1 І гаворыць Ён вучням Сваім: «Немагчыма, каб не прыйшлі згаршэнні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.
2 Лепш было б яму, каб павесіць яму жоран млынавы на шыю ды ўкінуць у мора, чым бы ён згоршыў аднаго з малых гэтых.
3 Сачыце за сабой! Калі брат твой саграшыў супраць цябе, насварыся на яго, і, калі навернецца, адпусці яму.
4 І, калі б сем разоў на дзень саграшыў адносна цябе і сем разоў звярнуўся да цябе, кажучы: «Каюся за гэта», — адпусці яму».
5 І сказалі апосталы Госпаду: «Павяліч нам веру».
6 А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, дык сказалі б гэтаму дрэву морвы: «Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора», і яно паслухала б вас.
7 А хто з вас, маючы слугу аратага або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: «Ідзі хутчэй за стол»?
8 І ці не скажа: «Прыгатуй мне вячэру і падперажыся ды паслугуй мне, пакуль буду есці і піць, а потым ты будзеш есці і піць»?
9 Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадана?
10 Так і вы, калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: «Слугі мы нічым не пазарадныя; што павінны былі зрабіць, зрабілі».
11 І сталася, калі ішоў Ён у Ерузалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
12 І калі ўваходзіў у адно паселішча, перанялі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія сталі здалёк
13 і крычалі ўголас, кажучы: «Ісусе, Вучыцель, памілуй нас!»
14 Ён, як убачыў іх, сказаў: «Ідзіце, пакажыцеся вашым святарам». І сталася, што, калі яны ішлі, ачысціліся.
15 Адзін жа з іх, як аглядзеўся, што стаў здаровы, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
16 і паў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму; а быў ён Самаранін.
17 І, адказваючы, Ісус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? І дзе ж дзевяць?
18 Не знайшоўся з іх ніхто, хто б вярнуўся, каб аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага чужынца?»
19 І гаворыць яму: «Устань, ідзі: вера твая выратавала цябе».
20 І, запытаны фарызеямі, калі надыдзе Валадарства Божае, адказваючы, сказаў ім: «Валадарства Божае не прыйдзе відавочна
21 і не скажуць: «Вось тут» або: «Там»; вось жа Валадарства Божае ўнутры вас ёсць».
22 І гаворыць вучням: «Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага і не ўбачыце.
23 І скажуць вам: «Вось тут» , «Вось там»; не ідзіце і не шукайце.
24 Бо, як маланка, ззяючы з-пад неба, асвятляе тое, што пад небам, такім будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25 Але трэба, каб Ён перш многа перацярпеў ды быў адкінуты гэтым пакаленнем.
26 І як сталася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:
27 елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у арку, і прыйшоў патоп, і выгубіў усіх.
28 Падобна, як сталася ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
29 аж у дзень, калі Лот выйшаў з Садома, паліліся з неба дажджом агонь ды серка і выгубілі ўсіх.
30 Так будзе ў дзень, калі Сын Чалавечы аб’явіцца.
31 У той дзень, хто будзе на даху, а прылады яго дома, хай не сыходзіць, каб іх забраць; і хто на полі, хай таксама не вяртаецца.
32 Памятайце пра жонку Лота.
33 Калі б хто стараўся душу сваю зберагчы, загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
34 Кажу вам: у тую ноч будуць удвух на адным ложку: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
35 дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута». (36)
37 Адказваючы Яму, яны кажуць: «Дзе, Госпадзе?» А Ён сказаў ім: «Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 17 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
