1 да Карынфянаў 6 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Ці важыцца хто з вас, правуючыся з другім, прававацца ў несправядлівых, а не ў сьвятых?
Як адважваецца хтосьці з вас, маючы непаразуменне з другім, судзіцца з ім перад нявернымі, а не перад святымі?
Ці ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі сьвет вамі будзе суджаны, ці вы нягожыя найменшага суджэньня?
Няўжо вы не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? І калі вамі будзе суджаны свет, дык няўжо вы не вартыя судзіць меншае?
Ці вы ня ведаеце, што мы будзем судзіць ангілаў? Пагатове справы гэтага жыцьця.
Ці не ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? Дык тым болей справы жыццёвыя.
А вы, як мелі справы гэтага жыцьця, пасадзілі судзіць пагрэбаваных у царкве.
А вы, калі маеце судзіцца ў жыццёвых, ці не ставіце сваімі суддзямі тых, што не маюць пашаны ў царкве.
На сорам вам кажу: нягож няма памеж вас ні воднага разумнага, што мог бы рассудзіць памеж братоў сваіх?
На сорам вам кажу гэта. Няўжо няма ў вас ніводнага разумнага, які мог бы вынесці прысуд сярод братоў сваіх?
Але брат із братам правуецца, ды перад нявернікамі.
А то брат з братам судзіцца, ды яшчэ перад бязвернымі?
У такім прылучаю ўжо запраўды заганаю наагул у вас ё, што вы правуецеся мяжсобку. Чаму валей ня церпіце крыўды? чаму валей не застаіцеся ашуканымі?
Ужо і тое для вас прыніжэнне, што судзіцеся паміж сабой. Чаму вам не лепш прыняць крыўду? Чаму не лепш пацярпець шкоду?
Але вы крыўдзіце а шкодзіце, ды гэта братоў.
Але вы самі чыніце несправядлівасць і адбіраеце, ды нават у братоў!
Ці вы ня ведаеце, што несправядлівым не спадзець гаспадарства Божае? Не давайцеся зводзіць: ані бязулям, ані балвахвалам, ані чужаложнікам, ані вельма скунежаным, ані мужаложнікам,
Ці не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Валадарства Божага ў спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распуснікі, ані балванапаклоннікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані садомцы,
Ані злодзеям, ані гальлівым, ані п’яніцам, ані абмоўцам, ані дзяруном не спадзець гаспадарства Божае.
ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
І гэткімі былі некатрыя з вас; але абмыты, але ўсьвячаны, але аправены імям Спадара нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы асвяціліся, але вы апраўдаліся ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.
Усе імне дазволена, але ня ўсе карысна; усе імне дазволена, але ня буду я пад уладаю чаго-колечы.
«Усё мне можна!» Але не ўсё карысна. «Усё мне можна!» Але я нічому не дазволю мець уладу нада мною.
Ежа да жывата, і жывот да ежы; але Бог зьнішча адно й другое. Цела не да бязулства, але да Спадара, і Спадар да цела.
«Ежа — для жывата, і жывот — для ежы». Але Бог знішчыць адно і другое. Дык цела не для распусты, але для Госпада, і Госпад — для цела.
Бог ускрысіў Спадара, ускрысіць і нас магутнасьцю Сваёй.
Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас таксама Сваёю магутнасцю ўваскрасіць.
Ці вы ня ведаеце, што целы вашы — гэта чаланы Хрыстовы? Дык ці адыйму чаланы ў Хрыста, каб зрабіць іх чаланамі бязулі? Няхай ня станецца так!
Ці ж не ведаеце, што целы вашыя ёсць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусніцы? Ніколі!
Альбо ня ведаеце, што тый, каторы лучыцца зь бязуляю, ёсьць адно цела зь ёю, бо кажацца: «Двое будуць адно цела».
Або ці не ведаеце, што той, хто злучаецца з распусніцай, творыць [з ёй] адно цела? «Будуць вось яны, як сказана, двое адным целам».
Але тый, што адзіночыцца із Спадаром, ёсьць адзін Дух.
Той жа, хто злучаецца з Госпадам, ёсць адным Духам [з Ім].
Уцякайце ад бязулства: кажны грэх, які робе людзіна, ё вонках цела; а бязуля грэша супроці собскага цела свайго.
Уцякайце ад распусты! Любы грэх, які б ні чыніў чалавек, ёсць па-за целам; хто ж распуснічае, супраць свайго цела грашыць.
Ці ня ведаеце, што целы вашы ё дом жывучага ў вас Сьвятога Духа, Каторага вы маеце ад Бога, і вы не свае?
Ці ж не ведаеце, што цела вашае ёсць святыня Духа Святога, Які ў вас і Якога маеце ад Бога, ды што вы ўжо не свае?
Бо вы купленыя цаною. Затым услаўляйце Бога ў целах сваіх.
Вы ж здабытыя за вялікую цану. Дык хваліце Бога ў целе вашым!