
А Бог надзеі няхай напоўніць вас усякай радасьцю і супакоем у веры, каб памножыць у вас надзею моцаю Духа Сьвятога.
Але я пераканаўшыся, браты мае, я таксама ўзглядам вас, што й вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякім знацьцём і можаце навучаць адны адных;
І я сам, браты мае, перакананы адносна вас, што і вы поўныя добрасьці, напоўненыя ўсякім веданьнем і можаце настаўляць адзін аднаго.
Але пісаў вам, браты, сьмялей, часткава, каб дамяніць, подле ласкі, данае імне Богам,
А тым сьмялей пісаў я да вас, браты, часткова, каб нагадаць вам праз дадзеную мне ад Бога ласку
Быць слугачым Хрыста Ісуса народам, дзеючы аброчную службу дабравесьці Божай, каб аброк народаў, пасьвячаны Духам Сьвятым, быў прыемны Богу.
быць мне служыцелем Ісуса Хрыста для паганаў, сьвятарна служачы Эвангельлю Божаму, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, была адпаведнай.
Дык я магу пахваліцца Божым у Хрысту Ісусу;
Дык маю пахвалу ў Хрысьце Ісусе ў тым, што Божае,
Бо ня важуся сказаць чаго-колечы такога, чаго ня зьдзеяў Хрыстос імною да паслухменства народаў, словам і ўчынкам,
бо не адважуся гаварыць нешта такое, чаго не зрабіў Хрыстос праз мяне дзеля [прывядзеньня да] паслухмянасьці паганаў, словам і справаю,
Моцаю знакоў а чудосаў, сілаю Духа Божага, так што ад Ерузаліму а аколіцаў аж да Ілірыку напоўніў дабравесьцяй Хрыстовай.
у моцы знакаў і цудаў, у моцы Духа Божага, так што Эвангельле Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліму і ваколіцы аж да Ілірыка.
Ды я імкнуўся абяшчаць дабравесьць ня там, ідзе быў менаваны Хрыстос, каб ня ставіць на подзе другога;
А пры гэтым я намагаўся дабравесьціць ня там, дзе быў абвешчаны Хрыстос, каб не будаваць на чужым падмурку,
Але як напісана: «Каторым нічога не павядалі празь Яго, абачаць, і нячуючыя зразумеюць».
але, як напісана: «Тыя, якім не было абвешчана пра Яго, убачаць, і тыя, якія ня чулі, зразумеюць».
Гэта шмат разоў і перакажала імне прысьці да вас.
Дзеля гэтага я і меў шмат перашкодаў, каб прыйсьці да вас.
Цяпер жа, ня маючы ўжо месца ў гэтых краёх, а маючы ад шмат год вялікае жаданьне прысьці да вас,
Цяпер жа, ня маючы больш месца ў гэтых краях і шмат год маючы жаданьне прыйсьці да вас,
Як толькі буду падарожжаваць да Гішпані, прыду да вас. Бо спадзяюся бачыць вас, як буду падарожжаваць, і вы правядзіце мяне туды, як сьпярша пабуду ў вашым таварыстве, хоць часткава.
як толькі пайду ў Гішпанію, прыйду да вас, бо спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, і што вы правядзеце мяне туды, калі часткова насычуся [супольнасьцю] з вамі.
Але цяпер іду да Ерузаліму, паслужыць сьвятым;
А цяпер я іду ў Ерусалім паслужыць сьвятым,
Бо Македоня а Ахая ўважалі за добрае даць памогу бедным сьвятым, што ў Ерузаліме.
бо спадабалася Македоніі і Ахаі зрабіць нейкую падтрымку ўбогім сьвятым, якія ў Ерусаліме.
Яны ўважалі гэта за добрае дый даўжбіты яны іхныя. Бо, калі іншыя народы сталі ўчасьнікамі ў іх духоўным, яны маюць паслужыць і ім у цялесным.
Спадабалася, бо яны вінаватыя іхнія, бо калі пагане сталіся супольнікамі іхнімі ў духоўным, дык павінны паслужыць ім у цялесным.
Споўніўшы гэта і прыпячатаваўшы ім плод гэты, я выпраўлюся пераз вас да Гішпані.
А зьдзейсьніўшы гэта і перадаўшы ім пад пячаткай плод гэты, адыйду праз вас у Гішпанію.
Я ведаю, што, як прыйду да вас, з паўнінёю дабраславенства Хрыстовага прыйду.
А ведаю, што, прыйшоўшы да вас, прыйду ў поўні дабраслаўленьня Эвангельля Хрыстовага.
Прымеж тога малю вас, браты, Спадаром нашым Ісусам Хрыстом а міласьцю Духа, каб вы сілаваліся разам із імною маліцца за мяне Богу,
Малю ж вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, стаць разам са мною ў малітвах за мяне да Бога,
Каб выбавіцца імне ад непаслухменых у Ерузаліме, і каб служба мая гэта была прыймальная сьвятым;
каб быць мне выбаўленым ад тых, якія ня вераць, у Юдэі, і каб служэньне маё для Ерусаліму было адпаведным для сьвятых,
Каб імне, з волі Божае, прысьці да вас у радасьці і можа супачыць із вамі.
каб я ў радасьці прыйшоў да вас паводле волі Бога і супачыў з вамі.
Бог жа супакою будзь із усімі вамі. Амін.
А Бог супакою [няхай будзе] з усімі вамі. Амэн.