Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

1 да Тыматэя прадмова 1 да Тыматэя прадмова

Слова да чытача

Беларуская Праграма Радыё Ватыкан з радасьцю прадастаўляе свой патранат для выданьня ў Беларусі «Лістоў Апостала Паўла да Тыматэя» ў беларускім перакладзе монсіньёра Пятра Татарыновіча, заснавальніка і першага дырэктара Праграмы, выдатнага каталіцкага сьвятара лацінскага абраду, 30-я ўгодкі сьмерці якога прыпадаюць 3 верасьня 2008 г.

Гэтае выданьне — у Годзе Апостала Паўла — знак ушанаваньня душпастырскай руплівасьці і жаданьня монс. Пятра абвяшчаць Слова Божае сваім суайчыньнікам на роднай мове.

Плёнам гэтай руплівасьці зьяўляюцца выдадзеныя лацінкай, з дазволу Царкоўных Уладаў, у Рыме ў Беларускім Рэлігійным Выдавецтве «Зьніч» (Roma, v. Trionfale 6415), беларускія пераклады выбраных кнігаў Новага Запавету: «Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі» (Рым 1954) ды «Лісты сьвятых Апосталаў» (Рым 1974). (Яшчэ раней яны друкаваліся як дадатак да часопісу «Зьніч»).

Пасьля амаль 35 гадоў «Лісты Апостала Паўла да Тыматэя» (у рымскім выданьні яны зьмешчаныя на стар. 327−354) выдаюцца ўпершыню ў Беларусі ў кірылічнай транслітэрацыі. Беларуская кірылічная транслітэрацыя захоўвае лексіку ды стыль монс. Пятра Татарыновіча (напрыклад слова Эклезія на азначэньне Царквы) і т.п.

Але выданьне ў Беларусі — у 30-я угодкі сьмерці Перакладчыка — «Лістоў да Тыматэя» не зьяўляецца толькі падзеяй культурнага плану.

Гэтае выданьне накіраванае галоўным чынам да беларускай моладзі — у Беларусі і ў Замежжы — і хоча данесьці да іх плод апостальскай працы выдатнага беларускага каталіцкага сьвятара ды заахвоціць беларускую моладзь чытаць Слова Божае на роднай мове.

а. Клаўдзій Робінэ, SJ
кіраўнік Беларускай Праграмы
Радыё Ватыкан
Рым, 3 верасьня 2008 г.



Лісты да Тыматэя называюцца пастырскімі, таму што зьмяшчаюць павучэньні пастырам эклезіяльным. Кананічнае значэньне іхняе пацьвярджаецца стараветнымі сьпіскамі Новага Запавету раньніх перакладаў, цытаванымі ў сьв. Ірінэя і Оріхінэса.

Тыматэй, сын Юдэйкі веручай і бацькі Грэка, выслухаўшы ў Лістры навучаньне Паўла, аддаўся Збавіцелю ўсёй душою. Апостал на пачатку свае другое падарожы паўторна адведаў Лістру Лякоонскую й тады прыцягнуў юнака да ўдзейніцтва ў навучаньні, і, выходзячы з гэнага места, узяў яго з сабою (Ап. Дз. 16:1−3). Ад тае пары Тыматэй суправаджаў Паўла ўсюды, выконваючы, паміма свае малалетнасьці, адказныя паручэньні для Тэсалёнцаў, Карынтцаў, Філіпійцаў ды Гэбрэеў. Падчас паездкі свае, пасьля вызваленьня зь першага свайго ўвязьненьня рымскага, у Эфэз на Усход з Тыматэем, Ап. Павал назначае яго біскупам у Эфэзе; але цераз год ці паўтара, будучы другі раз увязьненым у Рыме, заклікае свайго ўлюбленага сына духоўнага туды к сабе на візыту, якая ўжо мела быць апошняй. Пасьля Паўлавай сьмерці ў 67 годзе, Тыматэй вярнуўся ў Эфэз. І, праўдападобна, памёр мучаніцкай сьмерцяй, як і ягоны вучыцель.

У Лісьце, відаць у 65 годзе напісаным, паказана, што Эфэз. Гэрархія ўжо папоўнілася; але нахлынулі на гэты знатны горад потым блуднавучыцялі розные ўзаемаспрэчные, баламуцячые хрысьціянскую грамаду. Гэта, зрэштай, яшчэ ў 58 годзе Апостал з сумам прадбачваў. Вернаму гэройскаму вучаніку Паўлаваму выпала цяжкая задача: няўпынна бараніць паручану яму аўчарню ад блуднаверлівага хіжацтва (Ап. Дз. 20:29−30).

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст св.Паўла да Тыматэя, уступ

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.