3 царстваў 13 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І вось, подле слова СПАДАРОВАГА, чалавек Божы прышоў зь Юдэі да Бэт-Элю, а Еровоам стаяў ля аброчніка, каб кадзіць.
 
І калі Ерабаам стаяў на ахвярніку, каб кадзіць, прыйшоў тады чалавек Божы з Юдэі ў Бэтэль па загадзе Госпада;

І загукаў да аброчніка, подле слова СПАДАРОВАГА, і сказаў: «Аброчніча, аброчніча! гэтак кажа СПАДАР: "Вось, народзіцца сын дому Давідаваму, імя ягонае Ёся, і абрачэць на табе сьвятароў узвышшаў, што кадзяць на табе, і людзкія косьці спаляць на табе"».
 
і закрычаў ён на ахвярнік па слову Госпада, кажучы: «Ахвярнік, ахвярнік, вось што кажа Госпад: “Вось, у доме Давіда народзіцца сын, на імя Осія, і ён на табе прынясе ў ахвяру святароў узгоркаў, якія кадзяць пры табе, і будуць на табе паліць людскія косці”».

І даў знак таго дня, сказаўшы: «Во знак таго, што гэта казаў СПАДАР: "Вось, гэты аброчнік раськепіцца, і рассыпецца попел, каторы на ім"».
 
І ў той жа дзень даў знак, кажучы: «Гэта будзе знак, пра які сказаў Госпад: гэты ахвярнік распадзецца, і попел, які на ім, развеецца».

І сталася, як кароль пачуў слова чалавека Божага, загуканае да аброчніка ў Бэт-Элю, што выцягнуў Еровоам руку сваю ад аброчніка, кажучы: «Схапіце яго!» І ссохла рука ягоная, каторую ён выцягнуў на яго, і ня мог ён павярнуць яе назад да сябе.
 
І калі цар пачуў словы чалавека Божага, якія ён выкрыкнуў супраць ахвярніка ў Бэтэлі, выцягнуў ён руку сваю да ахвярніка, кажучы: «Схапіце яго!» І здранцвела рука яго, якую ён выцягнуў супраць яго, і ён не мог яе вярнуць да сябе.

І аброчнік раськяпіўся, і попел із аброчніка рассыпаўся, подле знаку, каторы даў чалавек Божы подле слова СПАДАРОВАГА.
 
Таксама ахвярнік распаўся, і попел з ахвярніка развеяўся паводле знака, які прадказаў чалавек Божы па загадзе Госпада.

І сказаў кароль чалавеку Божаму: «Умалі від СПАДАРА, Бога свайго, і памаліся за мяне, і зьвернецца рука мая да мяне». І ўмаліў чалавек Божы від СПАДАРОЎ, і рука каралёва зьвярнулася да яго, і сталася, як уперад.
 
І прасіў цар у чалавека Божага: «Малі аблічча Госпада, Бога твайго, і памаліся за мяне, каб вярнулася рука мая да мяне». Памаліўся чалавек Божы да аблічча Госпада, і вярнулася рука цара да яго, і стала такою, як была раней.

І казаў кароль чалавеку Божаму: «Зайдзіся з імною да дому, і пасілкуйся ежаю, і я дам табе падарак».
 
Дык прасіў цар чалавека Божага: «Хадзем са мной у дом, каб паесці, і дам табе падарункі».

Але чалавек Божы сказаў каралю: «Хоць бы ты даваў імне поў дому свайго, я не пайду з табою, і ня буду есьці хлеба, і ня буду піць вады ў гэтым месцу;
 
І чалавек Божы адказаў цару: «Калі б ты і палову дома свайго даваў мне, не пайшоў бы я з табой і не еў бы хлеба, і не піў бы вады ў гэтым месцы;

Бо так расказана імне словам СПАДАРОВЫМ, кажучы: "Ня еж хлеба, і ня пі вады, і не зварачайся тэю дарогаю, катораю ты йшоў"».
 
бо так загадаў мне Госпад, кажучы: “Не еш хлеба і не пі вады, і не вяртайся тою дарогаю, па якой прыбыў”».

І пайшоў ён іншаю дарогаю, і не пайшоў назад тэю дарогаю, катораю прышоў да Бэт-Элю.
 
Такім чынам, пайшоў ён іншаю дарогаю, і не вярнуўся тою дарогаю, па якой ён прыйшоў у Бэтэль.

І адзін прарока стары жыў у Бэт-Элю. І прышоў сын ягоны, і паведаў яму ўсе стацьцё, што зрабіў сядні чалавек Божы ў Бэт-Элю; словы, якія ён казаў каралю, пераказалі айцу свайму.
 
А ў Бэтэлі жыў адзін стары прарок; прыйшлі да яго сыны яго і расказалі яму пра ўсе справы, што зрабіў у той дзень чалавек Божы ў Бэтэлі, і словы, якія ён сказаў цару, таксама расказалі свайму бацьку.

І казаў ім айцец іхны: «Кудэй ён пайшоў?» І паказалі сыны ягоныя, кудэй пайшоў чалавек Божы, што прыходзіў зь Юдэі.
 
І спытаўся ў іх бацька іх: «Якою дарогаю ён пайшоў?» Сыны яго паказалі яму дарогу, па якой пайшоў чалавек Божы, які прыбыў з Юды.

І сказаў ён сыном сваім: «Асядлайце імне асла». І асядлалі яму асла, і ён усьсеў на яго,
 
І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла». Калі яны асядлалі яму асла, ён сеў на яго,

І паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго седзячага пад дубам, і сказаў яму: «Ці ты чалавек Божы, што прышоў зь Юдэі?» І сказаў тый: «Я».
 
і паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, калі ён сядзеў пад дубам, і сказаў яму: «Ці не ты чалавек Божы, які прыбыў з Юды?» Ён адказаў: «Я».

І сказаў яму: «Зайдзіся з імною да дому і зьеж хлеба».
 
Ён сказаў яму: «Зайдзі да мяне ў дом, каб паесці хлеба».

І тый сказаў: «Я не магу зьвярнуцца з табою і йсьці з табою, ня буду есьці хлеба й ня буду піць у цябе вады ў гэтым месцу;
 
Той кажа: «Не магу вярнуцца і пайсці з табою, і есці хлеб, і піць ваду ў гэтым месцы;

Бо слова было імне словам СПАДАРОВЫМ: "Ня еж хлеба, і ня пі там вады, і не зварачайся тэю дарогаю, катораю ты йшоў"».
 
бо так мне было сказана ў слове Госпада: “Не еш хлеб і не пі там вады, і не вяртайся дарогаю, па якой прыйшоў”».

І сказаў яму: «І я прарока такі ж, як ты, і ангіл казаў імне словам СПАДАРОВЫМ, кажучы: "Зьвярні яго із сабою да дому свайго, і хай есьць ён хлеб і п’ець ваду"». — Ён брахаў яму.
 
Сказаў ён яму: «І я прарок, падобны да цябе; і анёл сказаў мне па загадзе Госпада, кажучы: “Вярні яго з сабою ў дом свой, і хай ён есць хлеб і п’е ваду”».

І тый зьвярнуўся зь ім, і пад’еў хлеба ў ягоным доме, і напіўся вады.
 
Ён падмануў яго і павёў з сабою; такім чынам, ён еў хлеб, і піў ваду ў яго доме.

І, як яны сядзелі за сталом, Было слова СПАДАРОВА да прарокі, што зьвярнуў яго.
 
І калі сядзелі яны пры стале, Госпад накіраваў слова да прарока, які вярнуў яго з дарогі,

І загукаў ён да чалавека Божага, што быў прышоўшы зь Юдэі, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР: "За тое, што ты спрацівіўся вуснам СПАДАРА й не зьдзяржаў расказаньня, каторае расказаў табе СПАДАР, Бог твой,
 
і сказаў ён да чалавека Божага, які прыйшоў з Юды, кажучы: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што ты не паслухаў слова Госпада і не захаваў прыказання, якое даў табе Госпад, Бог твой,

Але зьвярнуўся, еў хлеб і піў ваду ў тым месцу, праз каторае Ён сказаў табе: ’Ня еж хлеба й ня пі вады’, — мертвае цела твае ня ўвыйдзе ў гроб айцоў тваіх"».
 
і вярнуўся, і еў хлеб, і піў ваду ў месцы, у якім Я забараніў табе есці хлеб і піць ваду, твой труп не будзе ўнесены ў магілу бацькоў тваіх”».

І было просьле тога, як тый пад’еў хлеба, і просьле тога, як напіўся: ён асядлаў асла прароку, каторага ён зьвярнуў.
 
І, калі той з’еў хлеб і напіўся, ён асядлаў сабе асла прарока, які вярнуў яго;

І паехаў тый. І пераняў яго на дарозе леў, і задушыў яго. І ляжала мертвае цела ягонае, кіненае на дарозе; асёл жа стаяў ля яго, і леў стаяў ля мертвага цела.
 
і, калі ён паехаў, сустрэў яго леў на дарозе і забіў, і труп яго ляжаў, кінуты на дарозе; а каля яго стаяў леў.

І вось, праходзячыя міма людзі абачылі труп, кінены на дарозе, і лява, ля трупа стаячага, і пайшлі, і гукалі ў месьце, у каторым жыў прарока-стары.
 
І вось, праходзячы, людзі ўбачылі труп, кінуты на дарозе, і льва, што стаяў каля трупа; і яны пайшлі і паведамілі ў горадзе, у якім жыў той стары прарок.

І пачуў прарока, што зьвярнуў яго з дарогі, і сказаў: «Гэта тый чалавек Божы, каторы спрацівіўся вуснам СПАДАРОВЫМ; СПАДАР аддаў яго ляву, каторы разарваў яго, задушыў, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён сказаў яму».
 
Калі гэта пачуў той прарок, які яго завярнуў з дарогі, ён сказаў: «Гэта чалавек Божы, які не паслухаўся загаду Госпада, і аддаў яго Госпад ільву, і ён раздзёр яго і забіў паводле слова Госпада, якое сказаў яму Ён».

І сказаў сыном сваім: «Асядлайце імне асла». І асядлалі яны.
 
І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла!» Калі яны асядлалі

Ён паехаў і знайшоў труп ягоны, кінены на дарозе; асёл жа а леў стаялі ля трупа; леў ня зьеў трупа і не разарваў асла.
 
і ён паехаў, то знайшоў труп яго, кінуты на дарозе, і асла, і льва, што стаялі каля трупа; леў не еў трупа і не раздзёр асла.

І падняў прарока мертвае целя чалавека Божага, і палажыў яго на асла, і павёз яго назад. І пайшоў прарока-стары да места, каб плакаць па ім і пахаваць яго.
 
Дык прарок падняў труп чалавека Божага, і паклаў яго на асла, і прывёз яго назад у горад старога прарока, каб паплакаць над ім і пахаваць яго.

І палажыў мертвае цела ягонае да гробу свайго, і плакаў па ім: «Ах, браце мой!»
 
І паклаў ён нябожчыка ў яго магіле, і плакаў над ім: «О мой браце!»

Просьле пахаваньня яго, ён сказаў сыном сваім, кажучы: «Як я памру, пахавайце мяне ў гробе, у каторым пахаваны чалавек Божы; ля касьцей ягоных палажыце мае косьці;
 
І, калі пахавалі яго, сказаў сваім сынам: «Калі я памру, пахавайце мяне ў магіле, у якой пахаваны чалавек Божы; каля касцей яго пакладзіце косці мае.

Бо здойсьніцца слова, каторае ён із расказаньня СПАДАРОВАГА агаласіў на аброчік у Бэт-Элю й на ўсі дамы ўзвышша, каторыя ў местах Самарскіх.
 
Бо напэўна споўніцца слова, якое сказаў Госпад адносна ахвярніка, што ў Бэтэлі, і адносна ўсіх свяцілішчаў на ўзгорках, якія ў гарадах Самарыі».

І просьле гэтага здарэньня Еровоам ня зышоў із свае ліхое дарогі, але зьвярнуўся й далей рабіў зь люду сьвятароў узвышшаў; хто хацеў, таго ён пасьвячаў, і тый станавіўся сьвятаром узвышшаў.
 
Пасля ўсяго гэтага Ерабаам не звярнуў з ліхой сваёй дарогі, але зноў рабіў ён святароў для ўзгоркаў з найгоршых людзей; хто толькі хацеў, таго пасвячаў у святары для ўзгоркаў.

І было гэтае стацьцё на грэх дому Еровоамоваму, і на згубу, і на зьнішчэньне яго зь віду зямлі.
 
З-за гэтай прычыны грашыў дом Ерабаама, і быў ён загублены і знішчаны з паверхні зямлі.