Да Эфэсянаў 6 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Дзеці, слухайце пабожна бацькоў сваіх, бо гэта справядліва.
 
Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Богу, бо гэта законна.

Шануй бацьку твайго і матку — гэта першае прыказанне з азарочаннем:
 
Паважай бацьку твайго і маці тваю; гэта першы загад у абяцаньні,

каб табе добра шчасьціла ды каб доўга жыў на зямлі.
 
каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі.

А і вы, бацькі, не радзрадняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у послусе ды пабожным уразумлянні.
 
А вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у дысцыпліне, павучаючы ў Госпадзе.

Слугі, будзьце паслухмянымі сваім гаспадаром сёсьветным з боязьзю й пашанай у прастаце сэрца вашага, моў Хрыстусу,
 
Нявольнікі, з боязьзю і пашанай у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся дачасным гаспадарам вашым, як Хрыстусу,

не для вока толькі служачы й прыпадабання людзям, але як Хрыстусавы слугі, шчыра выконваючы волю Божую,
 
не для вока служачы, каб людзям падабацца, але як слугі Хрыстовыя, выпаўняючыя волю Божую ад душы,

ахвотна паслугуйце, як Богу, а ня людзям;
 
з добрай інтэнцыяй паслугуючы, як Госпаду, а ня людзям.

сьведамыя таго, што кажны, ці слуга ці вольны, за выкананае дабро атрымае сваё ад Госпада.
 
Бо ведайце, што кожны, хто б зрабіў якое-небудзь дабро, той і ад Бога атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны.

І вы, гаспадары, рабеце ім тое самае, лагодзьце суровасьць, памятаючы, што як над імі, так і над вамі ёсьць Усегаспадар на небе, ў якога няма прыстароннасьці да асобаў.
 
І вы, гаспадары, паны падобна рабіце ім, не пагражайце, а ведайце, што і іхні і ваш Госпад знаходзіцца ў небе, і што Ён не адрозьнівае асобы.

На апошку, браты, мацнейце вы Госпадам і магутнасьцю сілы ягонай;
 
Наастатак, браты, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ў сіле моцы Ягонай.

прыадзеньцеся ў зброю Божую, каб маглі вы даць адпор хітрунствам дзьябла;
 
Адзеньцеся ў зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супроць намаганьняў шатанскіх.

мы бо змагаемся не проці крыві й цела, а проці зьверхніцкіх моцаў, проці сьветаўлады цемры гэтага веку, проці духаў назласьці ў паднебных прасторах.
 
Ня ёсьць бо гэта для вас ваяваньнем супроць цела або крыві, а супроць князёў і ўладаў, супроць уладальнікаў сьвету цемры гэтай, супроць нябесных моцаў шатанскіх.

Вось чаму вазьмеце ўсезброю Божую, каб у ліхім дню маглі вы процістаяць і, ўсё перамогшы, устаяць.
 
Дзеля таго вазьміце аружжа Божае, каб маглі ў дзень ліхі абараніцца і ва ўсім застацца дасканалымі.

Стойце, восьжа, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю й ахінуўшыся броняй справядлівасьці,
 
Дык стойце, падперазаўшы бёдры вашыя праўдаю і надзеўшы панцыр справядлівасьці,

ды абуўшы ногі ў гатовасьць дабравешчання міру-згоды;
 
абуўшы ногі ў гатоўнасьць апавяшчаць Эвангелію супакою;

а надусё вазьмеце шчыт веры, якім здолееце гасіць усе вагністыя стрэлы ліхога;
 
на ўсякую нагоду вазьміце шчыт веры. Ёю зможаце пагасіць усе агністыя стрэлы нягодніка.

і прылбіцу збаўлення вазьмеце, і меч духоўны, якім ёсьць слова Божае.
 
І вазьміце шалом збаўленьня разам з мячом духа, якім ёсьць Слова Божае,

Малецеся заўсёды ў духу ўсякай формай малітвы і благання; таго пільнуючыся вытрывала, просячы за ўсіх сьвятых
 
усьцяж молячыся, усякаю мальбою і просьбаю ў духу трывайце ў маленьні за ўсіх сьвятых.

дый за мяне, каб, як адкрыю мае вусны, дана мне была мова да сьмелага абвяшчання тайніцы Эванэліі,
 
І за мяне, каб дадзен быў мне дар мовы на навучаньне і на пераканаўчае выяўленьне таямніц Эвангеліі,

для якое паольства я выконываю ў аковах, каб я гаварыў аб ёй адважна, як мне належыцца.
 
для якой прызначаны я, вязень, каб гэтым меў адвагу так, як мне належыцца, апавяшчаць.

А каб і вы ведалі што дзеецца зы мною ды што раблю, аб гэтым усім паведаміць вас Тыхік, брат мілы і слуга верны ў Хрыстусе,
 
Каб жа і вы ведалі пра мае справы, што раблю, пра ўсё гэта раскажа вам Тыхікус, найдаражэйшы брат і верны слуга ў Госпадзе, якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца і каб ён пацешыў сэрцы вашы.

якога я паслаў да вас натое, каб вы даведаліся аб нас ды каб пацешыў сэрцы вашыя.
 
Супакой вам, браты, і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Езуса Хрыстуса.

Спакой братом і любасьць зь вераю ад Бога Айца і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
 
Ласка з усімі, якія мілуюць Госпада нашага Езуса Хрыстуса ў беззаганнасьці. Аман.

Ласка з усімі непахісна любячымі Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса. Амэн.