Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Тады зьберліся да Яго фарысэі й некатрыя з кніжнікаў, што прышлі зь Ерузаліму,
I зыйшліся да Яго фарысеі й некаторыя кніжнікі, прыйшоўшы зь Ерусаліму.
І, бачачы некатрых вучанікаў Ягоных, што нячыстымі рукамі, значыцца непамытымі, елі хлеб, упікалі.
А ўгледзеўшы, што іншыя з вучняў Ягоных елі хлеб зь нячыстымі — гэта значыць зь непамытымі перад ядой рукамі, зганілі гэта.
Бо фарысэі а ўсі Юдэі, дзержачы паданьне старцоў, не ядуць, не памыўшы ўважліва рук.
Бо фарысеі й усе юдэі, трымаючыся старых укладаў, не ядуць не памыўшы добра рук.
І, прышоўшы з торгу, не ядуць не памыўшыся. Ё й шмат чаго іншага, што яны прынялі дзяржаць: абмываньне чараў, судзьдзя, мядзяных рэчаў а сталоў.
I калі прыходзяць з рынку, не ядуць перш не памыўшыся; і шмат чаго іншага, перанятага з даўніны, трымаюцца, як абмываньне кубкаў, чараў, катлоў і лавак.
Потым пытаюць у Яго фарысэі а кніжнікі: «Чаму вучанікі Твае ня робяць подле паданьня старцоў, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»
Пасьля пытаюць у Яго фарысеі й кніжнікі: «Чаму вучні Твае ня трымаюцца ўкладаў старэйшых, але ядуць хлеб зь непамытымі рукамі».
Ён, адказуючы, сказаў ім: «Добра праракаў праз вас двудушнікаў Ісая, як напісана: "Людзі гэтыя сьцяць Мяне вуснамі, сэрца ж іхнае далёка ад Мяне;
Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Добра прарочыў Ісая пра вас крывадушных, як гэта напісана: Людзі гэтыя ўсхваляюць Мяне вуснамі, сэрца-ж іх далёка адхілена ад Мяне.
Але дарма сьцяць Мяне, вучачы навукаў, расказаньняў людзкіх";
Але дарма ўсхваляюць Мяне, трымаючыся навыкаў і запаветаў чалавечых.
Бо вы, пакінуўшы расказаньне Божае, дзяржыце паданьне людзкое, абмываньне казаноў а чараў і шмат чаго іншага, падобнага да гэтага, робіце».
I вось вы, пакідаючы запаветы Божыя, трымаецеся паданьняў чалавечых: абмываньня збанкоў і кубкаў, ды шмат чаго, падобнага да гэтага творыце».
І сказаў Ён ім: «Ці добра, што адкладаеце расказаньне Божае, каб дзяржаць свае паданьне?
I сказаў ім: «Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб выконваць паданьне ваша?»
Бо Масей сказаў: "Сьці айца свайго й маці сва"; і: "Хто блага кажа праз айца альбо маці, няхай сьмерцю памрэць".
Бо Майсей сказаў: «Паважай бацьку твайго й маці тваю» і «хто зьневажае бацьку ці маці, няхай сьмерцяй памрэ».
Але вы кажаце: "Калі хто скажа айцу свайму альбо маці: «корбан» (значыцца дар), чым бы ты мог карыстацца ад мяне";
А вы кажаце: «Хто скажа бацьку ці маці “корван” гэта значыць дар, чым-бы ты мог карыстацца ад мяне?
То балей вы не дазваляеце яму штоколечы рабіць дзеля айца альбо маці,
Тады ўжо дазваляецца нічым не ўспамагаць ні бацьку свайму, ні маці сваёй.
Аддаляючы слова Божае паданьням сваім, каторае вы адзяржалі; і робіце шмат чаго, падобнага да гэтага».
Гэтак уневажняеце запавет Божы дзеля паданьняў вашых, якія вы ўстанавілі, ды робіце шмат чаго падобнага да гэтага».
І прыгукаўшы йзноў груд, кажа ім: «Слухайце Мяне ўсі й разумейце.
I, паклікаўшы людзей, казаў ім: «Слухайце Мяне ўсе й разумейце!
Няма нічога звонку людзіны, што, уходзячы ў яе, можа яе брудзяніць; але што зь людзіны выходзе, тое брудзяне людзіну.
Не апаганьвае чалавека тое, што ўвайходзіць у яго звонку, але тое апаганьвае чалавека, што выйходзіць зь яго.
Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае!»
Калі хто мае вушы слухаць, няхай пачуе».
І як Ён ад гурбы ўвыйшоў у дом, вучанікі Ягоныя папыталіся ў Яго праз прыпавесьць.
І калі Ён увайшоў у дом ад людзей, вучні Ягоныя спыталі ў Яго пра гэтую прыпавесьць.
І Ён сказаў ім: «Дык і вы няцямлівыя? нягож ня цяміце, што нішто, што звонку ўходзе ў людзіну, ня можа збрудзяніць яе?
I Ён сказаў ім: «Ці-ж і вы гэткія някемныя? Ці-ж не разумееце, што ўсё, прынятае чалавекам звонку, ня можа яго спаганіць.
Бо ня ў сэрца ягонае ўходзе, але ў жывот, і выходзе вон, ачышчаючы ўсю ежу».
Бо ня ў сэрца яму ўваходзіць, але ў жывот, і выходзіць вон, — гэтым ачышчаецца ўсё спажытае».
І сказаў Ён: «Што выходзе зь людзіны, тое брудзяне людзіну;
I сказаў яшчэ: «Тое, што выходзіць з чалавека, тое апаганьвае чалавека.
Бо з нутра, із сэрца людзкога, выходзяць благія падумкі, чужалоствы, бязулства, убіўствы,
Бо з нутра, з сэрца чалавека выходзяць злыя памыслы: чужаманства, блуд, забойствы,
Зладзейства, прагавітасьць, нягоднасьць, ашука, бессарамяжнасьць, благое вока, блявузґаньне, пыха, дурнота.
зладзейства, прагавітасьць, злаба, хлусьлівасьць, падлыжніцтва, ашуканства, пагардасьць, бяссорамнасьць, блюзьнерства.
Усе гэтае ліха з нутра выходзе й брудзяне людзіну».
Усё гэтае злое з нутра выходзщь і апаганьвае чалавека».
І, устаўшы адгэнуль, адышоў да ўкраінаў Тырскіх а Сыдонскіх, і увыйшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто ведаў, але ня мог стаіцца.
I, выйшаўшы адтуль, адыйшоў у землі Тырскія й Сыдонскія. I, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто-колечы даведаўся, але ня мог утаіцца.
Бо зараз пачула празь Яго адна жонка, каторае маладая дачка мела нячыстага духа, і, прышоўшы, пала да ног Ягоных.
Пачула пра Яго жанчына, у якое дачка была апанавана злыдухам, і прыйшоўшы, прыпала да ног Ягоных.
Жонка тая была Грачыца, СыраФінічанка подле нацанальнасьці; і прасіла яго, каб выгнаў нячысьціка з дачкі ейнае.
Жанчына-ж тая была грачынка, Сірафінікіянскага паходжаньня. I маліла Яго, каб выгнаў злыдуха з дачкі яе.
Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь уперад насыціцца дзяцём, бо ня гожа ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
Ісус-жа сказаў ёй: «Дай перш задаволіцца дзецям, бо нягожа ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам».
Але яна, адказуючы, сказала Яму: «Але, Спадару; адылі й шчаняты пад столам ядуць крошкі дзяціныя».
Яна-ж, адказваючы, сказала Яму: «Так, Госпадзе, але й шчаняты пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей».
І сказаў ёй: «За гэтае слова йдзі; вышаў нячысьцік із дачкі твае».
I сказаў ёй: «За гэтае слова, ідзі, выйшаў злыдух з дачкі твае».
І, прышоўшы да дому свайго, яна засьпела дзяцё на ложку, а нячысьцік вышаў.
I калі яна прыйшла дамоў, знайшла дачку на пасьцелі, і дух нечысьці пакінуў яе.
І ўзноў, вышаўшы з аколіцаў тырскіх а сыдонскіх, прышоў да мора Ґалілейскага пераз граніцы Дзесяцімесьця.
І, ізноў выйшаўшы зь межаў Тырскіх і Сыдонскіх, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага, сярод Дзесяцігродзьдзя.
І прывялі да Яго глухога загіклівага, і прасілі Яго, каб узлажыў руку сваю на яго.
I прывялі да Яго глухога заіку, і прасіла Яго палажыць руку на яго.
І, адвёўшы яго аднаго на бок ад гурбы, улажыў палцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, даткнуўся да языка ягонага;
Ісус, адвёўшы яго ад людзей аднаго, улажыў пальцы Свае ў вушы яго і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага.
І, глянуўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Еффафа», значыцца «адчыніся».
I, глянуўшы на неба, уздыхнуў і прамовіў: «Эффафа» — гэта значыць «расчыніся».
І адчыніліся вушы ягоныя, і якга разьвязаўся зьвязак языка ягонага, і ён гукаў добра.
I ўраз расчыніліся вушы яго й распаліся путы языка ягонага, і ён стаў гаварыць добра.
І заказаў ім казаць камулень; але чым балей Ён бараніў, тым балей яны надзвычайна разгалашалі.
Тады загадаў ім, каб нікому не гаварылі, але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі.
І надзвычайна зумяваліся, кажучы: «Усе добра робе: і глухіх робе чуючымі, і немых — гукаючымі».
I тым больш дзівіліся людзі ды гаварылі: Добра ўсё робіць: і глухіх чуткімі, і нямых гаваркімі.