3 царстваў 12 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І пайшоў Рэговоам да Шыхему, бо да Шыхему прышлі ўсі Ізраяляне, каб устанавіць яго за караля.
 
І пайшоў Рабаам у Сіхэм, бо там сабраўся ўвесь Ізраэль паставіць яго царом.

І пачуў праз гэта Еровоам Невацёнак, — а ён яшчэ быў у Ягіпце, куды ўцёк ад караля Салямона, і жыў Еровоам у Ягіпце, —
 
Пачуў гэтую вестку Ерабаам, сын Набата, калі яшчэ быў уцекачом ад цара Саламона ў Егіпце, і вярнуўся Ерабаам з Егіпта.

І паслалі па яго і прыгукалі яго. І прышоў Еровоам і ўся грамада Ізраялян зь ім, і гукалі Рэговоаму, кажучы:
 
І паслалі паклікаць яго. Дык прыйшоў Ерабаам і ўся супольнасць Ізраэля, і прамовілі яны да Рабаама, кажучы:

«Ацец твой зрабіў цяжкім іго нашае, ты ж цяпер палягчы нам цяжкую работу айца свайго й цяжкое йго, каторае ён налажыў на нас, і будзем служыць табе».
 
«Бацька твой наклаў на нас ярмо найцяжэйшае; а ты цяпер зменшы крыху вельмі жорсткую ўладу бацькі твайго і найцяжэйшае ярмо яго, якое наклаў ён на нас, і мы будзем служыць табе».

І сказаў ён ім: «Пайдзіце яшчэ на тры дні й зьвярніцеся да мяне». І пайшоў люд.
 
Ён сказаў ім: «Ідзіце і праз тры дні вярніцеся да мяне». І, калі народ адышоў,

І радзіўся кароль Рэговоам у старцоў, каторыя станавіліся да Салямона, айца ягонага, за жыцьця ягонага, кажучы: «Як парадзіце вы імне адказаць гэтаму люду?»
 
цар Рабаам раіўся са старэйшынамі, якія знаходзіліся пры Саламоне, бацьку яго, калі ён яшчэ жыў, і сказаў ён: «Што вы параіце мне адказаць гэтаму народу?»

Яны гукалі яму, кажучы: «Калі ты цяпер будзеш слугою люду гэтаму, і паслужыш ім, і адкажаш ім, і будзеш гукаць ім словы добрыя, тады яны будуць слугамі тваімі ўсі дні».
 
Яны сказалі яму: «Калі сёння паслухаеш гэты народ і будзеш служыць яму, і споўніш іх просьбу, і будзеш гаварыць да іх словы спагадныя, будуць яны табе паслугачамі ва ўсе дні».

Але ён пакінуў раду старцоў, каторую радзілі яму, і радзіўся ў маладзёнаў, што вырасьлі зь ім, каторыя станавіліся да яго.
 
Але ён адкінуў раду старэйшых, якую яны яму далі, і раіўся з маладымі, што гадаваліся разам з ім, якія былі ў яго дарадчыкамі.

І сказаў ім: «Што вы парадзіце імне, і я адкажу люду гэтаму, каторы гукаў імне, кажучы: "Палягчы йго, каторае налажыў на нас ацец твой"?»
 
І сказаў ён ім: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму, які казаў мне: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое наклаў на нас бацька твой”»?

І гукалі яму маладзёны, што вырасьлі разам ізь ім, кажучы: «Гэтак скажы люду гэтаму, каторы гукаў табе, кажучы: "Айцец твой налажыў на нас цяжкое йго, ты ж палягчы нам"; гэтак скажы ім: "Мой мезінец таўшчэйшы за сьцёгны айца майго.
 
І маладыя, якія разам з ім гадаваліся, сказалі яму: «Так скажы гэтаму народу, які казаў табе, кажучы: “Бацька твой уцяжыў ярмо нашае, а ты зрабі нам палёгку”; ты скажы ім так: “Найменшы палец мой — грубейшы за сцёгны бацькі майго.

Дык, калі айцец мой налажыў на вас цяжкое йго, то я дадам да йга вашага; айцец мой караў вас дубцамі, а я буду караць вас цернямі"».
 
Дык вось, бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я яшчэ дадам да вашага ярма; бацька мой караў вас бізунамі, а я буду караць вас скарпіёнамі”».

І прышоў Еровоам а ўвесь люд да Рэговоама на трэйці дзень, як казаў кароль, кажучы: «Зьвярніцеся да мяне на трэйці дзень».
 
Такім чынам, трэцяга дня прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рабаама, як ім сказаў цар: «Вернецеся да мяне праз тры дні».

І адказаў кароль люду стродка, і пакінуў раду старцоў, што яны радзілі яму.
 
І адказаў цар народу жорстка, бо не пайшоў ён за парадаю старэйшых, якую яны яму давалі,

І гукаў ён подле рады маладзёнаў, кажучы: «Айцец мой зрабіў цяжкім іго вашае, а я дадам да йга вашага; айцец мой караў вас дубцамі, а я буду караць вас цернямі».
 
і сказаў ім паводле рады маладых, кажучы: «Бацька мой уцяжарыў ваша ярмо, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас бізунамі, а я буду вас караць скарпіёнамі».

І не паслухаў кароль люду, бо такая прычына была ад СПАДАРА, каб споўнілася слова Ягонае, каторае казаў СПАДАР Агіям Шылянінам Еровоаму Невацёнку.
 
І не паслухаў цар народа, бо так быў настроены Госпадам, каб споўнілася слова Яго, якое Госпад сказаў праз Ахію з Сіло Ерабааму, сыну Набата.

І абачыў увесь Ізраель, што кароль не паслухаў іх, і адказаў люд каралю, кажучы: «Якая нам дзель у Давіду? няма нам спадку ў Есянку; па буданох сваіх, Ізраелю! Цяпер глядзі свайго дому, Давідзе!» І разышоўся Ізраель па буданох сваіх.
 
Такім чынам, увесь Ізраэль, бачачы, што цар не хоча іх слухаць, у адказ сказаў яму: «Якая нам частка ў Давіда або якая спадчына ў сыне Ясэя? Ізраэлю, разыходзьцеся ў палаткі свае! Цяпер, Давід, глядзі на дом свой!» І разышоўся Ізраэль па палатках сваіх.

Адно над сынамі Ізраелявымі, што жылі ў местах Юдзіных, караляваў Рэговоам.
 
І Рабаам цараваў над тымі сынамі Ізраэля, якія жылі ў гарадах Юдэі.

І паслаў кароль Рэговоам Адорама, што быў над падачкамі; але ўсі Ізраяляне ўкаменавалі яго, і ён памер; кароль жа Рэговоам пабарзьдзіў сесьці на цялежкі, каб уцячы да Ерузаліму.
 
Паслаў цар Рабаам Аданірама, які быў наглядчыкам за данінаю; і ўвесь Ізраэль укаменаваў яго, і ён памёр. А цар Рабаам паспешна сеў у калясніцу і ўцёк у Ерузалім.

І выступіў Ізраель супроці дому Давідавага дагэтуль.
 
І адышоў Ізраэль ад роду Давіда аж да цяперашняга дня.

Як пачулі ўсі Ізраяляне, што Еровоам зьвярнуўся, то паслалі, і прыгукалі на збор, і ўстанавілі яго за караля над усімі Езраялянмі. За домам Давідавым не засталося нікога, апрача плямені Юдзінага аднаго.
 
Здарылася ж, калі пачуў увесь Ізраэль, што вярнуўся Ерабаам, то паслалі па яго і паклікалі яго, склікаўшы сход, і паставілі яго царом над усім Ізраэлем; і пры доме Давіда не засталося нікога, апрача аднаго пакалення Юды.

І прыбыў Рэговоам да Ерузаліму, і зьбер з усёга дому Юдзінага і з плямені Веняміновага сто асьмідзясят тысячаў выборных ваюноў, каб ваяваць із домам Ізраелявым дзеля таго, каб зьвярнуць каралеўства Рэговоаму Саляманёнку.
 
І вярнуўся Рабаам у Ерузалім, і сабраў увесь дом Юды і пакаленне Бэньяміна, сто восемдзесят тысяч адборных ваяроў, каб пачаць вайну з Ізраэлем і вярнуць царства Рабааму, сыну Саламона.

І было слова Божае Шэмаі, чалавеку Божаму, кажучы:
 
А сталася, што прамовіў Госпад да Сямэі, чалавека Божага, гэтыя словы:

«Скажы Рэговоаму Саляманёнку, каралю Юдэйскаму, і ўсяму дому Юдзінаму а Веняміноваму а засталаму люду, кажучы:
 
«Скажы Рабааму, сыну Саламона, цару Юды, і ўсяму дому Юды і Бэньяміна, і рэшце народа, кажучы:

"Гэтак кажа СПАДАР: ’Ня ўзыходзьце й не ваюйце з братамі сваімі, сынамі Ізраелявымі, зьвярніцеся кажны да дому свайго, бо ад Мяне гэта было’"». І паслухалі яны слова СПАДАРОВАГА, і зьвярнуліся, каб ісьці подле слова СПАДАРОВАГА.
 
“Гэта кажа Госпад: “Не выходзьце і не ваюйце супраць братоў вашых, сыноў Ізраэля; хай кожны вяртаецца ў дом свой; бо ад Мяне гэта сталася”». Яны паслухаліся слова Госпадава і вярнуліся назад, як загадаў ім Госпад.

І забудаваў Еровоам Шыхем на гары Яхрэмавай, і асяліўся ў ім; стуль пайшоў і збудаваў Пенуель.
 
І пабудаваў Ерабаам Сіхэм на гары Эфраім, і абжыўся там, а потым выйшаў адтуль і пабудаваў Пэнуэль.

І сказаў Еровоам у сэрцу сваім: «Цяпер каралеўства можа зьвярнуцца да дому Давідавага;
 
І сказаў Ерабаам у сэрцы сваім: «Цяпер царства можа вярнуцца да дому Давіда,

Калі люд гэты будзе ўзыходзіць, каб абракаць у доме СПАДАРОВЫМ у Ерузаліме, то сэрца люду гэтага абернецца да спадара свайго, да Рэговоама, караля Юдэйскага; і заб’юць яны мяне, і зьвернуцца да Рэговоама, караля Юдэйскага».
 
калі народ гэты будзе хадзіць ускладаць ахвяры ў святыні Госпада ў Ерузаліме, то захоча таксама сэрца народа гэтага вярнуцца да гаспадара свайго, Рабаама, цара Юды, і яны заб’юць мяне і вернуцца да Рабаама, цара Юды».

І, парадзіўшыся, кароль зрабіў два залатыя цяляты-бычкі, і сказаў таму люду: «Досыць вам узыходзіць да Ерузаліму: во багі твае, Ізраелю, каторыя вялі цябе ізь зямлі Ягіпецкае».
 
Таму, прыдумаўшы рашэнне, цар зрабіў двух залатых цяльцоў і сказаў народу: «Не хадзіце болей у Ерузалім! Вось багі твае, Ізраэлю, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай».

І пастанавіў аднаго ў Бэт-Элю, а другога памясьціў у Дане.
 
І паставіў аднаго ў Бэтэлі, і другога падараваў у Дане;

І павяло гэта да грэху, і пайшоў люд да аднаго, нават да Дану.
 
і гэта прывяло да граху: бо народ стаў хадзіць да аднаго з іх аж у Дан.

І пастанавіў ён дом узвышша, і прызначыў сьвятароў з памеж люду, каторыя ня былі із сыноў Левавых.
 
І паставіў ён свяцілішчы на ўзгорках і зрабіў святарамі ліхіх людзей, якія не былі левітамі.

І прызначыў Еровоам сьвята восьмага месяца, пятнанцатага дня месяца, падобнае да тога сьвята, якое было ў Юдэі, і абракаў на аброчніку; тое ж зрабіў ён у Бэт-Элю, каб абракаць цялятам-бычком, каторыя зрабіў. І прызначыў у Бэт-Элю сьвятароў узвышшаў, каторыя зрабіў,
 
І ўстанавіў ён свята ў восьмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, падобны да таго свята, якое святкавалася ў Юдзе. І сам узыходзіў на ахвярнік; зрабіў ён так у Бэтэлі, ускладаючы крывавую ахвяру цяльцам, якіх сам зрабіў; і паставіў ён у Бэтэлі святароў для ўзгоркаў, якія пабудаваў.

І аброк на аброчніку, каторы ён зрабіў у Бэт-Элю, пятнанцатага дня восьмага месяца, каторы ён самадумам прызначыў; і гэтак стала сьвята сыном Ізраелявым, і ўзышоў да аброчніка кадзіць.
 
І ўзышоў ён на ахвярнік, які зрабіў у Бэтэлі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, які ў сэрцы сваім прыдумаў; і ўстанавіў свята для сыноў Ізраэля, і ўзышоў на ахвярнік, каб скласці каджэнне.