Мацьвея 7 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Ня судзеце, каб вас ня судзілі.
Не судзіце, каб вас не судзілі.
Бо якім судом вы судзіце, такім і вас судзіцімуць, ды якой меркай вы адмерыце такой і вам адмерыцца.
Бо якім судом вы будзеце судзіць, такім і вас асудзяць, і якою меркай вы будзеце мерыць, такою вам будуць мерыць.
Чаму-ж гэта ты бачыш стрэмку ў воку брата твайго, а палена ў сваім воку ня відзіш?
Чаму ж ты ў воку брата твайго сцяблінку бачыш, а бервяна ў сваім воку не бачыш?
Або як ты скажаш свайму брату: «Дай я выйму стрэмку з вока твайго», адыж у воку тваім палена.
Або як жа скажаш брату твайму: «Дазволь, я выцягну сцяблінку з вока твайго», — а вось бервяно ў воку тваім?
Крывадушнік, выкінь перш палена з собскага вока, а тады ўгледзіш, як дастаць стрэмку з вока брата твайго.
Крывадушнік, выкінь перш бервяно з свайго вока і тады ўгледзіш, як выняць сцяблінку з вока брата твайго.
Не давайце таго, што сьвятое, сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб часам не патапталі іх сваімі нагамі ды, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.
Не давайце сабакам святога, ды не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі ды, павярнуўшыся, не разарвалі вас.
Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайце й будзе вам адчынена.
Прасіце — і будзе вам дадзена. Шукайце — і знойдзеце. Стукайце — і адчыняць вам.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знайходзіць; а таму, хто стукае, адчыняць.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукаецца, таму адчыняюць.
Або, ці ёсьць між вамі такі чалавек, які свайму сыну просячаму хлеба, даў-бы камень?
Ці ёсць між вамі чалавек, які дасць сыну свайму камень, калі ён просіць хлеба?
Ці, калі-б папрасіў рыбы, даў-бы, яму зьмяю?
Або, калі папросіць рыбу, дасць яму змяю?
Вось-жа калі вы, будучы благімі, ўмееце даваць добрыя дары дзецям сваім, наколькі болей ваш Айцец, што ёсьць у небе, дасьць добрае у Яго просячым!
Дык калі вы, ліхія, навучыліся даваць сынам сваім добрыя дарункі, дык куды больш Айцец ваш, Які ёсць на небе, дасць добрае тым, што просяць у Яго.
Дык усё, што толькі вы задаеце, каб вам людзі рабілі і вы ім рабеце; гэта бо закон і прарокі.
І ўсё, што толькі хочаце, каб вам рабілі людзі, вы і самі ім рабіце. Гэта ёсць закон і прарокі.
Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама й прасторны ёсьць шлях, што вядзе на загубу, і шмат хто імі ўвайходзіць.
Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на згубу, ды многа такіх, што праз іх ідуць.
Як-жа цесная брама і вузкая дарога, якая вядзе да жыцьця і мала такіх, што знайходзяць яе!
А якая ж цесная брама і вузкая дарога, што вядзе да жыцця, і нямнога такіх, што знаходзяць яе.
Сцеражэцеся прарокаў-ілгуноў, якія прыйходзяць да вас у авечай шкуры, а ўнутры яны ваўкі рвучыя.
Сцеражыцеся фальшывых прарокаў, што прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпежныя.
Па іхніх пладох пазнаеце іх. Ці-ж збіраюць з цярніны вінаград, або з асоту фігі?
Па пладах іх пазнаеце іх. Няўжо збіраюць з церня вінаград або з чыліму фігі?
Гэтак усякае добрае дзерава дае добрыя плады, а благое дзерава дае благія плады.
Так кожнае дрэва добрае родзіць добрыя плады, а благое — благія.
Ня можа добрае дзерава даваць благіх пладоў ані благое дзерава даваць добрых пладоў.
Не можа дрэва добрае радзіць плады благія, а дрэва благое плады добрыя радзіць.
Усякае дзерава, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў вагонь.
Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь.
Дык па іхніх пладох пазнаеце іх.
Такім чынам, па пладах іх пазнаеце іх.
Ня ўсякі, хто мне кажа: «Госпадзе,Усеспадару», увойдзе ў валадарства нябеснае, але хто спаўняе волю Айца майго, каторы ёсьць у небе той увойдзе ў валадарства нябеснае.
Не кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе, Госпадзе», увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць на небе.
Многія скажуць мне ў той дзень: «Усеспадару, Усеспадару, ціж не тваім імям прарочылі мы, ціж не тваім імям нячысьцікаў выганялі, ці-ж не тваім імям шмат цудаў дзеелі?»
Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзе, Госпадзе! Няўжо мы не праракавалі ў імя Тваё? Ды ці не ў імя Тваё выганялі дэманаў? Ды ці не ў імя Тваё ўчынялі цуды?»
І тады выскажу ім: я ніколі ня знаў вас, адыйдзеце ад мяне вы, што творыце нягоднасьць.
А Я тады абвяшчу ім: «Ніколі Я вас не ведаў. Ідзіце прэч ад Мяне, вы, што творыце беззаконне».
Вось-жа кожны, хто слухае гэтых слоў маіх і выпаўняе іх будзе прыраўняны да чалавека мудрага, які збудаваў дом свой на камені.
Такім чынам, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае ды выконвае іх, прыпадобніцца да чалавека разумнага, які збудаваў свой дом на камені.
І лінуў дождж, і разліліся рэкі, і ўзняліся вятры ды хлынулі на дом той — адыж ня ўпаў ён, бо быў пастаўлены на камені.
І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падулі вятры, і абрынуліся на той дом, і ён не ўпаў, бо быў пабудаваны на камені.
А ўсякі, хто слухае гэтых слоў маіх ды ня выпаўняе іх, будзе падобны да чалавека неразумнага, што пабудаваў дом свой на пяску.
А кожны, хто слухае Мае словы і не выконвае іх, прыпадобніцца да чалавека неразумнага, які збудаваў свой дом на пяску.
І пусьціўся дождж; і прыбылі рэкі, і сарваліся вятры ды рынулі на дом гэны — і заваліўся ён, а вялікая была яго руіна.
І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падулі вятры, і абрынуліся на той дом, і ён упаў, і вялікім было яго падзенне».
І сталася, калі скончыў Езус гэтыя словы, грамады не маглі надзівіцца з навукі ягонай.
І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, дзівіліся многія людзі з вучэння Яго.
Бо ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як іхнія кніжнікі і фарызэі.
Бо вучыў Ён іх як Той, Хто мае ўладу, а не як іх кніжнікі.