Да Эфэсянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І вас мяртвых праступкамі й грахамі вашымі,
 
І вы былі памёршымі праз праступкі і грахі вашы,

ў якіх вы калісь звычаем гэтага сьвету жылі, згодна з уладаю князя сіл паветра, духа, што дзее цяпер у сынох бунту.
 
у якіх калісьці пражывалі звычаем гэтага сьвету, па волі князя, які валодае паветрам, духа, які дзейнічае цяпер у сынах бунту.

Між тымі й мы ўсе калісь жылі у нашых похацях цялесных, выконваючы прымхі цела і прыродных нахілаў, будучы з натуры дзяцьмі гневу, як і другія.
 
Між імі і мы калісьці жылі ўсе з жаданьнямі цела нашага, выпаўняючы волю цела і пажаданьняў цялесных, і былі мы з натуры дзецьмі гневу, як і іншыя.

Але Бог, багаты міласэрдзям дзеля вялікае любасьці свае, якою умілаваў нас,
 
Але Бог прабагаты міласэрдзем, з бязьмежнай міласьці сваёй, якою ўзьлюбіў нас,

мяртвых праступкамі ажывіў нас разам з Хрыстусам — ласкаю ды збаўлёныя —
 
і хаця былі мы памёршымі праз грахі, ажывіў нас з Хрыстусам, ласкаю якога вы збаўлены.

і разам з гробу збудзіў ды ў небе асадзіў у Хрыстусе;
 
Ён вас разам уваскрасіў і пасадзіў у небе з Хрыстусам Езусам,

каб у наступных вякох аказаць мог багацьце свае ласкі з дабраты свае да нас у Хрыстусе Езусе.
 
каб у наступных вяках мог аказаць нам незвычайныя багацьці ласкі сваёй і дабраты ў Хрыстусе Езусе.

Вы бо ласкаю збаўлёныя празь веру; і-то не ад вас: бо (і яна) дар Божы —
 
Ласкаю бо вы збаўлены праз веру, але гэта не ад вас, а гэта дар Божы,

не за учынкі, каб ніхто не хваліўся.
 
не праз учынкі (дзеянні), каб ніхто не хваліўся.

Бо мы стварэнні ягоныя, у Хрыстусе Езусе, стварэнні для добрых дзел, загадзе Богам празначаных для нашага выконвання.
 
Бо мы зьяўляемся Ягоным тварэньнем, створаным у Хрыстусе Езусе для добрых дзеяньняў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы іх выпаўнялі.

Памятайце, восьжа, што вы, калісь пагане целам, празываныя «неабразанцамі» ад так званага абразання рукатворнага на целе,
 
Дзеля таго памятайце, што калісьці пагане па целу, якіх завуць "неабразаньнем" розніліся ад таго, што называецца абразаньнем, зробленым рукою на целе,

былі тады бяз Хрыстуса, адлучаныя ад правоў ізраельскага грамадзянства, чужыя запаветным абяцанням, без надзеі і бяз Бога на гэтым сьвеце.
 
бо ў той час былі вы па-за Хрыстусам, выключанымі ад супольнасьці з Ізраілем і ад удзелу ў тастаментавым абяцаньні, ня мелі вы надзеі і былі на гэтым сьвеце бязбогімі.

Цяпер-жа ў Хрыстусе Езусе вы, калісь далёкія, сталіся блізкімі крывёю Хрыстуса.
 
Вы калісьці былі далёкімі, цяпер жа ў Хрыстусе Езусе сталі блізкімі праз Кроў Хрыстову.

Ён бо — ёсьць мір-згода нашая, што ўтварыў з двух адно, скрышыўшы сьцяну перапоны варожасьці ў целе сваім:
 
Ён жа — супакой наш, бо Ён злучыў разьвеяных у адно і ліквідаваў мур разьдзяляючы і сваім целам зьнішчыў варожасьць,

сказаваў закон цьвёрдых наказаў прыказанняў, каб із двух зрабіць у сабе аднаго новага чалавека, ладзячы мір-згоду,
 
скасаваў закон загадаў з яго пастановамі, каб з двух у сабе самым аснаваць аднаго новага чалавека, творачага мір (супакой) і каб

і пагадзіў з Богам абодвых у вадным целе праз крыж, умарыўшы ім варожасьць.
 
прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж (сьмерцю), гэтак самым сабою касуючы варожасьць.

Ён, прыйшоўшы, дабравесьціў супакой вам, далёкім і блізкім;
 
І прыйшоўшы, Ён апавяшчаў мір вам, якія былі далёка, ды супакой тым, што былі блізка.

праз Яго бо і адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу.
 
Бо праз Яго адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу.

Дык вы ўжо ня чужынцы й ня прыходжыя, а суграмадзяне сьвятых і дамашнія ў Бога,
 
Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыблуды, але грамадзяне між сьвятымі і члены сям'і Божай,

асталяваныя на фундаманце Апосталаў і Прарокаў, дзе вуглавым каменем ёсьць сам Хрыстус.
 
угрунтаванымі на фундаменце апосталаў і прарокаў і на найвышэйшым вугольным камені — Хрысьце Езусе.

На Ім уся будыніна, стройна споеная, вырастае ў Святыню Божую,
 
На Ім уся пабудова зладжана расьце ў сьвятую Сьвятоўню ў Госпадзе,

на якой і вы будуецеся на прыбытак Бога ў Духу.
 
у якую і вы ўбудаваныя на прыбытак Божы ў Духу.