Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2003

Лукі 3 Паводле Лукі 3 разьдзел

1 На пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцкі Пілат кіраваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Піліп — тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісанія — тэтрархам Абіліны,
2 пры першасвятарах Анну і Кайфу было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
3 І прайшоў ён усю зямлю вакол Ярдана, прапаведуючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў,
4 як напісана ў кнізе прамоў Ісаі прарока: «Голас лямантуючага ў пустыні: рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму.
5 Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі,
6 і ўбачаць усе канцы свету збаўленне Бога нашага».
7 І натоўпам, што прыходзілі да яго атрымаць хрост, гаварыў: «Змяінае племя, хто заверыў вас, што ўсцеражэцеся будучага гневу?
8 Чыніце належныя плады навяртання, і перастаньце хваліцца між сабой: «Маем бацьку Абрагама»; кажу вам, што Бог можа з гэтых каменняў падняць сыноў Абрагаму.
9 Ужо вось сякера прыстаўлена да карэнняў дрэў, кожнае дрэва, што не дае добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь».
10 Дык пыталіся ў яго натоўпы: «Што тады маем рабіць?»
11 Адказваючы, ён гаварыў ім: «Хто мае дзве вопраткі, хай дасць таму, хто не мае. І хто мае ежу, хай зробіць падобна».
12 Прыходзілі таксама мытнікі, каб атрымаць хрост, і яны сказалі яму: «Вучыцелю, што мы маем рабіць?»
13 А ён ім сказаў: «Нічога не рабіце больш таго, што вам прызначана».
14 Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А што мы маем рабіць?» А ён ім казаў: «Нікога не біце, не нагаворвайце і будзьце задаволены сваёю платаю».
15 А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам не Хрыстос,
16 Ян адказваў, кажучы ўсім: «Я хрышчу вас вадою. Але прыйдзе дужэйшы ад мяне, Катораму я не варты развязаць рамень Яго пасталоў. Ён будзе вас хрысціць Духам Святым і агнём.
17 Ён трымае ў руцэ Сваёй веялку і ачысціць ток Свой, ды збярэ пшаніцу ў свіран Свой, а салому спаліць у агні незгасальным».
18 Многаму таксама іншаму навучаючы, абвяшчаў народу добрую вестку.
19 Але Ірад, тэтрарх, які дакараўся Янам дзеля Ірадыяды, жонкі брата яго, ды дзеля іншых ліхіх учынкаў, якія ўчыніў Ірад,
20 дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яна ў вязніцу.
21 І сталася, калі ўвесь народ хрысціўся, і Ісус быў ахрышчаны і маліўся, адкрылася неба,
22 і Дух Святы цялесна ў выглядзе галуба сышоў на Ісуса. І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Табе Маё ўпадабанне».
23 Ісус меў каля трыццаці гадоў, калі пачынаў Сваё служэнне, і быў, як лічылася, сынам Язэпа, сына Гэлі,
24 сына Матата, сына Леві, сына Мэльха, сына Яны, сына Язэпа,
25 сына Мататыі, сына Амоса, сына Нагума, сына Эсля, сына Нагі,
26 сына Магата, сына Мататыі, сына Сэмэя, сына Язэха, сына Ёды,
27 сына Яна, сына Рэсы, сына Зарабабэля, сына Салатыэля, сына Нэра,
28 сына Мэльха, сына Адыя, сына Касама, сына Эльмадама, сына Эра,
29 сына Ешуа, сына Эліязара, сына Ярыма, сына Матата, сына Левія,
30 сына Сімяона, сына Юды, сына Язэпа, сына Ёны, сына Эліякіма,
31 сына Мэлея, сына Мэнны, сына Матата, сына Натана, сына Давіда,
32 сына Ясэя, сына Абэда, сына Боаза, сына Салы, сына Нагасона,
33 сына Амінадаба, сына Адміна, сына Арні, сына Хэцрона, сына Пэрэса, сына Юды,
34 сына Якуба, сына Ізаака, сына Абрагама, сына Тэраха, сына Нахора,
35 сына Сэруга, сына Рагава, сына Пэлега, сына Гэбэра, сына Сэлаха,
36 сына Кенана, сына Арпаксада, сына Сэма, сына Ноя, сына Ламэха,
37 сына Мэтусалаха, сына Гэноха, сына Ярэда, сына Малаліэля, сына Кенана,
38 сына Эноса, сына Сэта, сына Адама, сына Божага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.