2 да Карынфянаў 3 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Няўжэ пачынаць нам нанава знакоміцца? Або дапамінацца, як некаторыя, паручаючых лістоў да вас, ці ад вас?
Няўжо ізноў пачынаць нам знаёміцца? Няўжо нам, як некаторым, патрэбны даверчыя лісты да вас ці ад вас?
Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які знаюць ды чытаюць усе людзі;
Вы — наш ліст, напісаны ў нашых сэрцах, які ведаюць і чытаюць усе людзі.
вы — сябе паказваючыя праз паслугу нашую як ліст Хрыстуса, не чарнілам пісаны, але Духам Бога Жывога і не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.
Вы паказваеце, што вы — ліст Хрыстовы дзякуючы нашаму служэнню. Ліст, напісаны не чарніламі, але Духам жывога Бога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрцаў.
Гэткі давер маем да Бога праз Хрыстуса,
Такі давер мы маем праз Хрыста да Бога.
не каб мы з сябе былі здольныя падумаць нешта, здольнасьць бо нашая ад Бога,
Не таму, што мы здольныя думаць нешта ад сябе,
які уздатніў нас да служэння Новаму Запавету: ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе.
але здольнасць нашая ад Бога, які ўчыніў нас здольнымі быць слугамі новага запавету: не літары, але Духу, бо літара забівае, а Дух ажыўляе.
Каліж служэнне сьмерцезначучым літарам, на каменнях было ў такой славе, што аж сыны Ізраэля глядзець не маглі на прамянеючае зьнікомай славай аблічча Майжэша,
Калі ж служэнне смерці, выразанае літарамі на камянях, мела такую хвалу, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на Майсея з прычыны часовай славы ягонага аблічча,
дык ці не шмат болей будзе ў славе служэнне духа?
то наколькі ж большае ў славе будзе служэнне Духа?
Калі бо служэнне асуду — слаўнае, дык шмат болей — служэнне апраўданню.
Калі служэнне асуджэнню — гэта слава, то тым больш пераўзыходзіць славаю служэнне справядлівасці.
Дый тое, што ясьнела так славаю, ня было на гэтулькі й слаўнае, калі пераважваецца вось вышэйшаю славаю.
Бо ў гэтым выпадку праслаўленае не мае славы ў параўнанні з цяперашняй нязмернай славай.
Бо калі тое, што нікне ёсьць слаўнае, дык тое, што трывае — слаўнейшае.
Калі часовае слаўнае, то нашмат больш слаўнае тое, што трывае.
Маючы вось гэткую надзею, мы поўныя сьмеласьці,
Маючы такую надзею, паступаем з вялікай адвагаю.
а не як Майжэш, што засланіў сабе аблічча, каб сыны Ізраэля не пазіралі на ягоны твар нішчэючы.
Але не так, як Майсей, які закрываў свой твар, каб сыны ізраэлевы не глядзелі на заканчэнне таго, што мінае.
Але розумы іхнія атупелі, бо аж па сянняшні дзень тая самая заслона астаецца нязьнятаю пры чытанні Старога Запавету, Хрыстус бо яе зьнімае:
Аднак зацьміўся іхні розум, бо аж да сённяшняга дня тая заслона застаецца нязнятай пры чытанні Старога Запавету, а мінае яна ў Хрысце.
і дагэтуль, як чытаецца Майжэш, заслона ляжыць на сэрцы іхнім;
Ажно да сённяшняга дня, калі чытаюць Майсея, заслона ляжыць на іх сэрцы.
але, як сэрца іх навернецца да Госпада спадзе ззаслона.
Калі ж нехта звяртаецца да Пана, заслона здымаецца.
Госпад бо ёсьць Духам; а дзе Дух Божы, там вольнасьць.
Пан ёсць Духам, а дзе Дух Пана, там свабода.
Мы-ж усе з адкрытым абліччам узіраючыся, бы ў люстра, ў хвалю Госпада, пераабражаемся ў Ягоны абраз із яснасьці ў яснасьць, як ад Госпадавага Духа.
Мы ж усе з адкрытым абліччам углядаемся, нібы ў люстра, у славу Пана і перамяняемся ў той самы вобраз ад славы ў славу, як праз Дух Пана.