Марка 4 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi
Ды зноў пачаў навучаць ля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на сухазем’і краймора.
І Ён зноў пачаў вучыць каля мора; і сабраўся да Яго вялізны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку на моры, сядзеў, а ўвесь натоўп быў на зямлі пры моры.
І шмат навучаў іх у прыповесьцях і гаварыў ім у сваёй навуцы:
І Ён вучыў іх многаму ў прыпавесцях і казаў ім у Сваёй навуцы:
Слухайце: вось выйшаў сяйбіт сеець.
Слухайце! Вось выйшаў сейбіт сеяць.
І калі ён сееў, адно ўпала пры дарозе і наляцелі птушкі нябесныя ды здзяўблі яго.
І сталася, калі ён сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі яго.
А другое ўпала на скалісты грунт, дзе ня мела даволі зямлі й хутка ўзыйшло, зямля бо была няглыбокая;
А другое ўпала на скалісты грунт, дзе няшмат было зямлі, і адразу ўзышло, бо зямля была не глыбокая;
і як паднялося сонца, завяла, й, ня маючы кораня, ссохла.
і калі ўзышло сонца — прыпаліла яго і, таму што не мела кораня, засохла.
А іншае ўпала ў церні, і ўзбуялі церні ды заглушылі яго й не дало плоду.
А іншае ўпала ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі яго, і плоду яно не дало.
Іншае-ж упала на добрую землю й дало плод, што ўзыйшоў і вырас — і ўрадзіла адно ўтрыццацера, другое ўсоцера.
А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і давалі плод, уздымаючыся і ўзрастаючы, і прыносіла адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў.
І напамінаў: Хто мае вушы слухаць, хай слухае.
І казаў ім: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
І калі быў сам адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, што з ім былі, аб прыповесці.
І калі Ён застаўся адзін, тыя, што былі вакол Яго разам з дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесцях.
І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу валадарства Божага, а для тых, якія ўвонках, усё адбываецца ў прыповесцях,
І казаў ім: Вам дадзена таямніца Царства Божага; тым жа, па-за вамі, усё паўстае ў прыпавесцях,
каб «гледзячы глядзелі й ня бачылі, слухаючы чулі й ня цямілі; каб часом не навярнуліся й ня былі ім грахі адпушчаны» (Із. 6:9−10).
каб яны, гледзячы, бачылі і не ўгледзелі, і, слухаючы, чулі і не разумелі, каб не далучыліся яны, і было даравана ім9.
І кажа ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа вам зразумець усе іншыя?
І кажа ім: Не разумееце гэтай прыпавесці, а як зразумееце ўсе прыпавесці?
Той, хто сее, слова сее.
Сейбіт сее слова.
А што пры дарозе, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як пачуюць, зараз прыйходзіць шатан і забірае слова, пасеенае ў сэрцах іхніх.
А вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова; і калі яны пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх [сэрцах].
Гэтаксама й тыя з грунтам скалістым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасцю прыймаюць яго,
І гэтак жа тыя, што сеюцца на скалістым грунце, — яны, калі пачуюць слова, адразу з радасцю прымаюць яго,
але, ня маючы ў сабе карэння трываюць дачасу, потым, як настане прыгнобленне й прасьлед дзеля слова, хутка горшацца.
ды не маюць кораня ў сабе і дачасныя; пасля, калі падыходзіць уціск або ганенне за слова, адразу разуверваюцца.
Й іншыя, дзе сеецца ў цернях, гэта тыя, што слухаюць слова,
А іншыя — гэта тыя, што сеюцца ў церні, гэта тыя, хто пачуў слова,
але жыцьцявыя турботы й мана багацьця ды іншыя пажаданні, ўвайшоўшы, глушаць слова й стаецца бясплодным.
ды турботы веку і зман багацця ды жаданні чаго-небудзь іншага, уваходзячы, зусім заглушаюць слова, і яно робіцца бясплодным.
А што на добрай зямлі пасеена, гэта тыя, якія слухаюць слова і прыймаюць ды даюць плод адно ўтрыццацера, другое ўшэсьцьдзесяцера, а іншае ўсоцера.
А вось тыя, пасеяныя на добрую зямлю: гэта тыя, што чуюць слова і прымаюць і даюць плод: адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў.
І гаварыў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну, ці пад ложак? А не натое, каб паставіць яе на ліхтары?
І казаў ім: Хіба лямпа прыносіцца на тое, каб паставілі яе пад пасудзіну ці пад ложак? А ці не на тое, каб паставілі яе на падстаўку?
Няма бо нічога таёмнага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца сукрыта, але каб адкрылася.
Бо няма нічога таемнага, каб не стала яўным, і нічога ўтоенага, каб не выйшла на яўнае.
Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.
Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
І казаў ім: Зважайце, чаго слухаеце. Якою меркаю вы адмераеце, такою і вам будзе адмерана й дададзена.
І Ён казаў ім: Зважайце, што чуеце. Якою мераю вы мерыце, такою будзе адмерана вам і будзе дададзена вам, [хто слухае].
Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто ня мае, ў таго будзе аднята й тое, што мае.
Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, і тое, што мае, будзе ўзята ад яго.
І казаў: Гэтак ёсьць з гаспадарствам Божым, як калі-б чалавек укінуў засевак у землю,
І Ён казаў: Так і Царства Божае: як чалавек, што кіне насенне ў зямлю,
і спаў-бы ды ўставаў-бы ноччу й днём, а насенне ўсходзіла-б і расло-б, як ён ня ведае.
і спіць, і ўстае ўночы і ўдзень, а насенне прарастае і выцягваецца, як — ён не ведае.
Зямля бо сама з сябе родзіць: спачатку рунь, потым колас, пасьля поўнае зерне ў коласе.
[Бо] зямля сама сабою пладаносіць: спярша рунь, пасля колас, пасля поўнае зерне ў коласе.
А калі збожжа дасьпее, зараз пускае серп, прыйшло бо жніва.
Калі ж плод даспее, ён адразу пасылае серп, бо надышло жніво.
І гаварыў: Да чаго ўпадобнім валадарства Божае, ці якою прыповесьцю выкажам яго?
І Ён казаў: З чым параўнаем Царства Божае ці ў якім прыпадабненні выявім яго?
Яно, бы зерне гарчычнае, што як сеецца ў землю, дык ёсьць драбнейшае за ўсякае насенне зямное;
Яно як гарчычнае зерне, што, калі пасеяна ў зямлю, найдрабнейшае з усяго насення на зямлі,
а калі пасеецца, ўзрастае й робіцца большым за ўсе гародніны й пускае вялікае гальлё, так што ў цяні яго могуць хавацца птушкі нябесныя.
а калі пасеяна, узыходзіць і робіцца большым за ўсю агародніну і пускае вялікія галіны, так што пад яго ценем могуць гняздзіцца птушкі нябесныя.
І многімі такімі прыповесцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць,
І такімі многімі прыпавесцямі казаў ім слова, наколькі яны маглі чуць;
бяз прыповесьцяў жа не гаварыў да іх; а вучням сваім раз’ясьняў усё асобна.
а без прыпавесці не казаў ім, а Сваім вучням асобна ўсё растлумачваў.
Таго-ж дня, як павячарэла, сказаў ім: Пераплывём на той бок.
І ў той самы дзень з надыходам вечара кажа ім: Пераедзьма на той бок.
І, адправіўшы народ, яны ўзялі яго так як быў, у лодцы; й былі з ім другія лодкі.
І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго з сабою, як быў у лодцы; і іншыя лодкі былі з Ім.
І ўзнялася лютая бура ветру ды гнала хвалі на лодку, так што яна напаўнялася.
І ўзнімаецца моцны вецер-віхор, і хвалі білі ў лодку, так што ўжо напаўнялася лодка вадою.
А ён быў ля карна лодкі, сплючы на ўзгалоў’і. І разбудзілі яго дый кажуць: Вучыцель, няўжэ ня рупіць табе, што мы гінем?
А Ён быў на карме і спаў на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: Настаўніку, няўжо не турбуе Цябе, што мы гінем?
І ўстаўшы, прыгразіў ветру й сказаў мору: Заціхні, пакінь! І заціх вецер ды настала вялікая цішыня.
І, разбуджаны, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Маўчы, суцішся! — І суняўся вецер і настала вялікая ціша.
І кажа ім: Чаму вы гэткія палахлівыя? Яшчэ ня маеце веры? І ўзяў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто гэта, што й вецер і мора яму паслушны.
І Ён сказаў ім: Што вы такія баязлівыя? Хіба яшчэ няма ў вас веры?