Мацьвея 9 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І ўвайшоўшы ў лодку, пераплыў назад і прыйшоў у свой горад.
 
І, увайшоўшы ў лодку, Ён пераплыў мора і прыбыў у Свой горад.

І вось прынясьлі к яму спараліжаванага, ляжачага на пасьцелі. А Езус, бачачы іхню веру, сказаў паралітыку: Надзейся, сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.
 
І вось, прынеслі да Яго спаралізаванага, што ляжаў на ложку. І Ісус, бачачы іх веру, сказаў спаралізаванаму: «Вер, сыне, адпускаюцца твае грахі».

Тады некаторыя з кніжнікаў сказалі самы ў сабе: Ён блюзьніць.
 
І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: «Ён блюзніць».

Езус-жа, бачачы іхнія думкі, сказаў: Чаму вы думаеце благое ў сэрцах вашых?
 
І, калі зразумеў Ісус іх думкі, сказаў: «Нашто вы надумляеце ліхое ў вашых сэрцах?

Што бо лягчэй сказаць: «Адпушчаюцца табе грахі твае», ці сказаць: «Устань ды хадзі»?
 
А што лягчэй сказаць: «Адпускаюцца грахі твае», ці сказаць: «Устань і хадзі»?

Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — тады кажа спараліжаванаму: Устань, вазмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой.
 
А каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпушчэння грахоў, — гаворыць тады спаралізаванаму: — «Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой».

І ўстаў ды пайшоў у дом свой.
 
І той падняўся і пайшоў у дом свой.

Грамады-ж, бачачы гэта, праняліся страхам і славілі Бога, які даў людзям такую ўладу.
 
І, бачачы гэта, натоўпы праняліся страхам і славілі Бога, што даў гэткую ўладу людзям.

І калі Езус ішоў адтуль, убачыў чалавека, сядзячага ля куноймітні, імянем Матауш. І сказаў яму: Ідзі за мною. І ён, устаўшы, пайшоў за ім.
 
І, калі адыходзіў адтуль Ісус, убачыў Ён чалавека, на імя Мацвей, які сядзеў пры мыце, і гаворыць яму: «Ідзі за Мной!» І той, падняўшыся, пайшоў за Ім.

І здарылася, калі ён сядзеў за сталом у доме, вось многія кунойміты й грэшнікі, прыйшоўшы, паселі за стол з Езусам і вучнямі ягонымі.
 
І сталася, калі Ён узлягаў за сталом у доме, вось, прыйшлі многія мытнікі і грэшнікі і ўзляглі разам з Ісусам і Яго вучнямі.

А, бачачы гэта, фарызэі казалі вучням ягоным: Чаму з грэшнікамі й куноймітамі есьць ваш вучыцель?
 
І, бачачы гэта, фарызеі казалі вучням Яго: «Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есць ваш Настаўнік?»

Езус-жа, пачуўшы, сказаў: Ня трэба здаровым лекара, але хворым.
 
А Ён, пачуўшы гэта, гаворыць: «Не здаровым трэба лекара, але немачным.

Ідзецеж і навучэцеся, што значыць: «Міласэрдзя хачу, а не ахвяры». Бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.
 
Дык ідзіце і навучыцеся, што значыць: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры». Бо Я прыйшоў заклікаць не  справядлівых, але грэшнікаў».

Тады прыступіліся да яго вучні Янавы, кажучы: Чаму мы і фарызэі часта посьцім, а твае вучні ня посьцяць?
 
Тады падыходзяць да Яго вучні Яна, кажучы: «Чаму гэта мы і фарызеі часта посцім, а вучні Твае не посцяць?»

І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць сумаваць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Во, як прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога — тады пасьціцімуць.
 
І гаворыць ім Ісус: «Ці ж могуць вясельнікі сумаваць, пакуль жаніх  з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады яны будуць посціць.

Адыж ніхто на старую вопратку не кладзе латы сукна сырога, яна бо рве вопратку й робіцца горшая дзіра.
 
Бо ніхто не прышывае латы новага сукна да старога адзення, бо яна раздзірае яго і дзіра робіцца большай.

І ня ўліваюць новага віна ў мяхі старыя, ато мяхі прарвуцца й віно разліваецца й мяхі прапашчыя. Але новае віно ўліваюць у мяхі новыя, дык уцалее й адно й дрогое.
 
Таксама не ўліваюць новае віно ў старыя мяхі, бо тады разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады зберагаецца адно і другое».

Калі ён гаварыў ім гэта, вось падыйшоў адзін старшы і кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, дачка мая толькі-што памерла, але прыйдзі, ўзлажы на яе руку тваю і будзе жыць.
 
Калі Ён ім гэта гаварыў, вось, адзін начальнік падышоў  і пакланіўся Яму,  кажучы: «Госпадзе, дачка мая толькі што сканала, але прыйдзі, ускладзі на яе Сваю руку, і яна жыць будзе».

І, ўстаушы, пайшоў за ім Езус і вучні ягоны.
 
І, падняўшыся, Ісус пайшоў за ім, і вучні Яго.

І вось жанчына, што дванаццаць год хварэла на крывацечу, падыйшла ззаду й дакранулася да краю вопраткі ягонай.
 
І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала на крывацечу, падышла ззаду і дакранулася да краю вопраткі Яго.

Казала бо сама сабе: як дакрануся да яго вопраткі, буду здарова.
 
Бо яна казала сама ў сабе: «Калі толькі дакрануся да вопраткі Яго, збаўлена буду».

А Езус, абярнуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: Надзейся, дачка, вера твая цябе ўратавала. І жанчына стала здаровай ад тае гадзіны.
 
Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Вер, дачка, вера твая дала збавенне табе». І аздароўлена была жанчына ў тую самую гадзіну.

І калі прыйшоў Езус у дом старшага ды ўгледзеў жалейнікаў і галосячую сумятніў, сказаў
 
А калі прыйшоў Ісус у дом начальніка, убачыў жалейнікаў і натоўп усхваляваны,

Адступецеся, дзяўцынка бо ня ўмерла, толькі спіць. І насьмяхаліся з яго.
 
казаў: «Разыдзіцеся, не памёрла дзяўчынка, але спіць». І смяяліся з Яго.

Калі-ж выправілі народ, увайшоў, узяў яе за руку — і дзяўчынка устала.
 
А калі людзей вывелі, увайшоў і ўзяў яе за руку, і дзяўчынка паднялася.

І разыйшлася аб гэтым чутка па ўсёй той краіне.
 
І разышлася вестка пра гэта па ўсёй той зямлі.

А калі Езус прайходзіў адтуль, ішло за ім двух сьляпых і крычала кажучы: Зжалься над намі, Сыне Давідавы!
 
І, калі Ісус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім два сляпыя, якія крычалі і казалі: «Сыне Давідаў, злітуйся над намі!»

А як увайшоў у дом, прыступіліся да яго сьляпыя. І кажа ім Езус: Ці верыце вы, што я вам магу гэта зрабіць? Кажуць яму: Але, Усеспадару.
 
А калі Ён увайшоў у дом, падышлі да Яго сляпыя, і кажа ім Ісус: «Ці верыце, што Я магу вам гэта зрабіць?» Сказалі Яму: «Несумненна, Госпадзе».

Тады дакрануўся да іхніх вачэй і гавора: Хай вам станецца паводле веры вашай.
 
Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: «Хай вам станецца, як вы верыце».

І адчыніліся вочы іх. А Езус прыгразіў ім, кажучы: Глядзеце-ж, каб ніхто ня ведаў.
 
І адкрыліся вочы іх. І строга папярэдзіў іх Ісус, кажучы: «Глядзіце, каб ніхто пра гэта не даведаўся».

Яны-ж, выйшаўшы, расславілі яго па ўсёй той краіне.
 
Але яны, адышоўшыся, расславілі аб Ім па ўсёй той зямлі.

Калі-ж тыя выйшлі, вось прывялі да яго нямога чалявека, маючага дзябальства.
 
Па іх адыходзе прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага нячыстым.

І як-толькі быў выгнаны дзябал, нямы прагаварыў, а грамада дзівілася, гаворачы: ніколі ня бывала гэтага ў Ізраэлю.
 
Калі ж выгнаў нячыстага духа, нямы той загаварыў. Дык дзівіліся людзі і казалі: «Ніколі гэтага не здаралася ў Ізраэлі».

А фарызэі гаварылі: Ён выганяе дзяблаў сілай князя дзябальскага.
 
Фарызеі ж казалі: «Моцай князя дэманскага выганяе ліхіх духаў».

І хадзіў Езус па ўсіх гарадох і вёсках, навучаючы ў іхніх бажніцах ды абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хворасьць і ўсякую немач.
 
І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і вёсках, навучаючы ў сінагогах, і прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага, і аздараўляючы ўсякую хваробу ды ўсякую немач.

Гледзячы-ж на грамады шкадаваў іх, былі бо зняможаны й ляжалі, як авечкі, ня маючыя пастыра.
 
І, бачачы мноства людзей, Ісус пашкадаваў іх, бо былі зняможаныя і кінутыя, быццам авечкі, якія не маюць пастыра.

Тады сказаў сваім вучням: Жніва-то вялікае, да работнікаў мала,
 
Тады кажа Ён вучням Сваім: «Жніва многа, але працаўнікоў мала.

дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво.
 
Дык прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніво Сваё».