Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Як Ён скончыў усі словы Свае ў вушы люду, увыйшоў да Капернауму.
І адзін сотнікаў слуга, дарагі яму, быў хворы, блізу канаў.
І, пачуўшы празь Ісуса, ён паслаў да Яго старцоў зь Юдэяў прасіць Яго, каб прышоў уздаравіць слугу ягонага.
І яны, прышоўшы да Ісуса, горача прасілі Яго, кажучы: «Ён гожы, каб Ты зрабіў яму гэтую ласку;
Бо ён любе народ наш і пастанавіў нам бажніцу».
Тады Ісус пайшоў зь імі. І як Ён быў недалёка ад дому, сотнік паслаў прыяцеляў да Яго, кажучы Яму: «Спадару! ня трудуйся, бо я ня гожы, каб Ты ўвыйшоў пад страху маю.
Затым і я не ўважаў сябе за гожага прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і слуга мой будзе ўздароўлены.
Бо я таксама чалавек падуладны, маючы пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: "Ідзі", і йдзець; і другому: "Прыйдзі", і прыходзе; і паслугачаму свайму: "Рабі гэта", і робе».
Пачуўшы гэта, Ісус зьдзіваваўся зь яго і, абярнуўшыся, сказаў груду, што йшоў за Ім: «Кажу вам, што і ў Ізраелю Я не знайшоў такое вялікае веры».
І пасланыя, зьвярнуўшыся двору, засьпелі хворага слугу здаровага.
І дзень пасьлей сталася, што Ён пайшоў да места, званага Наін; і зь Ім ішло шмат із вучанікаў Ягоных і шмат гурбы.
Якжа Ён дабліжыўся да месцкае брамы, гля, там выносілі нябожчыка, адзінага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і ладны груд ізь места быў зь ёй.
І, абачыўшы яе, Спадар зжаліўся над ёю і сказаў ёй: «Ня плач».
І, падышоўшы, даткнуўся да нашулкаў, а тыя, што несьлі, адзержыліся; і Ён сказаў: «Маладзёне! табе кажу, устань».
Нябожчык, падняўшыся, сеў і пачаў гукаць; і аддаў яго маці ягонай.
І абняў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарока паўстаў памеж нас» і «Бог даведаўся да люду Свайго».
І галасы пайшлі празь Яго па ўсёй Юдэі а па ўсёй аколіцы.
І вучанікі Яанавы наказалі яму праз усі гэтыя падзеі.
І Яан, пагукаўшы двух вучанікаў сваіх, паслаў да Ісуса, кажучы: «Ці Ты тый, што мае прыйсьці, ці чакаць нам іншага?»
Прышоўшы да Яго, тыя мужы сказалі: «Яан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: «Ці Ты тый, што мае прыйсьці, ці маем чакаць іншага?»
І тае самае гадзіны Ён шмат каго ўздаравіў ад хваробаў а болькаў а нячысьцікаў, і шмат якім нявісным даў відзеньне.
Тады Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Пайдзіце й паведаміце Яану, што вы бачылі й чулі: што нявісныя празіраюць, кульгавыя ходзяць, пракажаныя ачышчаны, глухія чуюць, мертвыя ўскрысаюць, бедным абяшчаецца дабравесьць.
І дабраславёны, хто не спакусіцца перазь Мяне!»
А, як пасланцы Яанавы пайшлі, Ён пачаў гукаць люду празь Яана: «Чаго глядзець хадзілі вы на пустыні? трысьціны хістанае ветрам?
Чаго ж глядзець хадзілі вы? чалавека, што адзеўшыся ў мяккое адзецьце? Гля, у каралеўскіх палацах тыя, што багата адзеўшыся й раскошна жывуць.
Але чаго глядзець хадзілі вы? прарокі? Але, кажу вам, і балей чымся прарокі.
Гэты ё, праз каторага напісана: "Во, Я пасылаю пасланца Свайго перад відзеньням Тваім, каторы прыгатуе дарогу Тваю перад Табою".
Бо кажу вам: памеж народжаных із жанок няма вялікшага прарокі за Яана Хрысьціцеля; але найменшы ў гаспадарстве Божым вялікшы за яго».
І ўвесь люд, што чуў, і мытнікі прызнавалі справядлівасьць Божую, хрысьціўшыся хрыстом Яанавым.
Але фарысэі а праўнікі адкінулі замер Божы ўзглядам сябе, ня хрысьціўшыся ў яго.
І Спадар сказаў: «Дык да каго прыраўную людзёў роду гэтага? і да каго яны падобныя?
Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на торзе, гукаюць адны адных і гамоняць: "Мы дудзелі вам, і вы не скакалі; мы галасілі, а вы ня плакалі".
Бо прышоў Яан Хрысьціцель, ня есьць хлеба ані п’ець віна, і кажаце: "У ім нячысьцік".
Прышоў Сын Людзкі, есьць і п’ець, і кажаце: "Во жэрлівы чалавек а вінажлоп, прыяцель мытнікаў а грэшнікаў".
Але апраўлена мудрасьць усімі дзецьмі яе».
І адзін із фарысэяў папрасіў, каб Ён паспытаўся ежы ў яго; і Ён увыйшоў у дом фарысэяў і ўзьляжаў.
І вось, жонка месцкая, грэшніца, даведаўшыся, што Ён узьляжыць у доме фарысэявым, прынесла алябастравы слоік масьці.
І, стаўшы адзаду ля ног Ягоных, плачучы, пачала мыць ногі Ягоныя сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы свае, і цалавала ногі Яго, і масьцяй мазала.
Бачачы гэта фарысэй, што Яго быў пазваўшы, сказаў сабе ў думцы: «Калі б Ён быў прарока, то ведаў бы, хто й якая жонка датыкаецца да Яго, бо яна грэшніца».
І, адказуючы, Ісус сказаў яму: «Сымоне, Я маю штось сказаць табе». Ён кажа: «Кажы, Вучыцелю».
У ваднаго пазычэньніка былі два даўжбіты: адзін вінен быў пяцьсот дынароў, а другі пяцьдзясят.
І як яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвым. Дык скажы, каторы зь іх балей будзе любіць яго?»
Сымон, адказуючы, сказаў: «Думаю, тый, катораму балей дараваў». Ён сказаў яму: «Ты рассудзіў праўдзіва».
І, зьвярнуўшыся да жонкі, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жонку? Я ўвыйшоў у дом твой, ты ня даў Імне вады на ногі Мае; а яна сьлязьмі памыла ногі Мае й выцерла. валасамі галавы свае.
Ты ня даў Імне цалаваньня, а жонка гэтая, адгэнуль, як Я прышоў, не перастала цалаваць Мяне ў ногі.
Ты не памазаў масьцяй галавы Мае, а жонка гэтая памазала масьцяй ногі Мае.
Затым кажу табе: дараваны ёй грахі ейныя, каторых шмат, бо яна шмат улюбіла; а каму мала даравана, тый мала любе».
І сказаў ёй: «Грахі табе дараваны».
І тыя, што ўзьляжалі зь Ім, пачалі гукаць мяжсобку: «Хто гэта, што й грахі даруе?».
І сказаў Ён жонцы: «Вера твая спасла цябе; ідзі ў супакою».