Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Рукапіс Л. Дзекуць-Малея М
І, праходзячы, абачыў чалавека, нявіснога ад нараджэньня.
І, праходзячы, угле́дзіў чалаве́ка сьляпога ад нараджэньня.
І вучанікі папыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто ізграшыў, ён, ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся нявісны?»
Вучні Яго спыталіся ў Яго: Равві! Хто саграшыў: ён, ці бацькі яго, што ўрадзіўся сьляпы?
Ісус адказаў: «Ані гэты ізграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб выяўлены былі ўчынкі Божыя на ім.
Ісус адказаў: не саграшыў ані ён, ані бацькі яго, але дзеля выяўле́ньня ў ім дзе́л Божых.
Я маю спраўляць справы Таго, хто паслаў Мяне, пакуль ё дзень; надыходзе ноч, калі ніхто ня будзе спраўляць.
Мне́ трэба рабіць дзе́ла Таго, што паслаў Мяне́, пакуль дзе́нь: надыходзе ноч, калі ніхто ня можа рабіць.
Пакуль Я на сьвеце, Я сьвятліня сьвету».
Пакуль Я на сьве́це, Я сьвятло сьве́ту.
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, і зрабіў балотца ізь сьліны, і памазаў балотцам, як масьцяй, вочы нявісному,
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў з сьліны балота і памазаў ім вочы сьляпому
І сказаў яму: «Ідзі, умыйся ў копані Сылоам (што перакладаецца: Пасланы)». Дык ён пайшоў, і ўмыўся, і прышоў празерыўшы.
дый сказаў яму: пайдзі, умыйся ў купальні Сілаам (што тлумачыцца: Пасланы). Той пайшоў і ўмыўся і прыйшоў відзючы.
Затым суседзі а тыя, што звычайна бачылі яго ўперад, што ён быў убогі, сказалі: «Ці ня тый ён, што сядзеў а прасіў?»
Сусе́дзі ж і тыя, што бачылі яго ране́й, як быў сьляпы, гаварылі: ці ж ня той гэта, што сядзе́ў і жабраваў?
Некатрыя казалі: «Гэта ён», а іншыя казалі: «Не, але падобны да яго»; тый жа сказаў: «Гэта я».
Іншыя казалі: гэта ён, а іншыя — падобны да яго; ён жа казаў: гэта я.
Тады яны сказалі яму: «Як твае вочы адчыніліся?»
Дык пыталіся ў яго: як адчыніліся вочы твае́?
Ён адказаў: «Чалавек, званы Ісус, зрабіў балотца, памазаў вочы мае і сказаў імне: "Ідзі да Сылоаму і ўмыйся". Затым я пайшоў, умыўся й празерыў».
І той адказаў і сказаў: чалаве́к, званы Ісусам, зрабіў балота, памазаў вочы мае́ і сказаў мне́: пайдзі ў купальню Сілаам і ўмыйся. Я пайшоў, умыўся і стаў відзець.
Тады сказалі яму: «Ідзе Ён?» Ён кажа: «Ня ведаю».
Дык сказалі яму: дзе́ Ён? Ён адказаў: Ня ве́даю.
Вядуць яго, былога нявіснога, да фарысэяў.
Павялі гэтага былога сьляпога да фарысэяў.
А была сыбота таго дня, калі Ісус зрабіў балотца і ачысьціў вочы яму.
А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы.
І фарысэі ізноў пыталіся ў яго, як ён празерыў. І ён сказаў ім: «Ён паклаў балотца на вочы мае, і я ўмыўся, і бачу».
І пыталіся ў яго ізноў фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: балота палажыў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся і віджу.
Тады некатрыя з фарысэяў сказалі: «Гэны чалавек не ад Бога, бо сыботы не дзяржыць». Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія знакі?» І быў падзел памеж іх.
Дык некаторыя з фарысэяў гаварылі: не ад Бога гэты чалаве́к, бо не шануе суботы. Другія казалі: як можа чалаве́к грэшны рабіць гэткія цуды? І была між імі спрэчка.
Затым ізноў кажуць нявісному: «Што ты кажаш праз тога, што адчыніў вочы табе?» І ён сказаў: «Ён прарока».
І зноў кажуць сьляпому: а ты што скажаш аб Ім, што́ Ён табе́ адчыніў вочы? Той адказаў: гэта прарок.
І ня верылі Юдэі узглядам яго, што ён быў нявісны і празерыў, пакуль не пагукалі бацькоў таго, што празерыў.
Жыды ж не паве́рылі, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў аздароўленага.
І пыталіся ў іх, кажучы: «Гэта сын вашы, праз каторага вы кажаце, што ён быў нявісны? Дык як ён цяпер бача?»
І спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, аб якім вы кажаце, што ён радзіўся сьляпы? Як жа ён цяпе́р бачыць?
І адказалі бацькі ягоныя, і сказалі: «Мы ведаем, што гэты сын нашы і што ён радзіўся нявісны;
Бацькі яго адказалі ім і сказалі: мы ве́даем, што ён наш сын, і што ён радзіўся сьляпы;
Але як ён цяпер бача, ня ведаем, альбо хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем; пытайцеся ў яго, ён вырослы, сам празь сябе скажа».
а як цяпе́р бачыць, ня ве́даем; таксама, — хто адчыніў яму вочы, мы ня ве́даем: сам ён дарослы, самога спытайцеся; няхай сам аб сабе́ скажа.
Бацькі ягоныя казалі гэта, бо баяліся Юдэяў; бо Юдэі ўжо згадзіліся, што, калі б хто вызнаў Яго за Хрыста, тый меў бы быць вылучаны з бажніцы.
Так адказалі бацькі яго, бо баяліся жыдоў, бо жыды згаварыліся ўжо, каб таго, хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад школы.
Затым бацькі ягоныя сказалі; «Ён вырослы, выпытавайце ў яго»
Дзеля гэтага бацькі яго сказалі: ён дарослы, у самога спытайцеся.
Дык удругава пагукалі чалавека, што быў нявісны, і сказалі яму: «Уздай хвалу Богу, мы ведаем, што гэны чалавек грэшны».
І вось другі раз паклікаў чалаве́ка, што быў сьляпы, і сказалі яму: аддай славу Богу: мы ве́даем, што чалаве́к той грэшнік.
Ён жа адказаў: «Ці Ён грэшны, я ня ведаю; адно ведаю, што, будучы нявісны, цяпер бачу».
Ён жа адказаў ім і сказаў: ці Ён грэшны, ня ве́даю, адно ве́даю, што я быў сьляпы, а цяпе́р бачу.
І сказалі яму ізноў: «Што Ён зрабіў табе? як адчыніў табе вочы?»
Дык ізноў сказалі яму: што Ён зрабіў з табою? Як адчыніў вочы?
Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, і вы не пачулі? чаму ізноў хочаце чуць? ці ня зычыце вы стаць вучанікамі Ягонымі?»
Адказаў ім: я ўжо сказаў вам; вы ня слухалі; што яшчэ хочаце чуць? Няўжо ж вы хочаце зрабіцца Яго вучнямі?
І вылаялі яго, і сказалі: «Ты вучанік Гэнага, а мы Масеявы вучанікі.
Яны ж дакаралі яго, кажучы: гэта ты вучань Яго, мы ж Майсе́явы вучні.
Мы ведаем, што Масеям казаў Бог, а праз Гэнага мы ня ведаем, скуль Ён».
Мы ве́даем, што з Майсе́ем гаварыў Бог; аб Ім жа ня ве́даем, адкуль Ён.
Адказаў чалавек ім: «Гэта й дзіўна, што вы ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адчыніў імне вочы.
І адказаў ім чалаве́к гэты і сказаў: гэта й дзівіць мяне́, што вы ня ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мне́ вочы.
Мы ведаем, што Бог грэшнікаў ня слухае; але калі хто баіцца Бога й волю Ягоную паўніць, таго слухае.
Але мы ве́даем, што грэшнікаў Бог ня слу́хае; але хто славіць Бога і выпаўняе волю Яго, таго слухае.
Ад веку ня чувана, каб хто адчыніў вочы нявісному ад нараджэньня.
Ад ве́ку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьляпому ад нараджэньня.
Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы чыніць нічога».
Каб Ён ня быў ад Бога, дык ня мог бы нічога рабіць.
Адказалі яны й сказалі яму: «У грахох ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас?» І выкінулі яго вон.
Яму адказалі і сказалі: у грахох ты ўве́сь урадзіўся і ты нас вучыш? І выгналі яго вон.
Пачуў Ісус, што выкінулі яго вон, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Верыш ты ў Сына Людзкога?»
Ісус, дачуўшыся, што выгналі яго вон, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці ве́рыш ты ў Сына Божага?
Гэты адказаў і сказаў: «А хто Ён, Спадару, каб я ўверыў у Яго?»
Той жа адказаў і сказаў: а хто Ён, Госпадзі, каб мне́ ве́рыць у Яго?
Сказаў яму Ісус: «І бачыў ты Яго, і Каторы гукае з табою — гэта Ён».
Ісус сказаў яму: і ты бачыў Яго, і той, што гаворыць з табою, — гэта Ён.
І ён сказаў: «Веру, Спадару!» і пакланіўся Яму.
Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзі! і пакланіўся Яму.
І сказаў Ісус: «На суд прышоў Я на сьвет гэты, каб нявідомыя бачылі, а відучыя занявісьнелі».
І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьве́т гэты, каб сьляпыя бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпымі.
І пачулі гэта тыя з фарысэяў, што былі зь Ім, і сказалі Яму: «Няго ж і мы нявісныя?»
Пачуўшы гэтае, некаторыя з фарысэяў, што былі з Ім, сказалі Яму: няўжо ж і мы сьляпыя?
Сказаў ім Ісус: «Калі б вы былі нявісныя, ня мелі б грэху; цяпер жа вы кажаце: "Мы бачым", — грэх вашы застаецца.
Ісус сказаў ім: калі б вы былі сьляпыя, то ня ме́лі б граху на сабе́; але як вы кажаце, што бачыце, то грэх застае́цца на вас.