Мацьвея 8 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Калі-ж-зыйшоў з гары, пайшла за ім вялізная грамада.
Калі Ён зыйшоў з гары, усьлед за Ім ішло мноства народу.
І вось запракажаны, падыйшоўшы, кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
І вось падыйшоў адзін, пракажоны і, кланяючыя Яму, прамовіў: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і кажа: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа была ачышчана ягоная праказа.
Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго й сказаў: «Хачу, будзь чыстым». І ў той-жа час ён ачысьціўся ад праказы.
І сказаў яму Езус: Глядзі, нікому не расказвай, але йдзі пакажыся сьвятару ды ахвяруй дар, які загадаў Майзей, на пасьветчанне ім.
І сказаў яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі пакажыся сьвятару, і прынясі ахвяру, як запавядаў у законе Майсей, у засьведчаньне ім».
Калі-ж увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да яго сотнік, просячы яго
Калі-ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго;
і кажучы: Усеспадару, слуга мой ляжыць дома спараліжаваны й цяжка мучыцца.
І кажучы: «Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны й вельмі мучыцца».
І сказаў яму Езус: Я прыйду й аздараўлю яго.
Ісус кажа яму: «Я прыйду й аздараўлю яго».
А сотнік, адказваючы, гавора: Усеспадару, я ня варт, каб ты ўвайшоў пад мой дах, але скажы толькі словам і аздаравее слуга мой.
Сотнік-жа ў адказ сказаў: «Госпадзе! Недастойны я таго, каб увайшоў Ты пад страху маю, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой.
Бо і я чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабою вояў, і кажу аднаму: «Ідзі» — і ён ідзе, а другому: «Прыйдзі» — і ён прыйходзіць, ды слузе майму: «Рабі гэта» — і ён робіць.
Бо я чалавек падначалены, і пад сабою маю падначаленых жаўнераў; і кажу аднаму — пайдзі, і ён ідзе; і другому — прыйдзі, і прыходзіць; і слузе майму — зрабі гэта, і ён робіць»
А, пачуўшы Езус, здзівіўся й сказаў да тых, што йшлі за ім: Сапраўды кажу вам, не знайшоў я гэткае вялікае, веры ў Ізраэлю.
Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся й сказаў тым, якія йшлі за Ім: «Папраўдзе кажу вас: не знайшоў Я такое веры і ў Ізраілю.
І кажу вам, што многія прыйдуць з усходу ды засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у каралеўстве нябесным,
І кажу вам, што многія прыйдуць з усходу й захаду й засядуць з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Ўладарстве Нябесным.
а сыны каралеўства будуць выкінуты ў цемру надворную, там будзе плач і скрыгот зубоў.
А сыны ўладарства ўкінены будуць у цемру бяздонную; там будзе плач і скрыгат зубоў».
І сказаў Езус сотніку: Ідзі, як ты ўверыў, так табе хай і станецца. І ачуняў слуга ў тую гадзіну.
І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і па веры тваёй няхай станецца табе». І паздаравеў слуга яго ў тую гадзіну.
А як прыйшоў Езус у дом Пятра, убачыў цешчу ягону, ляжачую ў гарачцы,
Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус застаў цёшчу Пятровую ў ложку, хворую ў гарачцы.
і дакрануўся да ейнай рукі й пакінула яе гарачка, і яна устала й паслугоўвала ім.
І дакрануўся да рукі як, і гарачка пакінула яе; яна ўстала й паслугоўвала Яму.
Калі-ж настаў вечар, шмат напрыводзілі да яго абянтэжаных злым духам. І выганяў духаў словам ды аздараўляў хворых усіх,
Пазьней, увечары, прывялі да Яго многіх апанаваных злыдухам, і Ён выгнаў духаў словам і аздаравіў усіх хворых.
каб споўнілася, што было сказана праз Ізаю прарока, які кажа: «Ён прыняў нашы немачы й насіў нашыя хваробы» (53:4).
Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаворыць: «Ён узяў на Сябе немачы нашыя, і панёс хваробы».
Відзячы-ж навокал сябе шмат народу, загадаў Езус пераплыць на другі бок мора.
Пабачыў-жа Ісус мноства народу вакол Сябе й воліў адплысьці на другі бок.
І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў яму: Вучыцелю, пайду за табою, куды-б ты ні пайшоў.
Адзін кніжнік, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Настаўнік! Пайду за Табою, куды-б Ты ні йшоў».
І сказаў яму Езус: Лісы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе галавы прытуліць.
І сказаў яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе прытуліць галаву».
Другі-ж з вучняў ягоных сказаў яму: Усеспадару, дазволь мне перш пайсьці й пахаваць бацьку майго.
Іншы-ж, адзін з вучняў Ягоных, сказаў Яму: «Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці й пахаваць бацьку майго».
А Езус сказаў яму: Ідзі за мною і пакінь умерлым хаваць сваіх нябожчыкаў.
Але Ісус сказаў яму: «Ідзі за Мною й пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў».
І калі ён увайшоў у лодку, паўходзілі за ім і вучні ягоныя.
І калі Ён увайшоў у човен, за Ім пайшлі вучні Ягоныя.
І вось усхадзілася вялікая бура на моры, аж лодку хвалі залівалі, а ён спаў.
І вось усхадзілася вялікая навальніца на моры, аж хвалі пачалі заліваць човен; Ён-жа спаў.
Тады прыступілі да яго вучні і збудзілі яго, кажучы: ратуй нас Усеспадару, гінем!
І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе, ратуй нас, гінем!»
І кажа ім Езус: Чаго вы гэтак баіцеся, малаверлівыя? Тады ўстаўшы, загадаў вятром і мору й зрабілася вялікая цішыня.
І кажа ім: «Чаго такія баязьліўцы, малаверы?» Тады ўстаў, забараніў вятром і мору, і зрабілася вялікая ціша.
І, дзівячыся, людзі гаварылі: Хто ён такі, што і вятры і мора слухаюць яго?
А людзі дзівіліся й гаварылі: «Кім Ён ёсьць, калі ветры й мора паслушныя Яму?»
Калі-ж пераплыў на другі бераг у краіну Гэразэнаў, насустрэч яму выбеглі з магілаў два маючыя дзябальства, вельмі лютыя, так што ніхто не адважваўся прайходзіць тою дарогай.
І калі Ён прыбыў на другі бераг, у краіну Гергесінскую, насустрач Яму выйшлі з магілаў двое апанаванных злыдухам, такія лютыя, што ніхто не адважваўся хадзіць той дарогай.
І вось яны закрычалі: што табе да нас, Езусе, Сыне Божы? Прыйшоў ты сюды перадчасна мучыць нас?
І вось яны закрычалі, кажучы: «Што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды перадчасна мучыць нас».
А недалёка ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
Воддаль-жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
Дык чэрці прасілі яго: Калі згэтуль нас выганяеш, пашлі нас ў гэны гурт сьвіней.
І злыдухі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганіш нас, дык пашлі нас у чараду сьвіньней».
І сказаў ім: Ідзеце. Яны-ж, выйшаўшы, ўвайшлі ў свінне. І вось усенькі гурт кінуўся стрымгалоў у мора і захлынуўся вадою.
І сказаў ім: «Ідзеце». Яны, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіньні; і вось, увесь гурт сьвіньней рынуўся з крутога берагу ў мора, і затануў у вадзе.
Пастухі-ж паўцякалі й, прыйшоуўшы ў горад, расказалі аб усім ды аб тых, што мелі нячысьцікаў.
Пастухі-ж зьбеглі, і, прыйшоўшы ў места, расказалі пра ўсё, і пра тых, апанаваных злыдухамі.
І вось увесь горад выйшаў насустрэч Езусу ды, ўбачыўшы яго, прасілі, каб адыйшоў ад іхніх рубяжоў.
І вось усё места выйшла насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў за межы іхныя.