Яна 11 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Рукапіс Л. Дзекуць-Малея М
Быў жа хворы якісь Лазар ізь Віфані, ізь сяла Марыі а Мархвы, сястры ейнае.
Быў жа адзін хворы Лазар з Віфані, з сяла Марыі і Марты, сястры Яго.
Гэта была Марыя, што памазала Спадара масьцяй і выцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі; Лазар, брат ейны, быў хворы.
Марыя ж, якой брат Лазар быў хворы, была тая, што памазала Ісуса але́ем і абце́рла ногі Яго валасамі сваімі.
Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Спадару, вось, тый, каторага Ты любіш, хворы».
Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзі! вось той, каго Ты любіш, хворы.
Пачуўшы, Ісус сказаў: «Гэта хвароба не на сьмерць, але дзеля славы Божае, каб Сын Божы ўславіўся перазь яе».
Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: гэтая хворасць не на сьме́рць, але на славу Божу, каб уславіўся праз яго Сын Божы.
Ісус жа мілаваў Мархву а сястру яе а Лазара.
Ісус жа любіў Марту і сястру яе́ і Лазара.
Дык як пачуў, што Лазар хворы, тады застаўся Ён на два дні на тым месцу, ідзе быў.
Калі ж пачуў, што той хворы, дык прабыў два дні ў тым ме́сцы, дзе́ знаходзіўся.
Адлі, просьле гэтага, кажа вучанікам: «Пайдзіма ізноў да Юдэі».
Пасьля гэтага сказаў вучням: пайдзе́м ізноў у Юдэю.
Вучанікі кажуць Яму: «Раббі, кадзе Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, а Ты йдзеш ізноў туды?»
Вучні сказалі Яму: Равві! ці ж даўно жыды шукалі каме́ньмі забіць Цябе́, і Ты ізноў ідзе́ш туды?
Ісус адказаў: «Ці не двананцаць гадзінаў у дні? хто ходзе ўдзень, не спатыкаецца, бо бача сьвятліню гэтага сьвету.
Ісус адказаў: ці не дванаццаць гадзін мае дзе́нь? Хто ходзіць удзе́нь, не спатыкаецца, бо бачыць сьве́тласьць гэтага сьве́ту;
А хто йдзець ночы, спатыкаецца, бо сьвятліні няма ў ім».
калі ж ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла ў ім.
Сказаў Ён гэта й просьле гэтага кажа ім: «Лазар, прыяцель наш, заснуў, але Я йду пабудзіць яго».
Сказаўшы гэтае, гавора ім пасьля: Лазар, друг наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
Затым вучанікі сказалі Яму: «Спадару, калі заснуў, ачуняе».
Вучні ж Яго сказалі: Госпадзі! калі заснуў, паздараве́е.
Але Ісус сказаў празь сьмерць ягоную, а яны думалі, што кажа Ён праз спачын у сьне.
Гаварыў Ісус аб сьме́рці яго; тыя ж думалі, што аб сонным супачынку кажа.
Тады Ісус сказаў ім выразьліва: «Лазар памер,
Дык Ісус сказаў ім проста: Лазар памёр;
І Я цешуся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы ўверылі; але йдзіма да Яго».
і Я рад за вас, што ня быў там, каб вы паве́рылі; але пойдзе́м да яго.
Тады Хама, званы Блізьнюк, сказаў сябром сваім, вучанікам: «Пайдзіма таксама, каб памерці зь Ім».
Хама ж, іначай званы блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: пойдзе́м і мы, каб паме́рці з ім.
Тады, прышоўшы, Ісус засьпеў, што ён ужо быў чатыры дні ў гробе.
Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
Віфаня ж была ля Ерузаліму, стадаў пятнанцаць.
Віфанія ж была блізка ад Ерузаліму, не́шта з пятнаццаць стадыяў.
І шмат хто зь Юдэяў прышлі да Мархвы а Марыі пацешыць іх па брату іхным.
І многа жыдоў папрыходзіла да Марты і Марыі паце́шыць іх па браце іх.
Тады Мархва, як пачула, што Ісус ідзець, вышла наўпярэймы Яму; Марыя ж сядзела дома.
Марта, пачуўшы, што йдзе́ Ісус, пайшла на сустрэчу Яму. Марыя ж асталася ў доме.
І сказала Мархва Ісусу: «,Спадару, калі б Ты быў тут, не памер бы брат мой.
Тады Марта сказала Ісусу: Госпадзі! каб Ты быў тут, не паме́р-бы брат мой.
Але й цяпер я ведаю, што, чаго Ты просіш у Бога, Бог даець Табе».
Але і цяпе́р ве́даю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе́ Бог.
Ісус кажа ёй: «Ускрэсьне брат твой».
Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
Мархва кажа Яму: «Ведаю, што ўскрэсьне ў вускрысеньне апошняга дня».
Марта сказала Яму: ве́даю, што ўваскрэсьне ў дзе́нь уваскрасе́ньня, у апошні дзе́нь.
Ісус сказаў ёй: «Я ўскрысеньне а жыцьцё; хто вера ў Мяне, хоць бы памер, будзе жыць.
Ісус сказаў ёй: Я ёсьць уваскрасе́ньне і жыцьцё; хто ве́руе ў Мяне́, хоць і памрэ, жыць будзе.
І кажны, што жывець і вера ў Мяне, ніяк ніколі не памрэць. Ці верыш ты гэтаму?»
І ўсякі, хто жыве́ і ве́руе ў Мяне́, не памрэ да ве́ку. Ці ве́рыш гэтаму?
Кажа яна Яму: «Але, Спадару, я веру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Каторы прышоў на сьвет».
Яна кажа Яму: так, Госпадзі! Я ве́ру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, што йдзе́ ў сьве́т.
І, сказаўшы гэта, яна пайшла й гукнула патай сястру сваю Марыю, кажучы: «Вучыцель тут і гукае цябе».
І, сказаўшы гэтае, пайшла і цішком паклікала Марыю, сястру сваю, і кажа ей: Настаўнік тут; кліча цябе́.
Яна, як пачула, борзда ўстала й пайшла да Яго.
Яна, як толькі пачула, борзда ўстала і пайшла да Яго.
Яшчэ ж Ісус ня прышоў да сяла, але быў на месцу, ідзе Мархва прышла Яму наўпярэймы.
Ісус жа яшчэ ня быў увайшоў у вёску, але быў там, дзе́ Яго Марта сустрэла.
Затым тады Юдэі, што былі зь ёю ў доме й цешылі яе, бачачы, што Марыя борзда ўстала й вышла, пайшлі за ёй, кажучы: «Яна йдзець да гробу, каб плакаць там».
Жыды ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе́, бачучы, што Марыя бордза ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што йдзе́ на магілу плакаць.
А Марыя, як прышла, ідзе быў Ісус, абачыўшы Яго, пала ў ногі Яму, кажучы Яму: «Спадару, калі б Ты быў тут, не памер бы брат мой».
Марыя ж, прыйшоўшы туды, дзе́ быў Ісус, і ўгле́дзіўшы Яго, упала да ног Яго і сказала Яму: Госпадзі! каб Ты быў тут, не паме́р бы брат мой.
Ісус жа, як абачыў, што яна плача, і Юдэі, што прышлі зь ёю, плачуць, узрушыўся ў духу і зьнемарасьціўся, і сказаў:
Ісус, угле́дзіўшы, што яна плача і што плачуць прыйшоўшыя з ёю жыды, Сам затужыў духам і ўзварушыўся,
«Ідзе вы паклалі яго?» Сказалі Яму: «Спадару, ідзі й абач».
ды сказаў: дзе́ вы палажылі яго? Адказалі Яму: Госпадзі! пайдзі і паглядзі.
У Ісуса пакаціліся сьлёзы.
Ісус заплакаў.
Юдэі ж сказалі: «Вось, як Ён любіў яго».
Тады жыды казалі: глядзі, як Ён любіў яго.
А некатрыя зь іх казалі: «Ці ня мог бы Гэты, што адчыніў вочы нявісному, учыніць, каб ён не памер?»
А некаторыя з іх сказалі: ці ня мог Ён, расчыніўшы вочы сьляпо́му, зрабіць, каб і гэты ня ўмёр?
Ісус жа, ізноў застагнаўшы Сам у Сабе, прыходзе да гробу. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
Ісус жа, ізноў тужачы ў душы, ідзе́ да магілы; была ж гэта пячора, заваленая камнем.
Ісус кажа: «Адыйміце камень». Мархва, сястра памерлага, кажа Яму: «Спадару, ужо аддаець ад яго, гэта ж ён чацьверты дзень».
Кажа Ісус: вазьміце камень! Сястра ўме́ршага, Марта, кажа Яму: Госпадзі, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзе́нь.
Ісус кажа ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі ўверыш, абачыш славу Божую?»
Ісус кажа ёй: ці не казаў Я табе́, што, калі будзеш ве́рыць, угле́дзіш славу Божую?
Дык яны аднялі камень. Ісус жа ўзьняў вочы свае дагары й сказаў: «Войча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
І вось аднялі ка́мень ад магілы, дзе́ ляжаў умёршы. Ісус жа ўзьвёў вочы ўве́рх і сказаў: Отча, дзякую Табе́, што пачуў Мяне́.
Я ведаў, што заўсёды чуеш Мяне; але сказаў дзеля груду, што навокал, каб яны ўверылі, што Ты паслаў Мяне».
Я ве́даў, што Ты заўсёды чуеш Мяне́, але сказаў дзе́ля народу, што тут стаіць, каб паве́рылі, што Ты паслаў Мяне́.
Сказаўшы гэта, загукаў вялікім голасам: «Лазару, выходзь!»
І сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар! выйдзі!
І памерлы вышаў, маючы зьвязаныя ногі й рукі пахоўнымі полкамі; і від ягоны быў завязаны хустачкаю. Ісус кажа ім: «Разьвяжыце яго, і няхай ідзець».
І выйшаў уме́ршы з абкручанымі палатном нагамі і рукамі, і аблічча яго было абвязана хусткаю. Ісус кажа ім: разьвяжыце яго і дайце хадзіць.
Тады шмат хто зь Юдэяў, ка,торыя былі прышоўшы да Марыі й бачылі, што Ён учыніў, уверылі ў Яго.
Тады многія з жыдоў, што прыйшлі да Марыі, бачучы, што ўчыніў Ісус, уве́равалі ў Яго.
Але некатрыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што Ісус учыніў.
А іншыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
Тады найвышшыя сьвятары а фарысэі зьберлі раду й сказалі: «Што нам рабіць? бо Гэты Чалавек шмат чыне знакоў.
Тады архірэі і фарысэі склікалі раду і кажуць: што нам рабіць? Гэты чалаве́к робіць многа цудаў.
Калі пакінем Яго так, дык усі ўвераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца нашае і народ нашы».
Калі пакінем Яго гэтак, дык усе́ ўве́руюць у Яго, і прыйдуць Рымляне і забяруць ме́йсца нашае і народ.
Адзін жа зь іх, Каяпа, будучы таго году найвышшым сьвятаром, сказаў ім:
Адзін жа з іх, не́хта Каіяфа, які быў той год архірэем, сказаў ім: вы нічога ня ве́даеце
«Вы нічога ня ведаеце ані разважаеце, што карысьней, каб адзін чалавек памер за люд, а ня ўвесь народ загінуў».
і не падумаеце, што ле́пей нам, каб адзін чалаве́к паме́р за людзе́й, чымся — каб уве́сь народ загінуў.
Гэта ж ён сказаў не ад сябе, але, будучы таго году найвышшым сьвятаром, прарок, што Ісус меў памерці за гэты народ;
Гэтае ж ён сказаў не ад сябе́, але, быўшы той год архірэем, прарочыў, што Ісус памрэ за людзе́й,
І не адно за народ, але таксама, каб расьцярушаныя вонках дзеці Божыя зьберці ў вадно.
дый ня толькі за людзе́й, але каб і paccе́еных дзяце́й Божых сабраць у вадно.
Дык ад тога дня яны зрадзіліся, каб забіць Яго.
Ад гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
Затым Ісус не хадзіў балей яўна памеж Юдэяў, але пайшоў адтуль да краіны ля пустыні, да места, званага Ефраім, і там заставаўся з вучанікамі.
Дык Ісус ужо не хадзіў яўна між імі, а пайшоў адтуль з ме́йсца ля пустыні ў ме́ста, званае Эфраім, і там аставаўся з вучнямі сваімі.
А была блізка Пасха Юдэйская, і шмат хто з краіны тае прышоў да Ерузаліму перад Пасхаю, каб ачысьціцца.
Блізка ж была пасха жыдоўская, і з усяе стараны многа папрыходзіла ў Ерузалім перад Пасхай, каб ачысьціцца.
І шукалі Ісуса, і размаўлялі мяжсобку, стоячы ў сьвятыні: «Што вы думаеце? Ці Ён ані ня прыйдзе на сьвята?
Дык шукалі Ісуса і, стоючы ў царкве́, гаварылі між сабою: як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
Найвышшыя ж сьвятары а фарысэі выдалі загаду, каб, калі хто ведае, ідзе Ён, наказаць, каб няць Яго.
Архірэі ж і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даве́даецца, дзе́ Ён, данасіў-бы, каб Яго ўзяць.