Марка 12 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І пачаў гукаць ім прыпавесьцьмі: «Якісь чалавек засадзіў вінішча, і агарадзіў яго агарожаю, і выкапаў таўчэльню, і пастанавіў вежу, і аддаў яго ў ранду вінаром, і ад’ехаў.
I пачаў гаварыць ім прыпавесьцямі: Нейкі чалавек насадзіў вінаграднік; абгарадзіў яго плотам, выкапаў таўчэльню й збудаваў вежу і, здаўшы яго вінаром, ад'ехаў.
І ў пару паслаў да вінароў слугу, каб адзяржаць ад вінароў плады зь вінішча.
У свой час ён паслаў слугу свайго узяць ад вінаробаў частку з плёну вінаграднага.
А яны, узяўшы, зьбілі й адаслалі бязь нічога.
Яны-ж, схапіўшы яго, пабілі ды адаслалі зь нічым.
І ўзноў паслаў да іх другога слугу; і таго каменьням ранілі ў галаву, і адаслалі асарамочанага.
I ізноў паслаў да іх другога слугу, і таго пабілі каменьнямі, разьбіўшы галаву, і адправілі яго зьдзекуючыся.
І ўзноў паслаў іншага; і таго забілі, і шмат іншых, адных б’ючы, а другіх забіваючы.
I ізноў паслаў іншага, таго-ж забілі; і шмат іншых — адных зьбіваючы, іншых забіваючы.
Маючы ж яшчэ адзінага сына, любовага свайго, паслаў таксама яго да іх, кажучы: "Усьцяць сына майго".
Маючы яшчэ аднаго любага яму сына, паслаў нарэшце й яго да іх, кажучы: «Пасаромеюцца сына майго».
Але тыя вінарове сказалі мяжсобку: "Гэта спадкаемца; пайдзіма, забіма яго, і спадак будзе нашы».
Яны-ж, вінаробы, сказалі адзін аднаму: «Гэта спадкаемца; пойдзем заб'ем яго, і спадчына будзе нашая.
І ўзялі яго, і забілі, і выкінулі зь вінішча.
I, схапіўшы яго, забілі й выкінулі зь вінаградніку.
Дык што зробе гаспадар вінішча? Прыйдзе, і выгубе вінароў, і аддасьць вінішча іншым.
Што-ж зробіць гаспадар вінаградніку? Прыйдзе й зьнішчыць вінаробаў, а вінаграднік аддасьць іншым?
Ці ня чыталі вы гэтага ў Пісьме: Камень, што адкінулі будаўнічыя, стаў галавою вугла;
Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: «Камень, адкінуты будаўнічымі, стаўся галавою вугла».
Гэта сталася ад Спадара, і дзіўна ў вачох нашых"?»
Гэта ад Госпада, і дзіўным стаецца у вачах нашых».
І шукалі прыгоды няць Яго, бо ведалі, што Ён празь іх сказаў прыпавесьць, але баяліся груду. І пакінуўшы Яго, адыйшлі.
І стараліся схапіць Яго, але баяліся народу; бо яны зразумелі, што пра іх сказаў прыпавесьць гэтую; і, пакінуўшы Яго, адыйшлі.
І яны паслалі да Яго некатрых із фарысэяў а гіродзян, каб злавіць Яго ў слове.
I падсылаюць да Яго некаторых з фарысеяў ды ірадыянаў, каб падлавіць Яго на словах.
Яны ж, прышоўшы, кажуць Яму: «Вучыцелю, мы ведаем, што Ты праўдзівы, і не азіраешся на нікога, бо не глядзіш на асобу людзкую, але дарогі Божае вучыш праўдзіва. Дазволена даваць падачкі цэсару, ці не?
Тыя-ж, прыйшоўшы, кажуць Яму: «Вучыцель, мы ведаем, што Ты справядлівы, і не стараешся дагаджаць каму-небудзь, бо ня ўзіраешся на асобы, але папраўдзе на шлях Божы настаўляеш; ці належыць даваць даніну кесару, ці не; маем даваць, ці не даваць?»
Маем мы даваць, ці не даваць?» Але Ён, ведаючы двудушнасьць іхную, кажа ім: «Чаму прабуеце Мяне? Прынясіце Імне дынар, каб Я бачыў яго».
Ён-жа, ведаючы іхны подступ, сказаў ім: «Што вы Мяне выпрабоўваеце? Прынясеце Мне дынар, каб пабачыць яго».
І прынесьлі. А Ён кажа ім: «Чый гэта абраз а напіс?» Яны сказалі Яму: «Цэсаравы».
Яны прынесьлі; тады кажа ім: «Чыё гэта аблічча на ім і напіс?» Яны сказалі: «Кесаравы».
І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Цэсарава аддавайце цэсару, а Божае Богу». І дзівіліся зь Яго.
Тады Ісус у адказ ім сказаў: «Дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу»; і падзіўляліся зь Яго.
Тады прышлі да Яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрысеньня, і пыталіся ў Яго, кажучы:
Тады прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся ў Яго, кажучы:
«Вучыцелю! Масей напісаў нам: "Калі чый брат памрэць і пакіне жонку, але не пакіне дзіцяці, гэты брат ягоны мае ўзяць жонку ягоную і даць насеньне брату свайму".
«Вучыцель! Майсей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат, і пакіне жонку, але не пакіне дзяцей, то брат ягоны няхай возьме жонку яго й адродзіць патомства брату свайму.
І было сямёх братоў: і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня.
Было-ж сем братоў, першы ўзяў жонку й памёр, не пакінуўшы патомства.
І другі ўзяў яе, і памер, і ён не пакінуў насеньня, таксама й трэйці.
I другі ўзяў яе й памёр, не пакінуўшы патомства, таксама й трэйці.
І сямёх мела яе, і не пакінулі насеньня. Просьле ўсіх памерла й жонка.
I сямёх мелі яе й не пакінулі патомства; пасьля ўсіх памерла й жонка.
Дык у ўскрысеньню, як ускрэснуць, чыёй зь іх будзе яна жонкаю? Бо сямёх мелі яе за жонку».
Дык пры ўваскрасеньні, калі ўваскроснуць, каторага зь іх будзе яна жонкаю, бо сем мелі яе за жонку».
І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Ці затым вы мыляецеся, што ня знаеце Пісьмаў ані моцы Божае?
І ў адказ ім Ісус сказаў: «Ці ня ў гэтым вы памыляецеся, што ня ведаеце Пісаньня, ані Сілы Божае?
Бо як ускрэснуць ізь мертвых, ня будуць жаніцца ані выходзіць замуж, але будуць як ангілы на нябёсах.
Бо калі зь мёртвых уваскроснуць, тады ня будуць ні жанщца, ні замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.
А што да мертвых, што яны ўскрэснуць, ці ня чыталі вы ў кнізе Масеявай, у кусьце, як Бог казаў яму, кажучы: "Я Бог Абрагамоў а Бог Ісакоў а Бог Якаваў"?
А пра памёршых, што яны паўстануць, хіба ня чыталі ў кнізе Майсеевай, як Бог пры купіне гаварыў яму, прамовіўшы: «Я Бог Абрагамаў, і Бог Ісакаў, і Бог Якубаў.
Ня ё Бог мертвых, але жывых. Дык вы вельма мыляецеся».
Ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых. Дык вы вельмі мыляецеся».
І дабліжыўся адзін із кніжнікаў, чуючы сьпярэчку іхную, і пераканаўшыся, што Ён адказаў ім вельмі добра, папытаўся ў яго: «Каторае расказаньне першае з усіх?»
I падыйшоў адзін з кніжнікаў, які чуў іхныя спрэчкі, ды пабачыўшы, як Ісус добра адказаў ім, спытаўся ў Яго: «Які запавет найважнейшы?»
І Ісус адказаў яму: «Першае з усіх расказаньне: "Слухай Ізраелю! Спадар Бог наш ё Спадар адзін;
Ісус адказаў яму: «Першы з усіх запаветаў, — “Слухай Ізраэль! Госпад Бог наш ёсьць Госпад Адзіны.
І любі Спадара Бога свайго з усяго сэрца свайго, і з усяе душы свае, і з усяе думкі свае, і з усяе моцы свае". Гэта першае расказаньне!
I ўзьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім помыслам тваім, і ўсёю моцаю тваёю”; гэта ёсьць першы запавет.
А другое падобнае да гэтага: "Любі прыяцеля свайго, як самога сябе". Няма іншага расказаньня большага за гэтыя».
Другі падобны да яго: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”; іншага, большага за гэты запавет, няма.»
І кніжнік сказаў Яму: «Добра, Вучыцелю! Ты сказаў праўду, бо адзін ё Бог, нямаш іншага, апрача Яго;
I сказаў Яму кніжнік: «Добра, Вучыцель! Праўду сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага, апрача Яго.
І любіць Яго з усяго сэрца, і з усяго розуму, і з усяе душы, і з усяе моцы, і любіць прыяцеля, як самога сябе, ё балей чымся ўсі ўсепаленьні а аброкі».
I любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім помыслам, і ўсёю душою, і ўсёю моцай, і любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта ёсьць большае за ўсе ахвяры й целапаленьні».
І Ісус, бачачы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад гаспадарства Божага». І ніхто просьле гэтага ня сьмеў пытацца ў Яго.
Ісус, бачачы, што той разумна адказваў, сказаў яму. «Недалёка ты ад Уладарства Божага»; і ніхто больш не адважыўся пытацца ў Яго.
І Ісус, адказуючы, сказаў, як вучыў у сьвятыні: «Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос ё сын Давідаў?
Ісус-жа, працягваючы навучаньне ў храме, гаварыў: “Як гэта кніжнікі гавораць, што Хрыстос — сын Давідаў?”
Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: "СПАДАР сказаў Спадару майму: сядзі па правіцы Маёй, пакуль Я зраблю непрыяцеляў Тваіх казулькаю пад ногі Твае".
Калі-ж сам Давід гаварыў у Духу Сьвятым: “Сказаў Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх”.
Дык Давід сам кажа Яму "Спадар": як жа Ён сын ягоны?» І вялікі груд ахвотна Яго слухаў.
Гэтак, сам Давід называе Яго Госпадам, дык як-жа ён сын яму?» І мноства народу былі рады слухаць Яго.
І казаў ім у навуццы Сваёй: «Уважайце на кніжнікаў, што любяць хадзіць у даўгім адзецьцю, і здарованьні на таргох,
І прамаўляў да іх у навучаньні Сваім: «Сьцеражэцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгай вопратцы, ды павітаньні на рынках.
І першыя седавы ў бажніцах, і першыя месцы на вячэрах;
I сядзяць наперадзе ў сынагогах ды займаць першыя месцы на банкетах.
Што зьядаюць дамы ўдоваў ды пад прыклепам даўгіх малітваў. Гэтыя адзяржаць цяжшае засуджэньне».
Гэтыя, якія аб'ядаюць домы ўдоваў і напаказ доўга моляцца, дастануць цяжэйшы прысуд».
І Ісус сеў супроці скарбонкі, і глядзеў, як людзі кідалі медзякі ў скарбонку. І шмат хто багаты кідаў шмат.
І сеў Ісус насупраць скарбонкі, наглядаючы, як народ кідае манэты ў скарбонку; і многія заможныя кідалі пашмат.
І прышла адна бедная ўдава, і ўкінула два пенязі, што складаюць шэляг.
Адна-ж бедная ўдава, прыйшоўшы, укінула дзьве лепты, што складае кодрант (грош).
Пагука ўшы вучанікаў Сваіх, сказаў ім: «Запраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула балей, чымся ўсі, што кідалі ў скарбонку;
Ісус, падклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам, што гэтая бедная ўдава палажыла больш за ўсіх, што клалі ў скарбонку.
Бо ўсі кідалі з дастатку свайго, але яна зь нястачы свае ўкінула ўсе, што мела, усе, што мела на жыцьцё свае».
Бо ўсе клалі ад лішкаў сваіх, а яна зь нястачы свае палажыла ўсё, што мела на пражытак свой».