Мацьвея 9 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І ўвайшоўшы ў лодку, пераплыў назад і прыйшоў у свой горад.
І ўвайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у места Сваё.
І вось прынясьлі к яму спараліжаванага, ляжачага на пасьцелі. А Езус, бачачы іхню веру, сказаў паралітыку: Надзейся, сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.
І вось прынясьлі да Яго спараліжаванага, паложанага на пасьцелі; Ісус, бачачы веру іх, сказаў спараліжаванаму: «Бадзёрся, сыне! Выбачаюцца табе грахі твае».
Тады некаторыя з кніжнікаў сказалі самы ў сабе: Ён блюзьніць.
Некаторыя-ж кніжнікі падумалі самі ў сабе: Ён блюзьнерыць.
Езус-жа, бачачы іхнія думкі, сказаў: Чаму вы думаеце благое ў сэрцах вашых?
Ісус-жа, ведаючы помыслы іхныя, сказаў: «Навошта трымаеце злыя думкі ў сэрцах вашых?
Што бо лягчэй сказаць: «Адпушчаюцца табе грахі твае», ці сказаць: «Устань ды хадзі»?
Бо што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе грахі твае, ці устань ды хадзі.
Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — тады кажа спараліжаванаму: Устань, вазмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой.
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — сказаў спараліжаванаму: “Устань, вазьмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой”».
І ўстаў ды пайшоў у дом свой.
І той устаў, узяў пасьцель сваю й пайшоў у дом свой.
Грамады-ж, бачачы гэта, праняліся страхам і славілі Бога, які даў людзям такую ўладу.
Народ-жа, бачыўшы гэтае, дзівіўся й славіў Бога, даўшага такую сілу людзям.
І калі Езус ішоў адтуль, убачыў чалавека, сядзячага ля куноймітні, імянем Матауш. І сказаў яму: Ідзі за мною. І ён, устаўшы, пайшоў за ім.
Пераходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, званага Мацьвей, які сядзеў на месцы збору мытнага, і кажа яму: «Ідзі за Мною». І ён устаў, і пайшоў сьледам за Ім.
І здарылася, калі ён сядзеў за сталом у доме, вось многія кунойміты й грэшнікі, прыйшоўшы, паселі за стол з Езусам і вучнямі ягонымі.
І калі Ісус сядзеў за сталом у доме, вось многія мытнікі й грэшнікі прыйшлі й селі за стол зь Ім і вучнямі Яго.
А, бачачы гэта, фарызэі казалі вучням ягоным: Чаму з грэшнікамі й куноймітамі есьць ваш вучыцель?
І, бачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: «Чаму Настаўнік ваш есьць і п’е з мытнікамі й грэшнікамі?»
Езус-жа, пачуўшы, сказаў: Ня трэба здаровым лекара, але хворым.
Ісус-жа, пачуўшы, сказаў ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя.
Ідзецеж і навучэцеся, што значыць: «Міласэрдзя хачу, а не ахвяры». Бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.
Пайдзеце-ж навучэцеся, што значыць — міласьці хачу, а не ахвяры; ня прыйшоў бо Я прызываць праведнікаў, але грэшнікаў на пакаяньне».
Тады прыступіліся да яго вучні Янавы, кажучы: Чаму мы і фарызэі часта посьцім, а твае вучні ня посьцяць?
Тады прыступілі да Яго вучні Янавы, і кажуць: «Чаму мы й фарысеі часта посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?
І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць сумаваць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Во, як прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога — тады пасьціцімуць.
І сказаў ім Ісус: «Ці-ж могуць сумаваць сыны бяседы шлюбнае, пакуль зь імі жаніх? Але настануць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць.
Адыж ніхто на старую вопратку не кладзе латы сукна сырога, яна бо рве вопратку й робіцца горшая дзіра.
Ніхто-ж не прышывае латкі з тканіны суравое да старое адзежыны, бо новапрышытае аддзярэцца, і дзіра будзе яшчэ большая.
І ня ўліваюць новага віна ў мяхі старыя, ато мяхі прарвуцца й віно разліваецца й мяхі прапашчыя. Але новае віно ўліваюць у мяхі новыя, дык уцалее й адно й дрогое.
Таксама не ўліваюць віна новага ў мяхі старыя, бо мяхі парвуцца, і віно выцячэ, і мяхі зьнішчацца; але новае віно ўліваецца ў мяхі новыя — і захоўваецца адно й другое».
Калі ён гаварыў ім гэта, вось падыйшоў адзін старшы і кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, дачка мая толькі-што памерла, але прыйдзі, ўзлажы на яе руку тваю і будзе жыць.
Калі Ён гаварыў да іх гэтае, вось начальнік адзін падыйшоў і, кланяючыся Яму, прамовіў: «Дачка мая цяпер умірае, але прыйдзі, узлажы на яе руку Тваю, і яна жывой будзе».
І, ўстаушы, пайшоў за ім Езус і вучні ягоны.
І, ўстаўшы, пайшоў за ім Ісус і вучні Ягоныя.
І вось жанчына, што дванаццаць год хварэла на крывацечу, падыйшла ззаду й дакранулася да краю вопраткі ягонай.
І вось, жанчына, хворая на крывяцечу ўжо 12 гадоў, падыйшла ззаду й дакранулася да краю вопраткі Яго.
Казала бо сама сабе: як дакрануся да яго вопраткі, буду здарова.
Бо яна думала сабе: як толькі дакрануся да вопраткі Яго — ачуняю.
А Езус, абярнуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: Надзейся, дачка, вера твая цябе ўратавала. І жанчына стала здаровай ад тае гадзіны.
Ісус-жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Мацуйся, дачка, вера твая выбавіла цябе». І жанчына стала здаровай з тэй часіны.
І калі прыйшоў Езус у дом старшага ды ўгледзеў жалейнікаў і галосячую сумятніў, сказаў
І калі Ісус прыйшоў у дом начальніка і ўбачыў жалейнікаў і народ у вялікім хваляваньні,
Адступецеся, дзяўцынка бо ня ўмерла, толькі спіць. І насьмяхаліся з яго.
Ён сказаў ім: «Адыйдзецеся, дзяўчына не памерла, але сьпіць». І зьняважліва сьмяяліся над Ім.
Калі-ж выправілі народ, увайшоў, узяў яе за руку — і дзяўчынка устала.
Калі-ж народ адправілі, Ён увайшоў, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.
І разыйшлася аб гэтым чутка па ўсёй той краіне.
І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй краіне той.
А калі Езус прайходзіў адтуль, ішло за ім двух сьляпых і крычала кажучы: Зжалься над намі, Сыне Давідавы!
Калі Ісус адыходзіў адтуль, за Ім ішлі два сьляпыя й голасна ўсклікалі, прамаўляючы: «Зьмілуйся над намі, Ісусе, Сыне Давідаў!»
А як увайшоў у дом, прыступіліся да яго сьляпыя. І кажа ім Езус: Ці верыце вы, што я вам магу гэта зрабіць? Кажуць яму: Але, Усеспадару.
Калі-ж Ён прыйшоў у дом, яны прыступіліся да Яго. І кажа ім Ісус: «Ці верыце, што Я магу гэта зрабіць вам?» Яны-ж кажуць Яму: «Так, Госпадзе».
Тады дакрануўся да іхніх вачэй і гавора: Хай вам станецца паводле веры вашай.
Тады Ён дакрануўся да вачэй іхных і сказаў: «Па веры вашай няхай станецца вам».
І адчыніліся вочы іх. А Езус прыгразіў ім, кажучы: Глядзеце-ж, каб ніхто ня ведаў.
І адчыніліся вочы іхныя; Ісус-жа цьвёрда прыгаварыў ім: Глядзеце, каб ніхто не даведаўся».
Яны-ж, выйшаўшы, расславілі яго па ўсёй той краіне.
А яны, выйшаўшы, разьнесьлі славу пра Яго па ўсёй краіне.
Калі-ж тыя выйшлі, вось прывялі да яго нямога чалявека, маючага дзябальства.
Калі-ж тыя выйходзілі, прывялі да Яго чалавека нямога, які меў злога духа.
І як-толькі быў выгнаны дзябал, нямы прагаварыў, а грамада дзівілася, гаворачы: ніколі ня бывала гэтага ў Ізраэлю.
І калі злы дух выгнаны быў, загаварыў нямы; і народ дзівіўся, кажучы: «Ніколі не бывала гэткага ў Ізраілю».
А фарызэі гаварылі: Ён выганяе дзяблаў сілай князя дзябальскага.
А фарысеі гаварылі: «Ён выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага».
І хадзіў Езус па ўсіх гарадох і вёсках, навучаючы ў іхніх бажніцах ды абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хворасьць і ўсякую немач.
І хадзіў Ісус па ўсіх местах і вёсках, навучаючы ў сынагогах іхных, абвяшчаючы Евангельле Ўладарства й ацаляючы людзей ад усякіх нядугаў й ўсякае немачы іх.
Гледзячы-ж на грамады шкадаваў іх, былі бо зняможаны й ляжалі, як авечкі, ня маючыя пастыра.
І гледзячы на вялікія зборышчы людзей, зжалішся над імі, бо былі яны разгубленыя й бязрадныя, як авечкі без пастуха.
Тады сказаў сваім вучням: Жніва-то вялікае, да работнікаў мала,
Тады сказаў вучням Сваім: «Жніва вялікае, а працаўнікоў мала.
дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво.
Дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніва сваё».