Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2003

Лукі 15 Паводле Лукі 15 разьдзел

1 Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго.
2 І наракалі фарызеі і кніжнікі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».
3 І распавядае ім тады для параўнання, кажучы:
4 «Ці ёсць між вамі чалавек, які мае сто авечак, і, калі б згубіў адну з іх, ці ж ён не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за той, што прапала, пакуль яе не знойдзе?
5 І, калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.
6 І, прыйшоўшы, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Павіншуйце мяне, бо я адшукаў авечку маю, якая была прапала».
7 Кажу вам: такая будзе радасць на небе дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца; большая, чым дзеля дзевяноста дзевяці справядлівых, якім не патрэбна навяртанне.
8 Або жанчына, якая мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці не паліць свечкі і ці не мяце ў хаце ды не шукае рупліва, аж пакуль не знойдзе?
9 А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы: «Павіншуйце мяне, бо я знайшла драхму, якую згубіла».
10 Так кажу вам: будзе радасць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца».
11 І гаворыць далей: «Адзін чалавек меў двух сыноў.
12 І маладзейшы з іх сказаў бацьку: «Айцец, дай мне частку маёмасці, што мне належыць». І раздзяліў паміж імі маёмасць.
13 І праз некалькі дзён маладзейшы сын, забраўшы ўсё, выправіўся ў далёкую краіну і пралайдачыў там сваю маёмасць, жывучы марнатраўна.
14 І, калі растраціў усё, настаў вялікі голад у той краіне, ды і сам ён пачаў галадаць.
15 Дык пайшоў і прымкнуў да аднаго з грамадзян той краіны, і той паслаў яго на сваё поле пасвіць свінняў.
16 І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі свінні, але ніхто яму не даваў.
17 І, разважыўшы гэта, сказаў: «Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю.
18 Устану і пайду да бацькі майго ды скажу яму: «Айцец, саграшыў я перад небам і перад табой,
19 і ўжо не варты называцца тваім сынам; учыні мяне адным з парабкаў сваіх».
20 І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька яго ўбачыў яго і, узрушаны міласэрнасцю, пабегшы, кінуўся на шыю яго, і цалаваў яго.
21 Сын жа сказаў яму: «Айцец, я саграшыў перад небам і перад табой; і ўжо не варты называцца сынам тваім».
22 І сказаў бацька слугам сваім: «Хутка прынясіце найлепшую столу і ўздзеньце на яго, і дайце яму пярсцёнак на палец яго і пасталы на ногі,
23 і прывядзіце кормнае цяля, забіце і будзем есці і баляваць,
24 бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся». І пачалі весяліцца.
25 А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыходзіў да дому, пачуў музыку і скокі,
26 і паклікаў аднаго слугу ды спытаўся, што гэта здарылася.
27 А той сказаў яму: «Брат твой прыйшоў, дык бацька твой забіў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровага».
28 Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў яго ўпрошваць.
29 А ён, адказваючы, сказаў бацьку свайму: «Я вось столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі не даў казляці, каб я павесяліўся з сябрамі сваімі.
30 А пасля таго як вярнуўся гэты сын твой, што прамантачыў з распусніцамі маёмасць тваю, дык забіў ты яму кормнае цяля».
31 А Ён сказаў яму: «Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё — тваё.
32 Трэба ж аднак радавацца і баляваць, бо брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.