Выхад 4 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І адказаў Масей, і сказаў: «А калі яны не павераць імне і не паслухаюць голасу майго, бо скажуць: "Не зьявіўся табе СПАДАР"».
 

І сказаў яму СПАДАР: «Што гэта ў руццэ ў цябе?» Ён адказаў: «Посах».
 

І сказаў: «Кінь яго на зямлю». І ён кінуў яго на зямлю, і стаў гадам; і ўцякаў Масей ад яго.
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Выцягні руку і схапі моцна яго за хвост!» — Ён выцягнуў руку сваю і моцна ўхапіў яго, і ён стаў посахам у далані ягонай,
 

— «Каб паверылі, што зьявіўся табе СПАДАР, Бог айцоў іхных, Бог Абрагама, Бог Ісака а Бог Якава».
 

І сказаў СПАДАР яму яшчэ: «Улажы руку сваю сабе ў заўлоньне». І ён улажыў руку сваю сабе ў заўлоньне, і выняў, і вось, рука ягоная пракажаная, як сьнег.
 

І сказаў: «Зьвярні руку сваю сабе ў заўлоньне». І ён зьвярнуў руку сваю сабе ў заўлоньне. І выняў яе із заўлоньня свайго, і вось, яна ізноў стала, як цела ягонае.
 

«І будзе, што калі яны не павераць табе і не паслухаюць голасу першага знаку, дык павераць голасу знаку апошняга.
 

І будзе, што калі не павераць таксама двум гэтым знаком і не паслухаюць голасу твайго, то вазьмі з ракі вады і вылі на сушу, і будзе, што стане крывёй на сушы вада, каторую ты возьмеш із ракі».
 

І сказаў Масей СПАДАРУ: «О Спадару, чалавек я нявымоўны ад учорах і заўчора, таксама адгэнуль, як Ты гукаў да слугі Свайго, бо я цяжкіх вуснаў і цяжкое мовы».
 

І сказаў СПАДАР яму: «Хто ўчыніў вусны чалавеку? хто робе немым або глухім, або відучым, або нявісным? ці ня Я СІІАДАР?
 

І цяпер пайдзі; і Я буду з вуснамі тваімі, і наўчу цябе, што табе гукаць».
 

І сказаў: «О Спадару! пашлі, прашу, таго, каго паслаці маеш».
 

І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Масея, і Ён сказаў: «Ціж ня ёсьць Аарон, брат твой, Левіт? Я ведаю, што добра гукае ён, і таксама вось, ён выйдзе наўпярэймы табе, і, абачыўшы цябе, узрадуецца ў сэрцу сваім;
 

І ты будзеш яму гукаць і ўкладаць словы ў вусны ягоныя; і Я буду з вуснамі тваімі і з вуснамі ягонымі, і буду вучыць вас, што вам рабіць.
 

І будзе гукаць ён замест цябе да народу. І ён будзе табе за вусны, а ты будзеш яму замест Бога.
 

І посах гэты возьмеш у руку сваю, каторым зробіш гэныя знакі».
 

І пайшоў Масей, і зьвярнуўся да Ефора, сьця свайго, і сказаў яму: «Пайду ж я і зьвярнуся да братоў сваіх, каторыя ў Ягіпце, і пагляджу, ці жывы яны яшчэ?» І сказаў Ефор Масею: «Ідзі ў супакою».
 

І сказаў СПАДАР Масею ў Мідзе: «Пайдзі, зьвярніся да Ягіпту, бо памерлі ўсі людзі, каторыя шукалі душы твае».
 

І ўзяў Масей жонку сваю і сыноў сваіх, і пасадзіў іх на асла, і зварачаўся да зямлі Ягіпецкае. І ўзяў посах Божы ў руку сваю.
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Як пойдзеш, каб зьвярнуцца да Ягіпту, вось, усі чудосы, каторыя Я палажыў у руку тваю, зрабі іх перад Фараонам. А Я закаляню сэрца ягонае, і ён не адпусьце люду.
 

І скажы Фараону: "Гэтак кажа СПАДАР: ’сын Мой, пяршак Мой — Ізраель.
 

Я кажу табе: адпусьці сына Майго, каб ён служыў Імне; а калі адмовішся адпусьціць яго, дык вось, Я заб’ю сына твайго, першака твайго’"».
 

І было ў дарозе: у начулішчу пераняў яго СПАДАР і шукаў забіць яго.
 

І Цыпора ўзяла крэмень, і абрэзала канцавую скурку плоці сына свайго, і дакранулася да ног ягоных, і сказала: «Пэўне ты малады крыві імне».
 

І адступіў ад яго. Тады яна сказала: «Малады крыві — з абразаньня».
 

І сказаў СПАДАР Аарону: «Ідзі наўпярэймы Масею на пустыню». І ён пайшоў, і стрэўся зь ім ля гары Божае, і пацалаваў яго.
 

І пераказаў Масей Аарону ўсі словы СПАДАРОВЫ, Каторы яго паслаў, і ўсі знакі, каторыя Ён расказаў яму.
 

І пайшоў Масей із Ааронам, і зьберлі яны ўсіх старцоў сыноў Ізраелявых;
 

і пераказаў Аарон усі словы, каторыя казаў СПАДАР Масею, і зрабіў знакі перад ачмі люду.
 

І паверыў народ. І яны пачулі, што СПАДАР даведаўся да сыноў Ізраелявых і што Ён абачыў гароту іхную, і сьхінуліся і пакланіліся.