Яна 7 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Рукапіс Л. Дзекуць-Малея М

 
 

Потым жа Ісус хадзіў па Ґалілеі, бо не хацеў хадзіць у Юдэі, бо Юдэі шукалі забіць Яго.
 
Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галіле́і; па Юдэі не хаце́ў хадзіць, бо жыды шукалі, як бы забіць Яго.

І бліжэла юдэйскае сьвята Будкаў.
 
Блізка ж было сьвята жыдоўскае кучкі.

Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адгэтуль і йдзі да Юдэі, каб і вучанікі Твае бачылі ўчынкі Твае, каторыя Ты чыніш;
 
Тады браты Яго сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Тваі бачылі дзе́яньні, якія Ты чыніш.

Бо ніхто ня робе нічога ў тайбе, і хоча сам быць ведамным; калі Ты чыніш гэтыя ўчынкі, зьявіся сьвету».
 
Бо ніхто ня робіць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, дык пакажы Сябе́ сьве́ту;

Бо й браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
 
бо і браты Яго ня ве́равалі ў Яго.

І кажа ім Ісус: «Мая пара яшчэ ня прышла, а вам заўсёды пара.
 
Ісус жа сказаў ім: Мой час яшчэ ня прыйшоў, а для вас заўсёды час.

Сьвет ня можа ненавідзіць вас, але Мяне ён ненавідзе, бо Я сьветчу празь яго, што ўчынкі ягоныя ліхія.
 
Вас сьве́т ня можа ненавідзець, а Мяне́ ненавідзіць, бо Я сьве́дчу аб ім, што ўчынкі яго благія.

Вы ўзыйдзіце на гэта сьвята; Я яшчэ ня ўзыйду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ ня выпаўніўся».
 
Ідзе́це вы на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо Мой час яшчэ не настаў.

Сказаўшы гэта ім, застаўся ў Ґалілеі.
 
І, сказаўшы гэтае ім, застаўся ў Галіле́і.

Але як браты Ягоныя ўзышлі на сьвята, тады Ён таксама ўзышоў на сьвята, ня яўна, а як бы тойма.
 
Але, як пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але як-быццам патайна.

Юдэі ж шукалі Яго ў сьвята і казалі: «Ідзе Ён?»
 
Жыды ж шукалі Яго на сьвяце і пыталіся: дзе́ Ён?

І шмат было нараканьня на Яго памеж грудамі. Адныя казалі: «Ён добры», другія казалі: «Не, але зводзе груды».
 
І многа шуму было дзеля Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: — не, бо зводзіць народ.

Ніхто, адылі, ня гукаў празь Яго яўна, баючыся Юдэяў.
 
Але ж ніхто не гаварыў аб Ім яўна, бо баяліся жыдоў.

Але ўжо ў палавіцы сьвята Ісус увыйшоў у сьвятыню і навучаў.
 
У палове ж сьвята ўвайшоў Ісус у царкву і навучаў.

І дзіваваліся Юдэі, кажучы: «Як знае Ён пісьмы, ніколі ня вучыўшыся?»
 
І дзівіліся жыды, кажучы: як Ён ве́дае Пісаньні, ня вучыўшыся?

Дык адказаў Ісус і сказаў: «Мая навука не Мая, але таго, хто Мяне паслаў.
 
Ісус жа адказаў ім і сказаў: Маё вучэньне не Маё, але Паслаўшага Мяне́;

Хто зыча чыніць волю Ягоную, тый даведаецца праз гэту навуку, ці ад Бога яна, ці Я сам ад Сябе кажу.
 
хто хоча волю Яго чыніць, той даве́даецца аб навуцы, ці ад Бога яна, ці Я Сам ад Сябе́ гавару.

Хто гукае сам ад сябе, шукае славы свае; а хто шукае славы таго, хто паслаў Яго, Тый праўдзівы, і няма несправядлівасьці ў Ім.
 
Хто гаворыць сам ад сябе́, той шукае для сябе́ славы, а хто шукае славы Паслаўшага яго, той праведны, і няма ў ім няпраўды.

Ці ня даў вам Масей права? і ніхто не дзяржыць права. Чаму шукаеце забіць Мяне?»
 
Ці ня даў вам Майсе́й закону, і ніхто ня жыве́ па закону. За што хочаце забіць Мяне́?

Адказаў груд: «Нячысьціка маеш; хто шукае забіць Цябе?»
 
Народ адказаў: ці ня чорт у Табе́? Хто імкне́цца забіць Цябе́?

Адказаў Ісус і сказаў ім: «Я зрабіў адзін учынак, і ўсі вы дзівуецеся.
 
Ісус казаў дале́й: адно дзе́ла зрабіў Я, і вы ўсе́ дзівуецеся;

Масей даў вам абразаньне, — не каб яно было ад Масея, але ад айцоў, — і вы ў сыботу абразаеце чалавека.
 
Майсе́й даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсе́я, але ад бацькоў, і ў суботу вы абразаеце чалаве́ка.

Калі чалавек прыймае абразаньне ў сыботу, каб ня быў узрушаны закон Масеяў, чаму на Мяне злуецеся, што Я цэлага чалавека ўздаравіў у сыботу?
 
Калі ў суботу абразаецца чалаве́к, каб ня быў парушаны закон Майсе́яў, — чаму ж нездаволены вы Мною? Што Я аздаравіў чалаве́ка ў суботу?

Ня судзіце подле выгляду, але судзіце суд справядлівы».
 
Ня судзіце па выгляду, але судзіце судом справядлівым.

Тады некатрыя зь Ерузалімцаў сказалі: «Ці ня гэта Тый, Каторага шукаюць забіць?
 
Іншыя ж з ерузалімцаў казалі: ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць?

І вось, Ён гукае яўна, і нічога ня кажуць Яму. Ці старцы запраўды прызналі, што гэты ё Хрыстос?
 
Вось Ён кажа яўна, і нічога ня кажуць Яму; ці не пераканаліся начальнікі, што Ён запраўды Хрыстос?

Але праз гэтага мы ведаем, скуль Ён: Хрыстос жа, як прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, скуль Ён».
 
Але мы ве́даем Яго, адкуль Ён; калі ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ве́даць, адкуль Ён.

І загукаў Ісус у сьвятыні, вучачы а кажучы: «І знаеце Мяне, і ведаеце скуль Я; але Я прышоў ня Сам ад Сябе, а Тый, што паслаў Мяне, ё праўдзівы, каторага ня знаеце.
 
І крыкнуў тады Ісус у царкве́, навучаючы і кажучы: і Мяне́ ве́даеце, і ве́даеце адкуль Я, і прыйшоў Я ня Сам ад Сябе́, але праўдзівы Той, што паслаў Мяне́, ды Яго вы ня ве́даеце.

Я знаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне».
 
Я ве́даю Яго, бо Я ад Яго і Ён паслаў Мяне́.

І шукалі няць Яго, і ніхто не наклаў рукі свае на Яго, бо яшчэ ня прышла гадзіна Ягоная.
 
І шукалі, як бы ўзяць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ ня прыйшоў Яго час.

Але шмат із груду ўверылі ў Яго й казалі: «Ці Хрыстос, як прыйдзе, учыне знакоў балей за тыя, што Гэты ўчыніў?»
 
Многія ж з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо ж Ён зробіць больш цудаў, чымся гэты зрабіў?

Пачулі фарысэі гэтыя дзейкі цішком празь Яго ў гурбе, і паслалі фарысэі а найвышшыя сьвятары паслугачоў, няць Яго.
 
Чулі фарысэі такія гутаркі аб Ім у народзе; і паслалі фарысэі і архірэі слуг сваіх, каб узялі Яго.

Тады Ісус сказаў: «Яшчэ малы час Я з вамі, і пайду да Тога, Хто паслаў Мяне.
 
Ісус жа сказаў ім: яшчэ нядоўга Мне́ быць з вамі, і пайду да Паслаўшага Мяне́.

Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці».
 
Будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.

Дык Юдэі гукалі адны адным: «Куды Ён пойдзе, што мы ня знойдзем Яго? Ці не маніцца Ён ісьці да расьцярушэньня памеж Грэкаў і навучаць Грэкаў?
 
І гаварылі жыды паміж сабою: куды Ён хоча йсьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці не да грэцкага рассяле́ньня хоча йсьці і навучаць грэкаў?

Што за слова, каторае Ён сказаў: "Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці"?»
 
Што маюць значыць гэтыя словы, якія Ён сказаў: будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці?

Апошняга дня вялікага сьвята Ісус стаяў і гукаў, кажучы: «Хто сьмягне, ідзі да Мяне й напіся.
 
У апошні ж вялікі дзе́нь сьвята Ісус стаяў і клікаў, кажучы: хто смагу мае, йдзі да Мяне́ і пі.

Хто вера ў Мяне, як сказана ў Пісьме, "Рэкі жывое вады пацякуць із улоньня ягонага"».
 
Хто ве́руе ў Мяне́, у таго, як сказана ў Пісаньні: з жывата пацякуць рэкі вады жывое.

А гэта сказаў Ён праз Духа, Каторы мелі адзяржаць тыя, што верылі ў Яго, бо Духа на іх ня было яшчэ, бо Ісус ня быў яшчэ ўслаўлены.
 
Гэтае сказаў Ён аб Духу, якога ме́ліся прыняць ве́руючыя ў Яго: бо ня было йшчэ (на іх) Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус услаўлены.

Тады з груду, пачуўшы гэтае слова, казалі: «Гэта запраўды тый прарока».
 
Многія з народу, чуючы гэтыя словы, казалі: запраўды, Ён прарок.

Другія казалі: «Гэта Хрыстос». Іншыя гукалі: «Ціж із Ґалілеі прыйдзе Хрыстос?
 
Другія гаварылі: гэта Хрыстос. А іншыя гаварылі: ці ж з Галіле́і прыйдзе Хрыстос?

Ці не сказала Пісьмо, што Хрыстос прыйдзе з насеньня Давідавага і ізь сяла Бэтлеему, скуль Давід быў?»
 
Ці ж ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе з сяме́ньня Давідавага і з Віфлее́му, з сяла, скуль быў Давід?

Дык быў падзел у грудзе што да Яго.
 
Дык вось узьнялася аб Ім у людзе́й спрэчка.

Некатрыя ж зь іх зычылі няць Яго, але ніхто не наклаў рукі на Яго.
 
Некаторыя ж з іх хаце́лі ўзяць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.

Дык паслугачыя прышлі да найвышшых сьвятароў а фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
 
І вярнуліся слугі да архірэяў і фарысэяў, і тыя спыталіся: чаму вы не прывялі Яго?

Паслугачыя адказалі: «Ніколі чалавек ня гукаў так, як Гэты Чалавек».
 
Слугі адказалі: ніколі чалаве́к не гаварыў так, як гэты чалаве́к.

І фарысэі адказалі ім: «Нягож і вы зьведзены?
 
Фарысэі сказалі ім: няўжо ж і вас зьвялі?

Ці хто із старцоў уверыў у Яго альбо з фарысэяў?
 
Ці паве́рыў у Яго хто з начальнікаў і фарысэяў?

Але гэты груд, каторы ня знае Права, пракляты ён».
 
Бо пракляты гэты народ, што ня ве́дае закону.

Кажа ім Мікадым, тый, што прыходзіў да Яго ўперад, будучы адзін ізь іх:
 
Кажа ім Нікадэм, адзін з іхніх, што прыходзіў быў да Яго ўначы:

«Ці судзе Права наша чалавека, ня выслухаўшы яго ўперад і не даведаўшыся, што ён робе?»
 
ці судзіць закон наш чалаве́ка, ня выслухаўшы пе́рш яго і не даве́даўшыся, што ён робіць?

Адказалі й сказалі Яму: «Ці й ты не з Ґалілеі? Скумай і глядзі, што ніякі прарока не паўстаець із Ґалілеі».
 
На гэтае адказалі і сказалі яму: ці і ты не з Галіле́і? Пашукай і пабач, што з Галіле́і прарок ня прыходзіў.

І пайшлі да дамоў сваіх.
 
І разыйшліся дадому.