Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У тым часе былі прытомныя некатрыя, што наказалі Яму праз Ґалілеян, каторых кроў зьмяшаў Пілат із аброкамі іхнымі.
 
У гэты самы час прыйшлі некаторыя, паведаміўшы Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.

І, адказуючы, Ён сказаў ім: «Ці думаеце вы, што тыя Ґалілеяне былі грэшнікі большыя за ўсіх Ґалілеян, што так пацярпелі?
 
І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ці вы думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя галілейцы, што так пацярпелі?

Не, кажу вам, але, калі не пакаецеся, усі таксама загінеце.
 
Не, кажу вам, але, калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце.

Альбо, ці думаеце, што тых асьмінанцацёх, на каторых завалілася вежа Сілоамская й забіла іх, былі віншыя за ўсіх людзёў, што жывуць у Ерузаліме?
 
Або тыя васемнаццаць, на якіх упала вежа ў Сіло і забіла іх; вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, што жывуць у Ерузаліме?

Не, кажу вам, але, калі не пакаецеся, усі таксама загінеце».
 
Не, кажу вам, але, калі не навернецеся, усе вы падобна пагінеце».

І сказаў ім гэтую прыпавесьць: «Меў хтось пасаджаную ў вінішчу сваім фіґу; і прышоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў.
 
Затым казаў ім гэтую прыпавесць: «Нехта меў дрэва фігавае, пасаджанае ў яго вінаградніку, і раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў.

І сказаў вінару: "Вось, я тры гады прыходжу, гледзячы плоду на гэтай фізе, і не знаходжу; сьсячы яе: нашто яна й зямлю псуець?"
 
Дык сказаў вінаградару: “Вось, ужо тры гады, як я прыходжу, шукаючы плода на гэтым дрэве фігавым, і не знаходжу. Выкарчуй яго. Нашто ж тады зямлю займае?”

Але ён, адказуючы, кажа яму: "Спадару! пакінь яе й на гэты год, пакуль я абкапаю яе й абкладу гноям;
 
А той, адказваючы, гаворыць яму: “Гаспадару, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,

Ці ня дасьць плоду; калі не, просьле таго сьсячы яе"».
 
можа, стане даваць плод, а калі не, то выкарчуеш яго”».

І вучыў Ён у ваднэй з бажніцаў у сыботу:
 
І навучаў Ён у адной сінагозе ў суботу.

І вось, была жонка, што мела духа недалужнасьці асьмінанцаць год, і яна была скорчыўшыся, і ані не магла выпрастацца.
 
І вось, адна жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы, была сагнутая і не магла ніяк глянуць уверх.

І Ісус, абачыўшы яе, пагукаў і сказаў ёй: «Жонка, ты вывальнена ад недалужнасьці свае».
 
Калі ўбачыў яе Ісус, паклікаў ды гаворыць ёй: «Жанчына, вызвалена ты ад сваёй немачы»,

І паклаў рукі Свае на яе, і яна якга выпрасталася, і славіла Бога.
 
і ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і славіла Бога.

Начэльнік бажніцы, адказуючы, гневаючыся, што Ісус уздаравіў у сыботу, сказаў груду: «Ё шэсьць дзён, у каторыя належа рабіць, у тыя прыходзьце і ўздараўляйцеся, а ня ў сыботні дзень».
 
Тады начальнік сінагогі, абураны, што Ісус аздараўляў у суботу, казаў, звяртаючыся да людзей: «Ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць, дык у тыя дні прыходзьце і аздараўляйцеся, а не ў дзень суботы».

Але Спадар, адказуючы, сказаў: «Двудушнікі! ці ня кажны з вас адвязуе ў сыботу вала свайго альбо асла свайго ад жолабу і вядзець яго паіць?
 
А Госпад адказаў і сказаў яму: «Крывадушнікі, ці ж кожны з вас у суботу не адвязвае вала свайго або асла ад ясляў ды не вядзе напаіць?

А гэтую дачку Абрагамову, каторую шайтан зьвязаў, вось, ужо асьмінанцаць год, не належыла вывальніць ад вязі гэтае ў сыботні дзень?»
 
А ці ж гэтае дачкі Абрагама, якая шатанам звязана вось ужо васемнаццаць гадоў, не належала вызваліць з гэтых путаў у суботу?»

І, як Ён казаў гэта, усі, што працівіліся Яму, засароміліся, а ўвесь груд цешыўся з усіх славутых учынкаў, каторыя былі ўчынены Ім.
 
Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных дзеяў Яго.

Ён жа сказаў: «Да чаго падобнае гаспадарства Божае? і да чаго магу прыраўнаваць яго?
 
Дык далей казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і да чаго прыпадобню яго?

Яно падобнае да гарчычнага зярняці, каторае, узяўшы, пасадзіў чалавек у гародзе сваім; і вырасла, і стала вялікім дзервам, і птушкі нябёсныя перабывалі ў гольлю яго».
 
Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў у сваім агародзе; вырасла яно, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя гняздзіліся на яго галінах».

І ўзноў сказаў: «Да чаго прыраўную гаспадарства Божае?
 
І зноў гаварыў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?

Яно падобнае да закісі, каторую жонка узяўшы, уклала ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсе».
 
Яно падобна да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль не ўкісла ўсё».

І падарожжаваў Ён перазь месты а сёлы, вучачы й робячы падарожжа да Ерузаліму.
 
І хадзіў, навучаючы па гарадах і вёсках, накіроўваючы шлях у Ерузалім.

І хтось сказаў Яму: «Спадару! ці мала тых, што спасаюцца?» Але Ён сказаў ім:
 
І хтосьці гаворыць Яму: «Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены?» А Ён сказаў ім:

«Зглыбока сілуйцеся ўвыйсьці пераз вузкія дзьверы, бо кажу вам, шмат хто будзе шукаць увыйсьці, і ня зможа.
 
«Намагайцеся ўвайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць імкнуцца ўвайсці і не змогуць.

Як дамовы гаспадар устане й замкнець дзьверы, тады вы, стоячы вонках, будзеце стукаць у дзьверы, кажучы: "Спадару! адамкні нам"; але Ён, адказуючы, скажа вам: "Ня знаю вас, скуль вы".
 
Бо калі ўстане Гаспадар дома і замкне дзверы, будзеце стаяць вонкі і стукацца ў дзверы, кажучы: “Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам”; і Ён, адказваючы, скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”.

Тады пачніце казаць: "Мы елі ў прытомнасьці Тваёй і пілі, і Ты вучыў на вуліцах нашых!"
 
Тады пачнеце гаварыць: “Мы елі і пілі з Табою, і навучаў Ты на нашых вуліцах”;

Але Ён скажа: "Кажу вам: ня знаю вас, скуль вы; адступіцеся ад Мяне ўсі дзеючыя бяспраўе".
 
але Ён скажа: “ Кажу вам, не ведаю вас, адкуль вы. Адыдзіцеся ад Мяне ўсе, што чыніце беззаконне”.

Там будзе плач а скрыгот зубамі, як абачыце Абрагама а Ісака а Якава і ўсіх прарокаў у гаспадарстве Божым, а сябе выгнаных вон.
 
Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака, ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а саміх сябе вон выкінутых.

І прыйдуць із усходу а захаду а з поўначы а з паўдня, і ўзьлягуць ля столу ў гаспадарстве Божым.
 
Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і ўзлягуць у Валадарстве Божым.

І вось, ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ё першыя, што будуць апошнімі».
 
І вось, ёсць апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі».

Тае ж гадзіны прышлі некатрыя фарысэі, кажучы Яму: «Выйдзі і йдзі адгэтуль, бо Гірад хоча забіць Цябе».
 
У той самы час падышлі да Яго некалькі фарысеяў, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць».

І сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэнаму лісу: "Вось, выганяю нячысьцікаў і ўздараўляю сядні й заўтра, а пазаўтра скончу.
 
Ён гаворыць ім: «Ідзіце і скажыце таму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і ўчыняю аздараўленні сёння і заўтра, а на трэці дзень скончу”.

Маю Я, адылі, падарожжаваць сядні й заўтра й наступнога дня, бо ня можа быць, каб прарока загінуў вонках Ерузаліму".
 
Аднак трэба, каб Я хадзіў сёння, і заўтра, і надалей, бо не бывае, каб прарок гінуў па-за Ерузалімам.

Ерузаліме, Ерузаліме, што забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе! як часта Я хацеў зьберці дзеці твае, як кураводка кураняты свае пад крылы свае, і вы не хацелі!
 
Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланы, колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, але вы не захацелі.

Вось, дом вашы пакінены вам пусты. І кажу ж вам, што вы не абачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, што скажаце: "Дабраславёны Йдучы ў імя Спадарова!"»
 
Вось, застанецца вам дом ваш пусты”. Сапраўды кажу вам: “Не ўбачыце Мяне, аж пакуль не надыдзе час, калі скажаце: “Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада”».