Мацьвея 10 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003
І склікаўшы дванаццаць сваіх вучняў, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хваробу і ўсякую немач.
І, склікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім уладу над духамі нячыстымі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу ды ўсякую немач.
А імёны дванаццацёх апастолаў вось гэткія: Першы Сымон, які завецца Пятром, і Андрэй, брат ягоны;
А імёны дванаццаці апосталаў такія: першы Сімон, якога завуць Пётрам, і Андрэй, брат яго, і Якуб, сын Зебядзееў, ды Ян, брат яго;
Якуб Зэбэдэяў і Ян, брат яго; Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матауш кунойміт; Якуб Альфэяў і Тадауш;
Піліп і Баўтрамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб, сын Алфееў, і Тадэй,
Сымон Кананэец ды Юдаі Іскарыёт, які яго й выдаў.
Сімон Кананіт і Юда Іскарыёт, які Яго выдаў.
Гэтых дванаццацёх паслаў Езус, загадваючы й кажучы: На дарогу паганаў ня ўзыходзьце і ў гарады самарытанаў не ўваходзьце,
Гэтых дванаццаць паслаў Ісус, загадваючы ім ды кажучы: «На шлях паганаў не ўступайце і ў гарады Самаранаў не ўваходзьце.
але йдзеце лепш да загінуўшых авец з дому Ізраэлевага.
Але перш ідзіце да авечак, якія прапалі з дому Ізраэля.
А йдучы прапаведуйце, кажучы, што прыблізілася валадарства нябеснае.
А ідучы, прапаведуйце, кажучы: «Прыблізілася Валадарства Нябеснае».
Аздараўляйце хворых, ускрашайце мяртвых, ачышчайце запаветраных, дзяблаў выганяйце. Дарма вы атрымалі, дарма й давайце.
Хворых аздараўляйце, памёршых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.
Ня мейце золата, ані серабра, ані грошай у паясох вашых,
Не майце ў капшуках вашых ані золата, ані срэбра, ані грошай,
ані торбы ў дарозе, ані дзвёх адзежын, ані абутку, ані кія; годзен бо работнік пражытку свайго.
ані торбы ў дарогу, ані дзвюх тунік, ані пасталоў, ані кія. Бо працаўнік варты пракорму свайго.
А ў які-б горад, або сяло вы не ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім дастойны — там і аставайцеся пакуль ня выйдзеце.
А ў які горад або вёску зойдзеце, спытайцеся, хто ў ім прыстойны, ды там заставайцеся аж да свайго адыходу.
Уходзячы-ж у дом, прывітайце яго, кажучы: Спакой дому гэтаму.
Уваходзячы ў дом, вітайце яго.
І калі той дом варты будзе, супакой ваш зыйдзе на яго, а калі ня будзе варты, супакой ваш вернецца к вам.
І, калі дом той будзе варты, сыйдзе супакой ваш на яго. А калі не будзе варты, супакой ваш да вас вернецца.
А калі-б хто ня прыняў вас ды ня слухаў слоў вашых, выходзячы з дому, або места, абтрасеце пыл з ног вашых.
А калі б хто вас не прыняў ды не слухаў слоў вашых, выйшаўшы вон з дома або з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых.
Сапраўды кажу вам: Лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суду, чым месту таму.
Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суда, чым таму гораду».
Вось я пасылаю вас, як авец міжы ваўкі; дык будзьце мудрыя, моў змеі, а як галубы простыя.
Вось жа пасылаю Я вас, нібы авечак сярод ваўкоў; дык будзьце разважлівымі, як змеі, і чыстымі, як галубы.
І сьцеражэцеся людзей, бо яны аддавацімуць вас у суды і будуць бічаваць вас у сваіх бажніцах,
Сцеражыцеся людзей; бо павядуць вас на суды і ў сінагогах лупцаваць вас будуць.
і да начальства, ўладароў, павядуць вас дзеля мяне, на свядоцтва ім і паганам.
І за Мяне павядуць вас да намеснікаў і да ўладароў на сведчанне ім і паганам.
Калі-ж выдадуць вас, не клапацецеся, як і што маеце гаварыць, у тую бо часіну будзе вам дадзена што сказаць.
А калі вас выдаваць будуць, не думайце, як і што гаварыць, бо ў той час будзе дадзена вам, што сказаць.
Бо ня вы тые, што гаворыце, але Дух Айца вашага у вас гаварыціме.
Бо не вы будзеце тымі, што гавораць, але Дух Айца вашага, Які гаворыць праз вас.
І выдасьць на сьмерць брат брата, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў ды зробяць ім сьмерць.
І выдасць на смерць брат брата, а бацька — сына; і паўстануць сыны на бацькоў, і да смерці іх спрычыняцца.
І будуць усе ненавідзець вас дзеля майго імяні, адыж хто да канца вытрывае, той будзе збаўлёны.
І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
Калі-ж будуць прасьледаваць вас у гэтым месьце, уцякайце у другое; сапраўды кажу вам: ня скончыце мест Ізраэлявых, як Сын чалавечы прыйдзе.
Калі вас пераследаваць будуць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Бо сапраўды кажу вам: не пройдзеце да канца гарадоў Ізраэля, аж прыйдзе Сын Чалавечы.
Вучань ня ёсьць вышэйшы за вучыцеля, і слуга ня вышэй гаспадара свайго.
Вучань не вышэй за настаўніка, ані слуга не вышэй за гаспадара свайго.
Даволі для вучня быць, як ягоны вучыцель, а для слугі — як гаспадар яго. Калі гаспадара абазвалі Бэльзэбубам, куды болей хатніх ягоных.
Хопіць для вучня, каб быў як настаўнік яго, а для слугі — як яго гаспадар. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзебулам, тым больш хатніх яго.
Адыж ня бойцеся іх; няма бо нічога сукрытага, што-б ня выявілася, і таёмнага, што-б ня, сталася ведамым.
Дык не бойцеся іх. Бо няма нічога скрытага, што не было б выяўлена, і нічога таемнага, што не стала б вядомым.
Што я вам кажу ў цемры, вы тое гаварэце пры сьвятле, і што на вуха чуеце, абвяшчайце на дахах.
Тое, што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; і што чуеце на вуха, прапаведуйце на дахах.
Ды ня бойцеся тых, што цела забіваюць, а душы забіць ня могуць, але бойцеся болей таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле.
І не бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы забіць не могуць. Але бойцеся больш Таго, Хто можа і душу і цела загубіць у пекле.
Ціж не прадаюць за медзяка двух вераб’ёў? І ніводзін з іх не упадзе на землю без Айца вашага.
Ці ж не за ас прадаюць двух вераб’ёў? А ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без Айца вашага.
Вашыя-ж валасы на галаве ўсе палічаны.
Нават і валасы вашыя на галаве ўсе палічаны.
Дык ня бойцеся — вы лепшыя за многіх вераб’ёу.
Дык не бойцеся, вы намнога важнейшыя за вераб’ёў.
Вось-жа кожны, хто мяне прызнае перад людзьмі, прызнаю і я яго перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.
Дык вось, кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго прызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць на небе.
А хто адрачэцца мяне перад людзьмі, ад таго і я адракуся перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.
А хто Мяне зрачэцца перад людзьмі, зракуся таго і Я перад Айцом Маім, Які ёсць на небе.
Ня думайце, што я прыйшоў прынясьці супакой на зямлю, ня супакой прыйшоў прынесьці, а меч.
Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не прыйшоў Я прынесці спакой, але меч.
Бо я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго і дачку з яе маткай, а нявестку з ейнаю сьвякроўю;
Бо прыйшоў Я аддзяліць чалавека ад бацькі яго, дачку ад маці яе, сынавую ад свекрыві яе.
і ворагі чалавеку хатнія яго.
І ворагі чалавеку хатнія яго.
Хто любіць бацьку або матку болей за мяне, ня варты мяне; і хто любіць сына ці бацьку болей за мяне, ня варт мяне.
Хто любіць больш за Мяне бацьку ці маці, той не варты Мяне. І хто больш за Мяне любіць сына ці дачку, той не годзен Мне.
Ды хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе за мною, той ня варты мяне.
І хто не прымае крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.
Хто знойдзе жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто патраціў жыцьцё дзеля мяне, знойдзе яго.
І хто знойдзе душу сваю, той згубіць, а хто аддасць душу сваю за Мяне — знойдзе яе.
Хто прыймае вас, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, прыймае таго, хто паслаў мяне.
Хто прымае вас — Мяне прымае, а хто Мяне прымае — прымае Таго, Хто Мяне паслаў.
Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастане нагароду прарочу, а хто прыймае справядлівага таму, што ён справядлівы, атрымае нагароду справядлівага.
Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. Хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае.
А хто-б даў напіцца аднаму з гэтых найменшых кубак халоднай вады таму, што ён вучань, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае.
І хто хаця б напіцца дасць кубак халоднай вады аднаму з гэтых найменшых толькі за імя вучня, сапраўды кажу вам: не страціць ён узнагароды сваёй».