1 да Карынфянаў 12 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Узглядам жа духоўных дароў, браты, не хачу, каб вы ня ведалі.
Хачу вас, браты, навучыць пра духоўныя дары.
Ведаеце, што, як вы былі пагане, дык хадзілі да бязмоўных балваноў, бы воджаныя.
Бо вы ведаеце, калі вы былі яшчэ паганамі, дык хадзілі да нямых ідалаў, быццам вялі вас.
Затым азнаймую вам, што ніхто, Духам Божым гукаючы, ня скажа: «Праклён на Ісуса!» і ніхто ня можа сказаць: «Спадар Ісус», хіба Духам Сьвятым.
Дзеля таго даводжу вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, не кажа: «Анатэма Ісусу!» Ды ніхто не можа сказаць: «Госпад Ісус», як толькі ў Духу Святым.
Дары ж розныя, але Дух тый самы;
Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.
І службы розныя, а Спадар тый самы;
І ёсць адрозненні ў служэнні, але той самы Госпад.
І дзеяньні розныя, а Бог тый самы, Каторы дзее ўсе ў вусіх.
І адрозненні ў дзейнасці, але той самы Бог, Які ўсё ва ўсіх робіць.
Але кажнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць:
Кожнаму даецца аб’яўленне Духа для карысці.
Аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веды, тым жа Духам;
Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому даецца тым самым Духам слова ведання,
Іншаму вера, тым жа Духам; а іншаму дары ўздараўленьня, тым адным Духам;
яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму — дар аздараўлення тым самым Духам,
А іншаму чыненьне магутнасьцяў, іншаму прароцтвы, іншаму адрозьненьне духоў, іншаму розныя мовы, іншаму зьясьненьне моваў.
іншаму чыніць цуды, іншаму — праракавання, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моў.
Але ўсе гэта дзее адзін а тый самы Дух, удзяляючы апрычона кажнаму, подле замеру свайго.
Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму, як Ён хоча.
Бо як цела адно, але мае шмат чаланоў, і ўсі чаланы адно цела, хоць шмат, але адно цела, — так і Хрыстос.
Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены цела, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.
Бо запраўды адным Духам хрысьціліся ўсі мы ў вадно цела, ці то Жыды ці то Грэкі, ці то нявольнікі ці то вольнікі; і ўсім даны піць адзін Дух.
Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то Юдэі, ці то Грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.
Бо запраўды цела не адзін чалон, але шмат.
А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.
Калі нага скажа: «Я ня часьць цела, бо я ня рука», дык нягож яна затым ня часьць цела?
Калі б нага сказала: «Я не ад цела, бо я не рука», дык няўжо яна таму і не ад цела?
І калі вуха скажа: «Я ня вока, дык я ня часьць цела», дык нягож яно затым ня часьць цела?
Або калі вуха скажа: «Я не ад цела, бо я не вока», дык няўжо яно і не ад цела?
Калі ўсе цела вока, дык ідзе чутасьць? Калі ўсе чутасьць, дык ідзе нюх?
Калі б усё цела было вокам, дзе ж слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе нюх?
Але Бог расклаў чаланы, кажны зь іх у целе, як Ён зычыў.
Але цяпер Бог размясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Ён захацеў.
Калі б усі былі адзін чалон, дык ідзе цела?
А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж цела?
Але цяпер чаланоў шмат, а цела адно.
Вось цяпер членаў многа, а цела — адно.
Ня можа вока сказаць руццэ: «Ты імне непатрэбняя»; альбо таксама галава нагам: «Вы імне непатрэбныя».
Не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне непатрэбная!» або галава нагам: «Вы мне не патрэбныя!»
Наадварот, чаланы цела, што здаюцца слабшыя, шмат патрабнейшыя.
Наадварот, члены цела, якія падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,
А каторыя мы ўважаем за меней пачэсныя ў нашым целе, тыя акружаем большым збыткам, і нашы менш пачэсныя чаланы ў большым збытку прыгажосьць маюць;
ды тыя, якія мы лічым менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, маюць асаблівае ўшанаванне,
А нашы прыгожыя таго не патрабуюць. Але Бог так сумерна ўладзіў цела, даючы чэсьць у большым збытку патрабуючым сьці,
а нашыя прыстойныя не патрабуюць нічога. Так Бог уфармаваў цела, даўшы большую пашану таму, якому не хапае,
Каб ня было падзелу ў целе, але каб чаланы мелі тую самую рупнасьць адзін праз аднаго.
каб не было ў целе раздзялення, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.
І калі адзін чалон церпе, усі чаланы церпяць ізь ім; і калі адзін чалон славіцца, усі чаланы цешацца зь ім.
Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
І вы — цела Хрыстова, а паасобку — чаланы.
Вы — Цела Хрыстовае, а паасобна — члены.
А іншых Бог пастанавіў у царкве, першае — апосталаў, другое — прарокаў, трэйцяе — вучыцеляў; адлі магутнасьці, тады дары ўздараўляньня, памогі, раджаньня, розныя мовы.
І адных Бог пастанавіў у Царкве па-першае — апосталамі, па-другое — прарокамі, па-трэцяе — настаўнікамі, нарэшце тых, што маюць моц чынення цудаў, потым дар лячэння, дар успамогі, дар гаспадаравання, дар усялякіх моў.
Ці ўсі апосталы? ці ўсі прарокі? ці ўсі вучыцелі? ці ўсі магутнасьці?
А ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?
Ці ўсі маюць дары ўздараўленьня? ці ўсі гукаюць мовамі? ці ўсі зьясьняюць?
Ці ўсе маюць дар аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
Але жадайце горача дароў большых; і яшчэ вышшыя дарогі пакажу вам.
Дабівайцеся дароў большых, а я вам пакажу шлях яшчэ дасканалейшы.