Мацьвея 19 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І сталася, калі Езус скончыў гэтыя мовы, выйшаў з Галілеі й прыйшоў у граніцы Юдэі на той бок Ёрдану.
 
І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, Ён выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэі за Ярдан.

І пайшлі за ім вялікія грамады, а ён іх аздаравіў тамака.
 
І за Ім следам ішлі вялікія натоўпы, і там аздаравіў іх.

І прыступілі да яго фарызэі й, спакушаючы яго, казалі: Ці можна чалавеку дзеля якой-небудзь прычыны пакінуць сваю жонку?
 
Потым падышлі да Яго фарызеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Ці дазволена чалавеку з якой-колечы прычыны пакінуць жонку сваю?»

Ён-жа ў адказ ім гавора: Ці вы ня чыталі, што Той, каторы стварыў чалавека на пачатку, стварыў іх мужчынай і жанчынай?
 
А Ён, адказваючы, гаворыць: «Ці не чыталі вы, што Той, Хто стварыў чалавека напачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх», —

І сказаў: «Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку й матку ды злучыцца з жонкай сваёю і будуць двое ў вадным целе» (Гэн. 2:24).
 
і сказаў: «Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, і будуць двое адзіным целам».

І так яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
 
Значыць іх  ужо не двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае».

Кажуць яму: А чаму-ж Майзей загадаў даць разводны ліст і пакінуць?
 
Яны кажуць Яму: «Дык чаму Майсей пастанавіў, каб давалі ліст разводны і выпраўлялі?»

Сказаў ім: Майзей дзеля закамянеласьці сэрца вашага дазволіў вам кідаць вашы жонкі, але ад пачатку ня было гэтак.
 
Ён гаворыць: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага дазволіў вам Майсей пакідаць жонку вашую; напачатку ж не было так.

А я вам кажу, хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя дзеля чужалоства, ды ўзяў-бы другую, чужаложыць. І хто-б узяў пакіненую, чужаложыць.
 
Але кажу вам, што, хто выпраўляе жонку сваю, акрамя як з прычыны распусты, і жэніцца з іншаю, — чужаложыць. І хто з разведзенай ажаніўся — чужаложыць».

Кажуць яму вучні ягоны: Калі гэтак стаіць справа чалавека з жонкаю, дык няварта жаніцца.
 
Кажуць Яму вучні Яго: «Калі такі абавязак чалавека перад жонкай, то лепш не жаніцца».

Ён-жа сказаў ім: Ня ўсе разумеюць гэтае слова, але каму дадзена.
 
Ён сказаў ім: «Не ўсе разумеюць гэтую навуку, а толькі тыя, каму дадзена.

Ёсьць бо еўнухі, якія гэткімі з лона маці радзіліся, і ёсьць еўнухі, якіх людзі гэтак абладзілі, і ёсьць еўнухі, што самы сябе ачысьцілі дзеля валадарства нябеснага. Хто можа ўцеець, хай уцее.
 
Бо ёсць еўнухі, што такімі з улоння маці нарадзіліся, і ёсць еўнухі, якіх такімі людзі зрабілі, ды ёсць еўнухі, што самі сябе спаклалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее».

Тады прынясьлі да яго дзетак. каб узлажыў на іх рукі й памаліўся, а вучні сварыліся на іх.
 
Аднойчы прывялі да Яго дзяцей, каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні сварыліся на іх.

Але Езус сказаў ім: Пусьцеце дзетак, не перашкаджайце ім прыйходзіць ка мне, бо гэтакіх ёсьць валадарства нябеснае.
 
Тады Ісус гаворыць: «Пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае».

І, ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.
 
І пасля таго, як усклаў на іх рукі, адышоў.

І вось нехта, прыступіўшы, кажа яму: Вучыцель добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?
 
І вось, нехта, падышоўшы, гаворыць Яму: «Настаўнік, што мне добрага зрабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»

Ён-жа сказаў яму: Чаму ты пытаеш мяне добрага? Адзін ёсьць добры, Бог. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказанні.
 
Ісус сказаў яму: «Што Мяне завеш добрым? Адзін толькі  добры. А калі хочаш увайсці ў жыццё, спаўняй прыказанні».

Кажа яму: Які я? А Езус гавора: Не забівай, ня чужалож, не крадзі, ня сьветч хвальшыва.
 
Той кажа: «Якія?» А Ісус сказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва,

паважай бацьку твайго й матку тваю, ды любі бліжняга свайго, як сябе самога.
 
шануй бацьку і маці і любі бліжняга свайго, як сябе самога».

Кажа яму юнак: Гэтага ўсяго я пільнаваўся ад маладосьці мае, чаго мне яшчэ не стае?
 
Кажа Яму юнак: «Усё гэта выконваў я ад маленства свайго. Чаго ж мне яшчэ не хапае?»

Сказаў яму Езус: Калі хочаш быць дасканальным, ідзі прадай што маеш ды дай убогім, а будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі за мною.
 
Гаворыць яму Ісус: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной».

Калі-ж пачуў дзяцюк гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў ён вялікую маемасьць.
 
Калі юнак пачуў гэта слова, адышоў сумны, бо меў вялікую маёмасць.

А Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам, багатаму трудна ўвайсьці ў валадарства нябеснае.
 
А Ісус сказаў Сваім вучням: «Сапраўды кажу вам: багацею цяжка ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.

І ячшэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства нябеснае.
 
Ізноў кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае».

Пачуўшы гэта, вучні моцна дзівіліся й гаварылі: Дык хто-ж можа быць збаўлёны?
 
І, пачуўшы гэта, вучні вельмі дзівіліся і казалі: «Хто тады можа збавіцца?»

А Езус, спаглянуўшы, сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.
 
А Ісус, зірнуўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма».

Тады Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за табою, што-ж будзе нам?
 
Тады, адказваючы, Пётра сказаў Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі следам за Табой. Дык што ж будзе нам?»

Езуз-жа сказаў ім: Сапраўды кажу вам, вы, што пайшлі за мною, ў новабыцьці, як Сын чалавечы засядзе на троне славы свае, засядзеце такжа на дванаццаці тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
 
А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, хто пайшлі за Мною, у новым жыцці, калі засядзе Сын Чалавечы на пасадзе велічы Сваёй, засядзеце на дванаццаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць пакаленняў Ізраэля.

І кожны, хто-б пакінуў дом, ці братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля майго імяні, ўстораз атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
 
І кожны, хто пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або сыноў, або зямлю дзеля імя Майго, у сто разоў болей атрымае і ўспадкаеміць жыццё вечнае.

Многія-ж першыя будуць апошнімі, й апошнія першымі.
 
І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.